Каханне і сэкс1010

«Ён здрадзіў і прынёс мне інфекцыю, якая не лечыцца. Цяпер да канца жыцця піць таблеткі!» Беларусы расказалі, як перажылі здраду ў адносінах і як здраджвалі самі

Ці можна дараваць здраду? А ці можна, перажыўшы такое, захаваць адносіны? Сабралі некалькі гісторый мінчан, якія сталі ахвярай здрады ці здрадзілі самі, — паглядзіце, якія розныя меркаванні і сітуацыі, піша CityDog.io.

 Фота: Thai Noipho / vecteezy.com

Міхаіл (33 гады): «Я думаю, яна спецыяльна ўсё гэта зрабіла. Яна была не такой дурной»

— З маёй будучай жонкай мы пазнаёміліся ў Іспаніі. Мне было 26, ёй — 19. Па вяртанні ў Мінск сустракацца пачалі не адразу. Але праз тры гады адносін я зрабіў Таццяне прапанову. Мы пажаніліся і з’ехаліся. І ўжо ў працэсе сумеснага жыцця я зразумеў, што яна адносілася да псіхатыпу «татава дачка»: пры любой, нават самай маленькай, праблеме ішла па рашэнне да бацькі.

Праз пару гадоў, калі мы былі ў адпачынку, у яе бацькі здарыўся інсульт —і яго паралізавала. З таго моманту вось гэту падтрымку і крыніцу рашэння праблем яна пачала шукаць ува мне. То бок замест таго, каб пасталець, яна паспрабавала стаць дачкой іншага таты.

Мне было амаль 30, я быў дарослым чалавекам, схема адносін «інфантыльная дзяўчынка і яе татачка» мяне не задавальняла. Я казаў ёй, што гатовы быць мужам, сябрам, палюбоўнікам, але не татачкам, які выконвае ўсе яе запыты па пстрычцы пальцаў. Вядома, калі справіцца з нечым самастойна яна была не ў стане, я гатовы быў дапамагчы. Але цалкам перакласці на мяне адказнасць за ўсё яе жыццё — не.

Вынікам гэтага стала пастаянная крытыка з яе боку. Таццяна магла і пры старонніх людзях, і пры знаёмых неяк цыкаць на мяне, казаць, што жарт не смешны, крытыкаваць, як я кірую машынай (прытым што ў мяне ніколі не было ніводнага ДТЗ, а яна за тры гады ўмудрылася разбіць тры машыны).

Я ўсё гэта цярпеў, спадзеючыся, што з цягам часу пройдзе. Але крытыка, наадварот, толькі ўзмацнялася, мае дасягненні поўнасцю абясцэньваліся. Так мінуў год, надышоў 2020-ы. Як і ў многіх, у мяне пачаліся праблемы на праекце. Я быў у вельмі знясіленым стане — і маральна, і фізічна. А замест падтрымкі ад жонкі пачуў, што «не трэба было пачынаць, тады б і праблем не ўзнікла». Для мяне гэта стала нейкай адпраўной кропкай.

Калі пачалася пандэмія, я не пагадзіўся на аддаленую працу, а Таня пачала працаваць з дому. Па вечарах яна стала часта сустракацца з сяброўкамі. Я ёй цалкам давяраў, таму праблемы ў гэтым не бачыў — тлумачыў усё тым, што яна ўвесь дзень сядзіць у чатырох сценах і ўвечары хоча адцягнуцца.

Варта дадаць, што ўжо ў сакавіку-красавіку я разумеў, што калі Таня не скончыць нашы адносіны, то гэта зраблю я. Ніякага задавальнення ад гэтага шлюбу даўно не было, суцэльная крытыка і незадаволенасць. Я ўжо нават дадому пасля працы ехаць не хацеў: альбо ішоў у спартзалу, альбо проста сядзеў у кафэ да вечара. У выніку і я, і яна вярталіся дадому позна — і бачыцца сталі менш.

А 10 мая 2020 года, у нядзелю, я вярнуўся дадому і пачуў, як Таня весела хіхікае ў душы з іншым мужчынам. У мяне ўсё было як у тумане, але я зразумеў, што высвятляць нічога не мае сэнсу. Таму я развярнуўся, выйшаў з дому і проста сышоў.

Увечары я вярнуўся дадому, забраў свае рэчы і з’ехаў да бацькоў. А калі арандатары змаглі выехаць з маёй кватэры, пераехаў туды. Праз нейкі час Таня папрасіла аб сустрэчы, прапанавала пачаць усё нанова. Але пры гэтым паводзіла сябе так, як быццам я ва ўсім вінаваты, а яна ледзь не ахвяра абставін. Мне гэта было не патрэбна. Таму я расказаў пра ўсё бацькам, сябрам, каб адсекчы сабе магчымасць вярнуцца. А праз нейкі час мы падалі на развод.

