За «пікетаванне ў сацсетках» пакаралі вялікім штрафам манцёра з Коханава
Суддзя суда Талачынскага раёна Наталля Барысавец за правядзенне «не дазволенага ўладамі пікетавання ў сацыяльных сетках» аштрафавала на 2590 рублёў электраманцёра Віталя Шалупіна, піша «Віцебская вясна».
Пры судовым разглядзе суддзя Барысавец кіравалася версіяй міліцыі, адлюстраванай у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні. У пратаколе было зафіксавана, што «правапарушальнік» «у парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, з мэтай выказвання сваіх асабістых поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця, ажыццявіў пікетаванне без адпаведнага дазволу Талачынскага райвыканкама».
Пікетаванне пабачылі ў тым, што Шалупін размясціў выяву бел-чырвона-белых палос у фэйсбуку.
Наяўнасць гэтага факта суддзя Барысавец палічыла дастатковай для таго, каб аштрафаваць мужчыну па ч. 1 арт. 24.23 ч. 1 КаАП на суму 2590 рублёў.
Каментары