Палітзняволены Павел Ракоца цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю
Прычынай для абвінавачвання Паўла Ракоцы ў распальванні сацыяльнай варожасці маглі стаць ягоныя антываенныя каментары ў сацсетках. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Паўлу 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Як паведамляе «Гомельская Вясна», цяпер палітвязень выйшаў на волю.
Павел — жыхар Гомеля, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Актыўны гулец у квіз.
З пачатку вайны ва Украіне Павел на сваёй старонцы «Вконтакте» рэзка выказваўся супраць вайны. У той час ён знаходзіўся на тэрыторыі Расіі.
Ён быў затрыманы 14 ліпеня 2022 года пасля прыезду ў Беларусь. Перад тым, як ехаць у Беларусь, сябру сказаў: «Калі я не выйду на сувязь, значыць мяне затрымалі». Спачатку Паўла ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ у Мінску, а праз пару тыдняў перавялі ў гомельскі СІЗА-3.
У Гомельскім абласным судзе 15 лютага 2023 года над Паўлам адбыўся суд. Судзіў яго суддзя Гомельскага абласнога суда Сотнікаў Анатоль па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса РБ (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 КК РБ (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады) і прысудзіў Паўлу 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя.
22 траўня 2023 г. стала вядома, што палітзняволенага перавялі ў ПК № 1, што ў Наваполацку Віцебскай вобласці. А цяпер ён выйшаў на волю, адбыўшы ўвесь тэрмін.
Каментары