Тэму здрады, дарэчы, мы з Таняй абмяркоўвалі неяк раней, і я абмовіўся, што гатовы дараваць здраду, калі яна была чыста фізічнай. Бо я разумею, што плоць слабая, мы ўсе недасканалыя і спатыкнуцца можа кожны. Але калі чалавек раскаецца і шчыра папросіць прабачэння, то я гатовы заплюшчыць на гэта вочы.

Таня ж, наадварот, была вельмі раўнівай. Яна ўвесь час мяне падазравала, правярала тэлефон. Не скажу, праўда, што і я нагод не даваў. Я заўсёды быў даволі харызматычным, таварыскім чалавекам, таму часам мне пісалі іншыя жанчыны. Але гэта ўсё было на ўзроўні лёгкага флірту і нейкіх жартаў. Чырвоную лінію я ніколі не пераходзіў.

Цяпер я думаю, што Таня зрабіла ўсё гэта спецыяльна. Яна была не такой дурной, каб спакойна прыводзіць кагосьці дадому без асцярогі, што я магу іх убачыць. Хутчэй за ўсё, такім чынам яна хацела паказаць мне, што яна падабаецца і іншым мужчынам, а я да яе прыдзіраюся.

Каб усё гэта перажыць і аднавіцца, мне спатрэбілася каля двух гадоў. За гэты час я цалкам пераасэнсаваў сваё жыццё, шмат што змяніў, сур’ёзна заняўся сабой: выраўнаваў зубы брэкетамі, зрабіў карэкцыю зроку, каб пазбавіцца ад акуляраў, перасадзіў валасы, намацаваў 8 кілаграмаў цягліц — увогуле, толькі пазітыўныя наступствы. Цяпер я Тані нават удзячны, што яна наважылася на гэты крок і мне не прыйшлося станавіцца чалавекам, які разбурыў сям’ю.

А ў мінулым месяцы я зноў ажаніўся — і адчуваю сябе выдатна.

Вольга (37 гадоў): «Ён гэтага заслугоўвае»

— З маім ужо былым мужам мы былі знаёмыя з дзяцінства. Доўгія гады ён для мяне быў проста сябрам, а я для яго — таемным каханнем. Па заканчэнні ўніверсітэта неяк так склалася, што мы вырашылі, быццам сяброўства — добрая аснова для шлюбу. І вырашылі ажаніцца.

Пры гэтым у нашых адносінах заўсёды ўсё было сумленна. Я Яраслава любіла як чалавека, за многае была яму ўдзячная, але нейкай моцнай цягі, страсці ў адносінах да яго ў мяне ніколі не было — і ён пра гэта ведаў.

Так мы пражылі ў шлюбе 8 гадоў. За гэты час у нас з’явілася дачка. І дзеля яе, і дзеля Яраслава, які мяне вельмі кахаў, я старалася захоўваць адносіны. Але потым я здрадзіла.

Не магу сказаць, што я шукала нейкіх эмоцый ці яркага сексу на баку. Гэта здарылася, калі я ўжо разумела, што наш шлюб усё ж такі асуджаны — і хутка скончыцца.

Да таго моманту інтымных адносін з мужам у нас не было ўжо больш за год, мы начавалі ў розных пакоях. Я не лічыла яго сваім каханым чалавекам. Бацькам дзіцяці, сябрам, сужыцелем — так, але мужам, партнёрам — не.

Мая здрада не была нейкай шалёнай ці па п’яні. У той момант да мяне заляцаўся малады чалавек, які мне падабаўся. Ён таксама быў жанаты, таму ніводны з нас не быў нацэлены на сур’ёзныя адносіны. На працягу некалькіх тыдняў я яшчэ ўзважвала ўсе «за» і «супраць» — а потым усё ж наважылася.

Ці лічыла я гэта здрадай? Так. Ці было ў мяне шалёнае пачуццё віны? Канечне. Але разам з гэтым пачуццём прыйшло і разуменне таго, што гэты ўчынак — кропка незвароту, якая насамрэч была мне патрэбна для таго, каб наважыцца на развод.

Адразу пасля здрады я пачала размаўляць з мужам аб тым, што нам трэба разысціся. Ён успрыняў гэта ў штыкі, але кожны тыдзень мы ўсё роўна вярталіся да гэтай тэмы. Праз паўгода гэтых размоў, калі я зразумела, што ніякія мае довады не працуюць, я вырашыла прызнацца ў здрадзе, падумаўшы, што так Яраславу будзе прасцей мяне зненавідзець і адпусціць. Расказаўшы пра ўсё, я сабрала рэчы і пераехала з дачкой на здымную кватэру.

Прызнацца, я да гэтага часу лічу, што расказаць праўду было вялікай памылкай. Гэта вельмі раніць, забівае самаацэнку, прымушае чалавека адчуваць сябе абражаным і кінутым.

І нават нягледзячы на тое, што Яраслаў яшчэ рабіў спробы памірыцца і казаў, што дараваў мне, я разумела, што вельмі траўміравала яго сваёй праўдай. Магчыма, менавіта таму нейкія больш-менш сур’ёзныя адносіны ў яго з’явіліся толькі праз пяць гадоў.

