Нарастае напружанасць між Венесуэлай і Гаянай. Ці магчымая новая вайна?
Днямі ў сеціве сталі распаўсюджвацца відэа, на якіх нібыта відаць пачатак баявых дзеянняў паміж войскамі Венесуэлы і Гаяны за спрэчны рэгіён Эсэкіба, багаты нафтай і іншымі рэсурсамі. Відэа былі фэйкавыя, але сітуацыя ў рэгіёне можа значна пагоршаць найбліжэйшымі днямі. Асабліва калі ў абедзвюх краін ёсць уплывовыя саюзнікі, якія ў выпадку канфлікту таксама не змогуць не ўмяшацца. Расказваем, што там адбываецца.
У канцы лістапада ў сацсетках сталі масава з'яўляцца відэа нібыта пачатку вайны паміж Венесуэлай і Гаянай за спрэчны рэгіён Эсэкіба. Навіну актыўна распаўсюджвалі расійскія Z-рэсурсы, аднак пазней высвятлялася, што гэтыя відэа старыя і аніякай вайны яшчэ не пачыналася.
Brazil and Venezuela also decided to go to war. Venezuela is reportedly planning to invade the disputed territories of the Guyana-Essequibo region.
Presumably, the troops of both countries entered into skirmishes after Nicolas Maduro ordered the deployment of troops to Guyna pic.twitter.com/3fr8ALzn1K
Фэйкі засноўваліся на тым, што прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура, якога падтрымлівае Кітай і Расія (разам з рэжымам Лукашэнкі), быццам аддаў загад аб нападзенні на Гаяну для «аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Венесуэлы».
У рэчаіснасці ж такога загаду афіцыйна не з'яўлялася, хоць сітуацыя паміж дзвюма краінамі ў апошні час сапраўды напальваецца і можа прывесці да сапраўднай вайны. Больш канкрэтыкі ў пытанне, ці пачнецца новая вайна, дадасць рэферэндум у Венесуэле, які мае адбыцца ўжо заўтра.
На гэтым рэферэндуме будзе вызначацца, ці прызнае Венесуэла рэгіён Эсэкіба сваёй тэрыторыяй і як менавіта краіна будзе вяртаць рэгіён пад свой кантроль.
Адно з пытанняў рэферэндуму — ці варта Венесуэле вяртаць Эсэкіба мірна праз Міжнародны крымінальны суд. Яшчэ адзін пункт ставіць пытанне, ці трэба Венесуэле афіцыйна стварыць новы «штат Эсэкіба» і дадаць рэгіён да сваіх існых 23 штатаў, што фактычна і юрыдычна пацягне анэксію больш як паловы тэрыторыі Гаяны.
Сам Нікалас Мадура ў сваім твітары напярэдадні рэферэндуму актыўна прасоўвае ідэю анэксіі і вайны.
La responsabilidad que nos toca hoy a nuestra generación, a ti mujer y hombre venezolano es levantar la bandera de la Guayana Esequiba e iniciar una nueva etapa histórica por la recuperación de esta tierra que nos legaron los Libertadores y Libertadoras. pic.twitter.com/iAmtmolldd
Сітуацыя адметная яшчэ тым, што ў абедзвюх краін ёсць уплывовыя саюзнікі, якія ў выпадку канфлікту таксама не змогуць не ўмяшацца. Расказваем, чаму Эсэкіба з'яўляецца спрэчнай тэрыторыяй і які будзе расклад сіл у выпадку вайны.
Векавая спрэчка і мноства рэсурсаў
Падчас іспанскага валадарства ў Паўднёвай Амерыцы рэгіён Эсэкіба (названы ў гонар ракі Эсэкіба, якая аддзяляла Венесуэлу ад каланіяльных тэрыторый Брытанскай імперыі) уваходзіў у склад Венесуэлы, якая поўнасцю кантралявалася Іспаніяй. Сітуацыя засталася такой жа і пасля таго, як у 1811 годзе Венесуэла абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і затым вяла вайну з ёй за свой суверэнітэт.
На той момант рэгіён не ўяўляў вялікай каштоўнасці і служыў толькі прымежжам да Гаяны, якая тады была брытанскай калоніяй. Але сітуацыя рэзка памянялася, пасля таго як Венесуэла пачала вайну з Іспаніяй.
Брытанскія каланісты выявілі велізарную колькасць золата і медзі на заходнім беразе ракі Эсэкіба, што прывяло да захопу рэгіёна Брытанскай Імперыяй і далучэння яго да Гаяны.
«Гэтая анэксія была потым афіцыйна прызнаная праз Міжнародны арбітражны суд у Парыжы ў 1899 годзе. Толькі малая частка рэгіёна Эсэкіба была вернутая Венесуэле, якая пасля таго ўсяляк спрабавала аспрэчыць гэта рашэнне і вярнуць усе страчаныя тэрыторыі. У самім рэгіёне на той момант ужо дамінавала англамоўнае насельніцтва, што адбівалася на настроі мясцовых жыхароў вяртацца ў склад іспанамоўнай Венесуэлы», — піша выданне The Guardian.
Гэтая спрэчка моцна абвастрылася ў 2015 годзе, калі амерыканская кампанія ExxonMobil знайшла ў Гаяне, асабліва ў рэгіёне Эсэкіба, вялізную колькасць высакаякасных радовішчаў нафты, што ператварыла Гаяну ў адну з самых дынамічных эканомік свету.
Улады Венесуэлы на фоне гэтага адкрыцця абвінавацілі ЗША і іх саюзнікаў у рабаванні спрадвечных венесуэльскіх тэрыторый «шляхам узаконенага каланіялізму».
У сваю чаргу, Гаяна ў 2018 годзе звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб абараніць сябе ад нападаў Венесуэлы.
Але пытанне не толькі ў рэсурсах. Як адзначае The Guardian, пытанне прыналежнасці Эсэкіба — гэта адзіная буйная праблема ў Венесуэле, якая аб'ядноўвае людзей усіх палітычных поглядаў. Венесуэльскі ўрад выкарыстоўвае гэта пытанне, каб аб'яднаць насельніцтва і падрыхтаваць спрыяльную глебу для наступных прэзідэнцкіх выбараў.
Ва ўзброеных сілах Венесуэлы служаць больш за 300 тысяч чалавек, у той час як армія Гаяны — гэта 3500 чалавек, узброеных максімум кулямётамі і парай старых бэтээраў. Аднак Гаяну падтрымліваюць Бразілія, Вялікабрытанія і ЗША, апошнія маюць кантынгент, размешчаны на тэрыторыі Гаяны.
Армія Бразіліі ўжо ўмацоўвае мяжу з Венесуэлай на фоне венесуэльскага рэферэндуму, паведамляюць бразільскія медыя.
Венесуэла таксама не губляе часу і пагражае мабілізаваць войскі. Але пачатак поўнамаштабнай вайны можа пацягнуць за сабой непасрэдны канфлікт з ЗША і Бразіліяй, чаго Венесуэла не можа сабе дазволіць.
Наадварот, апошнім часам ішоў працэс пацяплення адносін паміж Венесуэлай і ЗША, якія спрабуюць вывесці Венесуэлу з-пад уплыву Расіі і Кітая.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Беларуские компании смогут построить агрогородки и сельсоветы.