Як выглядаюць беларускія аднагодкі самага сэксуальнага мужчыны 2023 года Патрыка Дэмпсі
Самым сэксуальным мужчынам 2023 года, па версіі амерыканскага часопіса People, стаў герой папулярнага серыяла «Анатомія жарсці» 57-гадовы акцёр Патрык Дэмпсі. «Наша Ніва» вырашыла паглядзець, як выглядаюць ягоныя вядомыя аднагодкі ў нашай краіне. Што носяць і чым займаюцца беларускія мужчыны, якім у гэтым годзе споўнілася 57.
Амаль як Стыў Джобс
Эканаміст і кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Яраслаў Раманчук сочыць за фігурай і выглядае падцягнутым. У стылі палітык аддае перавагу разняволеным вобразам з простымі світшотамі.
Часам Раманчука можна ўбачыць у чорнай кашулі, да якой ён падбірае прамыя цёмна-сінія джынсы і красоўкі. Вобраз атрымліваецца падкрэслена простым — амаль як у Стыва Джобса.
Былы амапавец
Тры гады таму, з нагоды новага прызначэння, былы міністр унутраных спраў Юрый Караеў змяніў стыль: ён адмовіўся ад міліцэйскай формы на карысць цывільнага адзення. У ролі інспектара па Гродзенскай вобласці Караеў пачаў насіць чорныя і цёмна-шэрыя касцюмы. Разбаўляюць строгія лукі чырвоныя гальштукі, якія сталі неад'емнай часткай яго іміджу.
У адрозненне ад многіх сваіх калег, чыноўнік носіць аксесуары айчыннай вытворчасці. На яго руцэ мы заўважылі гадзіннік ад Мінскага завода «Прамень».
Першай справай — самалёты
У 2021-м Аляксандр Цэнцер пакінуў пасаду старшыні наглядальнай рады групы кампаній «А-100» і сканцэнтраваўся на інвестыцыях за мяжой. Цяпер бізнэсмен развівае сетку станцый падзарадкі для электракараў у Еўропе.
Цэнцер займаецца авіяспортам: ён шмат пілатуе сам і нават узначальваў профільную федэрацыю. Таксама бізнэсмен захапляецца роварным спортам. У адным з інтэрв'ю ён прызнаўся, што аддае перавагу двухколаваму транспарту і пры любой магчымасці ездзіць на ровары на працу.
Стыль Аляксандра адпавядае яго хобі — адзін з самых заможных беларусаў часта выбірае спартовыя лукі: джынсы і цішоткі.
Модны барадач
Намеснік кіраўніка апарата Саўміна Уладзімір Калтовіч па праве займае месца сярод самых добра апранутых палітыкаў Беларусі. Функцыянер з густам падбірае касцюмы, надае ўвагу гальштукам, а ў мінулым нярэдка насіў вышыванкі.
Нядаўна імідж Калтовіча змяніўся — палітык адгадаваў модную бараду.
Не чалавек касцюма
Іван Церцель — старшыня КДБ, удзельнік назіральнай рады «Нафтана» — па абавязку службы вымушаны насіць касцюмы. Дарэчы, падабраны яны нядрэнна: у адзення актуальны крой, гальштукі гарманіруюць з колерам касцюма, манжэты кашулі выглядаюць з-пад рукава пінжака на належныя два сантыметры.
Але нават самы модны гарнітур не пасуе Івану — звыклая ваенная форма глядзіцца на ім куды больш арганічна. Чаму некаторым мужчынам не пасуюць касцюмы, мы растлумачылі на прыкладзе Рыгора Азаронка.
Драматычны хлопец
Сенатар Анатоль Ісачанка любіць драматычныя фота. То ён з рашучасцю трымае ў кулаку жменю сабранага ўраджаю, то схіляецца над жытам, то, нібы герой савецкай кінастужкі, пазіруе ў зарасніках кустоўя.
Але, акрамя пастановачных кадраў, у сацыяльных сетках палітыка ёсць і іншыя цікавыя фота. На іх ён часцей за ўсё адзеты ў гарнітуры.
Дарэчы, класічныя двойкі добра глядзяцца на высокім і стройным чыноўніку. Цікава, што Ісачанка аддае перавагу не звыкламу шэраму і чорнаму адзенню, а выбірае больш цікавыя колеры — напрыклад, цёмна-бардовы.
