Гісторыя77

Як паміраў венесуэльскі сябар Лукашэнкі Уга Чавес

Закрытасць і імкненне да вечнага кіравання аўтарытарных рэжымаў прыводзяць да таго, што цяжкая хвароба ці смерць лідара ператвараюцца ў дзяржаўную таямніцу — гэта ў сваю чаргу спараджае мноства чутак і тэорый.

Аляксандр Лукашэнка (злева) і Уга Чавес. Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Доўгі час адносіны паміж Беларуссю і Венесуэлай фактычна адсутнічалі. Аднак з 2006 года сітуацыя рэзка змянілася. У гэтым годзе ўпершыню прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес наведаў Беларусь. Чавес, які атрымаў уладу ў адной з самых заможных краін Лацінскай Амерыкі, меў месіянскія жаданні. Ëн хацеў славы новага Фідэля Кастра і статуса лідара сусветнага маштабу. Венесуэла для яго была замалая. Ëн не шкадаваў нафтавых грошай, каб купляць уплыў у розных краінах. Мінск гэта тонка адчуў.

Паміж Чавесам і Аляксандрам Лукашэнкам, які таксама бадаўся з Захадам і зрабіў стаўку на Маскву, завязаліся цёплыя сяброўскія адносіны, якія пацягнулі за сабой актыўную супрацу краін у многіх сферах. Венесуэльскі лідар наведваў Беларусь з таго моманту штогод — у 2007, 2008, 2009 і 2010 гадах. Лукашэнка рабіў візіты ў адказ у 2007 і 2010 гадах. 

Лукашенко и Чавес в трусах
Аляксандр Лукашэнка ўсяляк падладжваўся пад Уга Чавэса, нават пагадзіўся даць інтэрв'ю ў трусах на пляжы. Скрыншот з відэа

У 2011 годзе «вялікі сябар Беларусі», як тады празвалі Чавеса, ужо не змог наведаць нашу краіну па стане здароўя. У маі ў яго нечакана пачалося запаленне левага калена, траўмаванага ў маладосці пры няўдалым прызямленні з парашутам. Чавес быў вымушаны больш за два тыдні прытрымлівацца пасцельнага рэжыму і нават карыстацца мыліцамі. Пасля ён выправіўся ў працоўную паездку па Лацінскай Амерыцы, але нечакана скончыў сваё турнэ ў пачатку чэрвеня на Кубе, у Цэнтры медыцынскіх хірургічных даследаванняў, дзе быў праапераваны выяўлены ўнутрытазавы абсцэс (гнойнае запаленне). У часе аперацыі, якая суправаджалася моцным крывацёкам, хірургі выявілі злаякасную пухліну, якую тэрмінова выдалілі.

У канцы таго ж месяца Чавес выступіў перад народам, паведаміўшы пра свае аперацыі. У ліпені прэзідэнт ужо вярнуўся ў Каракас. Аднак яму патрабаваўся працяг лячэння, і ён узяў адпачынак на 180 дзён на «асабістыя мэты надзвычайнага характару». Свае рэгулярныя візіты на Кубу Чавес здзяйсняў за дзяржаўны кошт, што абурала апазіцыю, якая лічыла, што ён больш няздольны кіраваць краінай па стане здароўя. У адказ Чавес паабяцаў, што ў выпадку зніжэння сваіх магчымасцей і няздольнасці кіраваць дзяржавай ён першым заявіць аб гатоўнасці выканаць палажэнні Канстытуцыі і сыдзе ў адстаўку.

У канцы лета ён казаў, што «знаходзіцца ў працэсе адраджэння і духоўнага абнаўлення», а ў праблемах са здароўем вінаваціў тое, што ўзваліў на сябе шмат дзяржаўных абавязкаў, а трэба было перадаваць паўнамоцтвы на іншыя ўзроўні.