З Яраславам мы да гэтага часу падтрымліваем сяброўскія адносіны (дзеля дачкі), але кожны жыве сваім жыццём.

Ці адчуваю я сваю віну да гэтага часу? Хутчэй за тое, што прызналася ў здрадзе, а не за тое, што яе здзейсніла.

Азіраючыся назад, я радая, што мы ўсё ж такі разышліся: я нарэшце жыву тым жыццём, якім заўсёды хацела, і не займаю чыёсьці месца. Упэўнена, Яраслаў яшчэ сустрэне тую, хто пакахае яго па-сапраўднаму, — ён гэтага заслугоўвае.

Кірыл (21 год): «А потым я ўбачыў ягоны пост: «Шукаю сэкс»

— З Лёшам мы былі разам амаль два гады. І першапачаткова гэта былі адносіны маёй мары: у нас усё ішло так добра, што я нават пачаў думаць, каб зрабіць яму прапанову.

Але, вядома, было не без шурпатасцяў. У нейкі момант у мяне здарыўся пацалунак з іншым чалавекам (магчыма, гэта і стала пачаткам канца).

Я прызнаўся ў гэтым Лёшу, мы доўга ўсё абмяркоўвалі, але ў выніку ён сказаў, што занадта моцна мяне кахае, каб звяртаць на такую дробязь увагу, — ён справіцца.

Першы час пасля таго, што здарылася, нашыя адносіны былі злёгку нацягнутымі, але потым усё вярнулася ў нармальнае рэчышча. А я для сябе зразумеў, што здзейсніў вялікую памылку і губляць Лёшу не хачу.

Аднак потым пачалі адбывацца сітуацыі, з-за якіх у мяне з’явіліся дакучлівыя думкі аб тым, што мне могуць здраджваць. Па-першае, у Лёшы выявілі інфекцыю, якая перадаецца палавым шляхам. Пры гэтым ён запэўніваў мяне, быццам доктар яму сказаў, што гэта захворванне перадаецца і бытавымі спосабамі.

Па-другое, я выпадкова заўважыў, што мой хлопец ёсць у чаце знаёмстваў. Я спачатку падумаў, што, мабыць, ён быў там даўно, проста не выйшаў, калі мы пачалі сустракацца. Але потым убачыў ад яго пост аб пошуку сэксу, апублікаваны два дні таму.

Вядома ж, мы ўсё гэта абмеркавалі, але Лёша запэўніваў, што ўсё гэта жарт. І ў якасці доказу даў мне доступ да сваіх сацсетак, хоць і там я знайшоў пару дзіўных момантаў. Але тым не менш вырашыў заплюшчыць на ўсё вочы.

Праз некалькі месяцаў мы з Лёшам усё ж рассталіся. У нас здарылася вялікая сварка, якая моцна зацягнулася. І калі я яшчэ спрабаваў неяк пайсці на кантакт і ўсё вырашыць, то чалавек проста пачаў ігнараваць мяне.

І ўжо пасля расставання да мяне пачалі даходзіць чуткі, што Лёша неаднаразова мне здраджваў з іншымі хлопцамі. Мне было вельмі балюча, я плакаў. Калі два гады табе хлусяць, гледзячы ў вочы, ужо не разумееш, дзе насамрэч рэальнасць. Калі ўсё раскрылася, мой свет проста абваліўся.

Спачатку ў гэтых здрадах я вінаваціў толькі сябе. Паглыбіўся ў вучобу, працу, каб менш пра ўсё думаць. У нейкай ступені гэта дапамагала, але потым я ўсё роўна скаціўся ў шалёную дэпрэсію. Выйсці з яе мне дапамаглі сесіі з псіхолагам. Яны ж падвялі мяне да ўсведамлення, што маёй віны ў гэтых здрадах няма. Гэта быў ягоны выбар. Бо здарылася гэта не адзін раз — Лёша спаў з іншымі хлопцамі на працягу ўсіх двух гадоў, што мы былі разам.

Больш за тое, у ліпені гэтага года ў мяне знайшлі захворванне, якое перадаецца палавым шляхам і якое на дадзены момант не лечыцца. Таму да канца жыцця я кожны дзень цяпер павінен піць таблеткі.

Пасля такога складана зноў пачаць давяраць людзям — але я працую над гэтым. І веру, што ўсё наладзіцца і будзе добра.

Каментары10

  • mikola
    06.10.2023
    idyioty...
  • ром
    06.10.2023
    сначал я и не понял... яки кирыл и яки блин леша
  • Кажан
    06.10.2023
    Кириллу с Лёшей, чаго ж тут стыднага? Вы самі ня можаце паказаць дык ня лезьце ў чужое жыцьцё. Да вас у майткі ня лезуць і ня ляпаюць вас па дупе.

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Стрыжак абвясціў пра мабілізацыю службы эвакуацыі8

Шведы прадалі мабільнага распрацоўшчыка з беларускімі каранямі больш чым за мільярд даляраў1

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу9

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?2

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася31

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Галоўнае
Усе навіны →