Чыноўнік-аптыміст
Міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова называюць «адным з галоўных аптымістаў ва ўрадзе». Чыноўнік дае асцярожныя прагнозы па інфляцыі і не раз хваліўся СМІ гэтак званым «экспартным манеўрам».
Як у многіх калег па цэху, касцяк яго гардэроба складаюць класічныя сінія касцюмы, якія Аляксандр дапаўняе акцэнтнымі гальштукамі.
Пінжакі ў клетку
На сваіх старонках у сацыяльных сетках старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда часта лае санкцыі і хваліць Лукашэнку. А нядаўна ён звяртаўся да Федэральнага канцлера Германіі Олафа Шольца з просьбай не правакаваць трэцюю сусветную вайну.
З масы беларускіх палітыкаў Орду адрознівае не толькі актыўнае карыстанне сацыяльнымі сеткамі, але і стыль адзення. Функцыянер любіць гальштукі з яркім прынтам і каляровыя пінжакі: у яго калекцыі ёсць фіялетывыя і клятчастыя.
Алігарх на байку
Фатаграфій беларускага алігарха Аляксея Алексіна ў адкрытым доступе не шмат. На тых, што ёсць, бізнэсмен, які з 2019 года па распараджэнні Лукашэнка атрымаў выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны, адзеты ў цёмна-сінія гарнітуры.
Цікавая дэталь: Алексін дазваляе сабе адысці ад агульнапрынятых нормаў дрэс-коду. На нарадах ён з'яўляўся без гальштука і расшпільваў гузікі кашулі. Такія паводзіны гавораць, што чалавек уяўляе сябе гаспадаром сітуацыі і адчувае сябе вольна.
Аляксін захапляецца мотаспортам. Бізнэсмен з'яўляецца членам элітнага байк-клуба Iron Birds, які наведвае і старэйшы сын Лукашэнкі — Віктар.
Аўтар-песеннік
Паэт Алесь Бадак на пачатку 1990-х напісаў шмат песень. На яго вершы складалі песні Анатоль Ярмоленка, Алеся, Аляксандр Саладуха.
Таксама вядомы як аўтар прозы і твораў для дзяцей. Ён з'яўляецца адным з арганізатараў клуба дзіцячых пісьменнікаў. Быў рэдактарам у часопісах «Бярозка», «Нёман», «Маладосць», «Полымя».
У 2022 годзе Алесь Бадак атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію ў катэгорыі «Найлепшы твор паэзіі».
Чорны тоталлук
Аляксандр Зінгман — бізнэсмен і ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі. Больш за 20 гадоў прадпрымальнік працуе на афрыканскім кантыненце. Афіцыйна Зігнгман, якога лічаць блізкім да Віктара Шэймана, займаецца праектамі ў сферах сельскай гаспадаркі, лагістыкі, горназдабыўной прамысловасці, інфраструктурным будаўніцтвам. Аднак ён рэгулярна трапляе ў скандалы, звязаныя з непразрыстымі ўгодамі з урадамі афрыканскіх краін.
Адметная рыса стылю Зінгмана — любоў да чорнага колеру. Часцей за ўсё яго можна ўбачыць у двойцы «чорны пінжак і чорная майка». На афіцыйных сустрэчах майка замяняецца на кашулю — таксама чорную.
Футбольны трэнер
Сваю кар'еру трэнер Алег Конанаў пачаў у мінскім футбольным клубе «Тарпеда». Сёння на рахунку спартоўца праца і ў іншых знакамітых камандах. Напрыклад, з 2018 па 2019 год ён трэніраваў маскоўскі «Спартак».
Праўда, заўзятары клуба часта пацяшаліся са спецыяліста і нават далі яму некалькі мянушак, самая ласкавая з якіх — «Пінжак». І, сапраўды, мужчына любіць гэты прадмет гардэроба і часта з'яўляецца ў ім перад камерамі.
Мастак з бізнэсам
Мастак Юрый Барысевіч вядомы не толькі сваімі карцінамі. У партфоліа мэтра ёсць і іншыя, не менш цікавыя праекты. Барысевіч з'яўляецца ўладальнікам сямейнай майстэрні, якая займаецца распрацоўкай праектаў выставачных павільёнаў і іх эстэтычным укараненнем у прастору.
Акрамя гэтага, у 2021 годзе мастак ствараў дэкарацыі для дзіцячага свята «Галоўная ёлка краіны».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары