«Беларуснафта» пабудуе свой завод па вытворчасці кварцавага пяску
Кампанія «Беларуснафта» ў рамках імпартазамяшчэння бярэцца пабудаваць у Маларыцкім раёне ўласны горна-ўзбагачальны камбінат па вытворчасці фракцыйнага кварцавага пяску, піша Tochka.by.
Гэты інвестыцыйны праект, як мяркуецца, дазволіць зладзіць вытворчасць фракцыйнага кварцавага пяску для правядзення аперацый гідраразрыву пласта. А гэта, у сваю чаргу, спатрэбіцца пры распрацоўцы айчынных нетрадыцыйных радовішчаў.
Як растлумачыў начальнік упраўлення свідравінных тэхналогій і сэрвісу кампаніі «Беларуснафта» Дзяніс Закружны, штогод колькасць аперацый гідраўлічнага разрыву пласта ўзрастае, і цяпер кампанія выйшла на рэкордныя паказчыкі.
«Гэта асабліва актуальна для нетрадыцыйных запасаў I-III пластоў Рэчыцкага радовішча. Асноўны матэрыял, які выкарыстоўваецца пры правядзенні гідраўлічнага разрыву пласта, — прапант і пяскі, якія набываюцца за межамі краіны», — растлумачыў Закружны.
Праз будаўніцтва новага завода пад Маларытай гэты працэс спадзяюцца зрабіць больш танным.
Цяпер, як паведамляецца, ідзе паэтапны працэс распрацоўкі праектнай дакументацыі, праходжання экспертыз, пастаўкі абсталявання з Кітая. Пясок, прыдатны пасля ўзбагачэння для выкарыстання на нафтавых радовішчах пад Рэчыцай, у беларускіх кар'ерах нібыта знайшлі.
Каментары