Лідар прарасійскай партыі Малдовы адкрыта абвінаваціў Расію ў развязванні вайны супраць Украіны
«Чаму я кажу пра гэта ўпершыню? Ды таму, што раней Малдова была больш уразлівай з-за супрацьстаяння магутных сусветных сіл. Наша фракцыя, у сваю чаргу, заняла больш мудрую і адказную пазіцыю».
Старшыня прарасійскай фракцыі «Блок камуністаў і сацыялістаў» у Малдове Улад Батрынча заявіў, што Расія вінаватая ў развязванні вайны супраць Украіны. Словы палітыка прагучалі ў ягоным інтэрв'ю малдаўскаму выданню Vocea Basarabiei, якое было апублікавана 15 чэрвеня.
«Блок камуністаў і сацыялістаў» звязаны з экс-прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Лідар фракцыі Батрынча пры гэтым упэўнівае, што ні ён, ні ягоныя людзі не падтрымліваюць вайну.
Адказваючы на пытанне журналіста, чаму ён вырашыў упершыню прызнаць віну Расіі за развязванне канфлікту ва Украіне, Батрынча адзначыў, што раней для такога прызнання ў Малдове былі «неспрыяльныя ўмовы».
«Так, Расія вінаватая ў гэтай вайне. Гэтак жа, як і іншыя ўплывовыя краіны свету. У нашай фракцыі даўно асуджаюць вайну і заклікаюць да міру, аднак мы не абавязаныя аб гэтым заяўляць публічна на кожным кроку, як гэта робіць наш урад. Няўжо такія заявы дапамогуць Украіне ці нашай Малдове, асабліва калі тая была ў больш уразлівым становішчы праз суперніцтва сусветных сіл?» — сказаў лідар камуністаў і сацыялістаў Малдовы Улад Батрынча.
Палітык таксама дадаў, што вайна ва Украіне — гэта трагедыя, якую трэба тэрмінова спыніць, а не падмацоўваць «мілітарысцкую рыторыку» з абодвух бакоў канфлікту.
Нагадаем, што дзейнае кіраўніцтва Малдовы актыўна падтрымлівае Украіну ў вайне з Расіяй, а народ краіны ў большасці сваёй імкнецца да еўраінтэграцыі.
Такая тэндэнцыя вельмі не задавальняе Расію, якая распрацоўвае планы па вяртанні Малдовы ў сваю сферу ўплыву і робіць для гэтага розныя дзеянні.
Каментары