Сезон ціхага палявання ў разгары. Аднак ёсць і першыя ахвяры атручвання грыбамі. Для атручвання хопіць 1-2 грыбкоў. Або нават невялікага кавалачка, які сціпла трапіў у шэрагі ядомых сабратаў. Мінск-навіны распыталі, што рабіць пры атручванні грыбамі.
— Сімптомы атручвання грыбамі выяўляюцца, як правіла, у першыя гадзіны пасля ўжывання ў ежу, — адзначае доктарка-гігіеністка Валянціна Капановіч. — Хутчэй за ўсё ад мухамораў — ужо праз паўгадзіны, ад белай паганкі, а таксама ад умоўна ядомых смаржкоў — на працягу некалькіх гадзін. Клінічная карціна аналагічная з харчовым атручваннем: боль у страўніку, павышаная тэмпература, ваніты, млоснасць, дыярэя, халодныя канечнасці. Але ёсць і адрозненні, да прыкладу, звужэнне зрэнак (пры атручванні мухаморамі) або пашырэнне (белай паганкай).
Што рабіць? Першае і галоўнае правіла — выклікаць хуткую. Бо без аказання экстраннай медыцынскай дапамогі рызыка смяротнага зыходу вырастае да 90%, калі пакаштаваў бледную паганку, — і 50% — калі ў справе ўдзельнічаў мухамор.
Другое не менш важнае правіла (пакуль чакаеце хуткую дапамогу): прамыйце страўнік.
— Абавязкова вялікай колькасцю вады — ад літра і больш, ваніты выклікаць да чыстых прамыўных вод, – інструктуе Капановіч. — Прыняць прэпараты — сарбенты, падыдзе нават усім знаёмы актываваны вугаль. Не забываем пра моцны салодкі чай, мінералку без газу. Пасля моцных ванітаў пітво па схеме «не больш за 1 сталовай лыжкі за прыём». Забяспечыць пацярпеламу спакой.
Каментары