Наталля Строк — сапраўдная знакамітасць Бярозаўскага раёна. Яна не толькі перабралася з Аўстрыі ў Беларусь, дзе арганізавала сваю казіную ферму, але і адкрыла цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. Так што козы — толькі малая частка маштабных планаў, піша Onliner.
Па словах Наталлі, казаводства ў рэгіёне пакуль не развіта. Калі хто і трымае некалькі козачак, то малако звычайна здаюць — да вытворчасці сыру рукі не даходзяць. Пры гэтым многія трымаюць козачак для сябе, так што даказваць карысць казінага малака неабходнасці няма.
— Я называю гэта мануфактурнай вытворчасцю, таму што мы ніколі не будзем вялізным бізнэсам, усё заснавана на ручной працы, — тлумачыць Наталля.
Цяпер яна робіць мяккія казіныя сыры — атрымліваюцца шарыкі ў розных пасыпках, якія захоўваюцца ў невялікіх слоічках з маслам. Але мэта прадпрымальніцы на найбліжэйшы час — выпускаць антыпасці пад уласным брэндам.
Гэта могуць быць перцы, патысоны, шынкі, шампіньёны, фаршаваныя сырам, розныя рулеты — асаблівы від ежы, якім немагчыма наесціся, але вельмі хочацца паласавацца.
Падыход да продажу адрозніваецца ад многіх іншых фермераў: крафтавы прадукт рэалізоўваюць не праз крамы і кірмашы, а з дапамогай уласных старонак у сацсетках і месенджараў. І, канешне, падчас экскурсій.
Ферма размешчана ў асаблівым месцы — паблізу Спораўскага заказніка, па якім праходзіць унікальная экасцежка. Таму многія экскурсійныя групы зазіраюць і на ферму. «На козатэрапію», — удакладняе Наталля.
Энергіі ў запасе ў прадпрымальніцы шмат. У яе ўжо быў свой бізнэс у далёкіх дзевяностых, а потым на доўгі час яна засяродзілася на працы мамай: у сям'і чацвёра дзяцей. І як толькі малодшы перастаў патрабаваць сталай увагі, жанчына вырашыла вярнуцца да спраў. Прычым адразу ў іншай краіне.
На радзіму пацягнула мужа Наталлі, таму пара разам пачала прыдумляць, чым можна заняцца ў Бярозаўскім раёне. Не адзін год яны працавалі над стварэннем праекта аграэкапарка, які аб'ядноўвае актыўных аграпрадпрымальнікаў. Пад яго ў райвыканкаме выдзелілі 12 гектараў зямлі.
Канцэпцыя нетыповая: гэта будзе бізнэс-парк, у якім можна прагуляцца і больш даведацца аб дзікаросах. Прычым за розныя ўчасткі будуць адказваць розныя прадпрымальнікі. Наталля, напрыклад, вырошчвае на продаж мяту — 16 розных гатункаў.
— На кветніках можна будзе ўбачыць прадукцыю нашых кампаньёнаў — ні ў якім разе не канкурэнтаў. У праекце змогуць удзельнічаць тыя, хто займаецца экалогіяй, здароўем і гастраноміяй. Хацелася б, каб гэта быў цэнтр прыцягнення не толькі для турыстаў, але і для бізнэсменаў. Спецыяльна пад гэтыя задачы на тэрыторыі будзе аграстудэнцкая вёска.
Два гады таму на тэрыторыі арганізавалі першы доследны агарод. Пралічвалі розныя бізнэсы: бачкаванне агуркоў, марынаванне часныку, прыгатаванне розных прадуктаў з гарбуза. Вывучэнне на практыцы розных бізнэс-кейсаў — якраз любімая частка працы Наталлі. Што можна атрымаць з адной семечкі, якія прадукты вырабіць, як пафасаваць, дзе прадаць…
Да справы прадпрымальніца заўсёды падыходзіць грунтоўна. У яе ў гаспадарцы нямала абсталявання для перапрацоўкі: сушылка, сіропаварачны кацёл і нават біярэактар для вытворчасці ўгнаенняў.
А ў раёне актыўна ўзяліся за турызм — распрацавалі вялікі праект развіцця тэрыторыі ўздоўж рэчкі Ясельда. Наталля прапанавала ўнесці свой унёсак: завесці коз і зрабіць жывы куток, каб займацца сацыяльным і прамысловым турызмам.
Дванаццаць першых козачак з'явіліся ў гаспадарцы ў красавіку 2021-га. Цяпер на ферме жыве больш за 100 дарослых коз шасці розных парод. У кожнай свая спецыфіка: хтосьці дае вельмі шмат малака, а хтосьці — малако, ідэальна прыдатнае для падрыхтоўкі сыру.
Першыя два гады жыцця козачка толькі траціць рэсурсы — на яе ўтрыманне сыходзіць 1 рубель на дзень. Але як толькі яна пачынае даваць малако, якое можна выкарыстоўваць, нават паводле мінімальных падлікаў выходзіць 300% прыбытку.
— Ды іншых такіх выгадных бізнэсаў практычна няма!
Але гэта калі працаваць самім. Пакуль Наталля ўпраўляецца з усім удваіх са сваім сынам Аляксандрам і ўсяго адным працаўніком. Каб дапамагчы маці, малады чалавек пераехаў з Аўстрыі, дзе пакінуў працу інжынера, у беларускую вёску.
— Я не вясковая жыхарка, таму не разумела гэтай адказнасці і слёз хвалявання за козачак. Але я ўжо ўвязалася ў бойку, адыходзіць было позна, — распавядае Наталля. — Я працягваю шмат чаму вучыцца: і па кнігах, і ў мясцовых. Кучу грошай марную на мазі і лекі, а яны раяць найпрасцейшы народны метад – і гэта працуе.
Цяпер Наталля знае не толькі кожную са 100 козачак па імені, але і ўсе асаблівасці іх характару. Як і Саша.
А дзясятак гадоў таму развядзенне коз здавалася ёй поўным вар'яцтвам. Па гэтым шляху пайшла яе блізкая сяброўка: прадала кватэру ў Менску і з'ехала ў глухую вёску. Сама Наталля такога рашэння не ўхваляла, пакуль не трапіла да яе ў госці і не прасядзела, замёршы, тры гадзіны з маленькім казляняткам на руках.
— Тады я і зразумела, што гэта адна з формаў мацярынства. Ува мне ўскалыхнуліся тыя ж самыя глыбінныя пачуцці, якія былі з малымі, з маімі дзеткамі, разумееце? Я прыходжу сюды і атрымліваю столькі кахання ад сваіх козачак! Яны мяне заўсёды абцалуюць і раскажуць, як ім жывецца. І яны жывыя, яны сапраўдныя… Добра, што век у іх не кароткі.
У добрых умовах козы жывуць каля 15 гадоў.
Нядзіўна, што казіны сыр выпускаецца пад кранальнай назвай «Дары матулі». Але ўжо задумана развіццё брэнда — «Дары натуры». Гэта лінейка арганічных чаёў з уласнаручна вырашчаных зёлак — у пакуль яшчэ новым для Беларусі дызайне.
План на найбліжэйшы час — выкупіць будынак, дзе знаходзіцца агракультурны цэнтр, і наладзіць прафесійную вытворчасць антыпасці. Як толькі на вытворчасці з'явіцца тэхнолаг, ад сыраварства Наталля гатова адысці. Яе амбіцыі, як ужо стала зразумела, куды шырэйшыя — кіраваць усім бізнэс-працэсам.
Каментары