Відаць, разумеючы пагаршэнне стану Чавеса, прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле перанеслі з 7 кастрычніка на 13 верасня. Сам Чавес на публіцы бадзёрыўся і імкнуўся паказаць, што ён ідзе на папраўку. Але ўжо ў канцы верасня ў СМІ пачала з’яўляцца інфармацыя пра тое, што венесуэльскі лідар страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў бальніцу. Усе публічныя заявы такога кшталту Чавесу даводзілася абвяргаць дэманстрацыяй сваіх фізічных здольнасцей. 

На прэзідэнцкіх выбарах Чавес перамог, набраўшы 54,42% галасоў. У кастрычніку доктар Сальвадор Наварэтэ, які выехаў з краіны і сцвярджаў, што з 2002 года займаўся лячэннем венесуэльскага прэзідэнта, паведаміў у інтэрв’ю мексіканскаму выданню, што Чавес хворы на саркому і жыць яму засталося не больш за два гады.

Венесуэльская прапаганда пачала актыўна абвяргаць словы доктара, выстаўляючы яго самазванцам. Уга Чавес, які да кастрычніка перажыў чатыры курсы хіміятэрапіі, нават паведаміў пра сваю канчатковую перамогу над ракам. Ён таксама заявіў, што хацеў сысці ў 2021 годзе, але калі апазіцыя сцвярджае, што ён памірае, то ён збіраецца кіраваць да 2031. Як пакажа далейшая гісторыя, апазіцыя мела рацыю.

Ужо ў лютым 2012 года Чавес заявіў, што яму патрэбная яшчэ адна аперацыя на тым жа месцы, адкуль была выдалена пухліна. Большую частку года венесуэльскі прэзідэнт правёў у пастаянных візітах у клініку на Кубе. У маі з’явілася інфармацыя, што Чавес хворы на надзвычай агрэсіўны тып злаякаснай пухліны — метастатычную рабдаміясаркому, і жыць яму засталося не больш за два месяцы. Аднак Чавес перажыў гэты тэрмін.

26 чэрвеня свайго венесуэльскага сябра, які пастаўляў у Беларусь нафту ў разгар чарговай «энергетычнай вайны» з Расіяй, апошні раз наведаў Аляксандр Лукашэнка. 

Апошняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавеса. 2012 год. Скрыншот з відэа

Апошнюю, чацвёртую за год, аперацыю Чавес перажыў 9 снежня. Паводле некаторых крыніц, у часе аперацыі ўзніклі ўскладненні і ён патрапіў у кому. Прынамсі, з гэтага часу ён больш не выступаў ні па тэлебачанні, ні па радыё. Пад канец месяца ўзніклі новыя ўскладненні. 4 студзеня 2013 года міністр інфармацыі Венесуэлы паведаміў, што стан прэзідэнта пагоршыўся праз цяжкую рэспіраторную інфекцыю.

Гісторыю пра хуткае вяртанне Чавеса на радзіму ў сваіх выступах падтрымліваў Эва Маралес, аўтарытарны кіраўнік суседняй Балівіі (адхілены ад улады ў выніку масавых пратэстаў у 2019 годзе). Аднак чуткі разносілі супрацьлеглую версію пра тое, што Чавес перажыў смерць галаўнога мозга і цяпер яго жыццё падтрымліваецца штучна. Каб абвергнуць чуткі, у сярэдзіне лютага венесуэльская прапаганда апублікавала фота Чавеса, які ляжыць у бальнічным ложку і трымае свежы нумар газеты. Удакладнялася, што пакуль ён не можа самастойна дыхаць і размаўляць.

У абстаноўцы строгай сакрэтнасці Чавеса перавезлі ў Венесуэлу 18 лютага. Каля шпіталя, у якім яго размясцілі, нават пабудавалі капліцу, дзе неабыякавыя грамадзяне маглі б памаліцца за яго здароўе.

Не дапамагло. Паводле афіцыйнай версіі, 5 сакавіка стан Чавеса пагоршаў, абвастрыліся праблемы з дыхальнай сістэмай, а ўжо ў 16:25 па венесуэльскім часе зарэгістравана смерць прэзідэнта ў выніку цяжкага інфаркту. Цікава, што ў гэты ж дзень калісьці афіцыйна канстатавалі смерць Іосіфа Сталіна, вакол якой бытуе нямала чутак і канспіралагічных тэорый.

