У Варшаве пройдзе першы нефармальны з’езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў
З’езд адбудзецца 18-20 жніўня. Belarusian Filmmakers’ Network ладзiць гэтае мерапрыемства «з мэтай аб’яднання беларускіх кінематаграфістаў у адзіную супольнасць для далейшай працы над стварэннем агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно».
Мерапрыемства адбудзецца ў фармаце BarCamp — своеасаблівай антыканферэнцыі, якая прадугледжвае актыўны ўдзел беларускіх кінематаграфістаў з розным досведам і спецыялізацыяй. Праграму з’езда ўдзельнiкi вызначаюць самастойна: можна прапанаваць тэму для абмеркавання i ўдзельнiчаць у працы секцый, паведамляе «Будзьма».
На думку арганізатараў, з’езд дае ўнікальную магчымасць абмяняцца досведам, а таксама знайсцi падтрымку для сваіх праектаў. Адзінае патрабаванне — быць гатовым да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах з’езда.
Чакаецца, што на з’езд прыедуць прафесіяналы кінаіндустрыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і прадстаўнікі міжнародных арганізацый у сферы кінавытворчасці.
Нефармальны з’езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў пройдзе пры партнёрскай падтрымцы Imaguru.
Для ўдзелу трэба падаць заяўку да 16 лiпеня ўключна. Пра вынікі адбору будзе паведамлена не пазней за 20 лiпеня.
Каментары