Колькасць чутак вакол смерці камандантэ не нашмат меншая. У 2015 годзе былы ахоўнік прэзідэнта падпалкоўнік Леамсі Саласара заявіў, што Чавес сканаў яшчэ 30 снежня 2012 года, і нават назваў дакладны час — 19:32. Такім чынам, атрымлівалася, што больш як два месяцы ад імя ўжо памерлага прэзідэнта падпісваўся цэлы шэраг важных указаў і законаў. Гэта ставіла пад сумнеў законнасць прыходу да ўлады палітычнага пераемніка Чавеса — Нікаласа Мадура. У ліпені 2018 года былая генпракурорка Луіса Артэга Дыяс таксама заявіла пра смерць Чавеса за некалькі месяцаў да афіцыйнай даты. Магчыма, гэта проста інтрыгі апазіцыі, якой дагэтуль не ўдалося скінуць ненавісны рэжым, нягледзячы на масавыя пратэсты ў краіне і катастрафічную сітуацыю ў эканоміцы. Але гэтыя чуткі будуць жыць яшчэ доўга, бо трапляюць у самы нерв народа, які адмаўляе Мадура ў сваёй прыхільнасці і з настальгіяй успамінае не такія благія для іх па сённяшніх мерках часы кіравання Чавеса.

У Беларусі смерць аўтарытарнага лідара Венесуэлы была ўспрынята на дзяржаўным узроўні ледзь не як нацыянальная трагедыя. У краіне нават былі прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі, а Аляксандр Лукашэнка з малалетнім сынам Колем асабіста паляцеў на пахаванне сябра. 

Развітанне з Уга Чавесам. Аляксандр Лукашэнка з Колем — на фота злева. Фота: Wikimedia Commons

У канцы таго ж 2013 года рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў парку ў сталічным раёне Каменная Горка было прысвоена імя Уга Чавеса. Беларуская памяць пра колішняга шчодрага сябра, праўда, аказалася нядоўгай, бо за 10 гадоў, якія мінулі з таго часу, парк так і не быў добраўпарадкаваны ды патроху забудоўваецца з розных бакоў. Парослая бур’яном пустка імя Чавеса, мабыць, найлепш сімвалізуе сённяшні стан Венесуэлы, у якім яе пакінуў нашчадкам колішні лідар. А беларускі доўг у памеры 1,5 мільярда даляраў за нафту, пастаўленую ў цяжкі час Венесуэлай, так і застаўся нявыплачаны. 

Каментары7

  • feafania
    14.05.2023
    умка, у беларусаў не прынята дзяцей цягаць на пахаваньне. Гэта дурны знак для дзіцяці.
  • Дзеці лейтэнанта Маўродзі
    14.05.2023
    Паводле саўгаснай "улады", сябар - гэта той, у каго можна пазычыць, а ў патрэбны момант можна кідануць.
  • умка
    14.05.2023
    feafania, ён шмат быў там, дзе малому не месца. з 5 год на паседжаннях... пасля тэракту ў метро... у ААН... увогуле ўвесь час выкарыстоўваўся замест першай ледзі

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна плануе ў найбліжэйшыя дні выкарыстаць амерыканскую зброю вялікай далёкасці для ўдараў па Расіі

У партугальскім аэрапорце тыдзень не можа вылецець самалёт. З яго збеглі 130 хамякоў2

Алексіевіч пра рускую літаратуру: Сапраўднае мастацтва не адказвае за імперскія амбіцыі72

Сын Трампа назваў ідыётамі тых, хто даў дазвол на дальнабойныя ўдары па Расіі18

У Абхазіі паспрабавалі захапіць Дзяржтэлерадыёкампанію1

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто1

У Германіі і Аўстрыі за крадзяжы з крамаў затрымалі беларусаў

У выніку ўдару па Сумах дзесяць загінулых, паўсотні параненых1

Будучым канцлерам Германіі можа стаць мультымільянер. Што гэта будзе значыць для Еўропы?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Галоўнае
Усе навіны →