«Наша Ніва» працягвае расказваць, што слухаюць вядомыя беларусы. Сёння — плэйліст блогеркі Лізы Ветравай (93 тысячы падпісчыкаў у тыктоку): дзяўчына расказала нам пра любоў да року, дзяцінства пад «Разбітае сэрца пацана» і песні, якія могуць зрабіць балюча.
«Усё, што нам трэба — гэта вера»
Ліза адзначае, што ў яе малады плэйліст, бо сёлета дзяўчына перайшла на Youtube Music, і амаль уся музыка ў ім дададзеная нядаўна. Somebody Told Me ад гурта The Killers — першы трэк, які туды трапіў. З дзяцінства Ліза любіць гэты гурт, і ён выпаў ёй ў рэкамендацыях.
Блогерка прызнаецца, што цяжкія трэкі — яе любімыя: «З дзяцінства слухаю рок. Калісьці нават адносіла сябе да панкаў, а былых панкаў не існуе (смяецца). Самы цяжкі трэк з дзяцінства? Першае, што прыходзіць у галаву — Metallica і іх песня Die, Die, My Darling, а таксама іх трэкі Master of Puppets і Nothing Else Matters. Таксама я шмат слухала Rammstein, але цяпер стараюся ад іх адмовіцца, бо [саліста гурта] Ціля Ліндэмана абвінавацілі ў гвалце. Чытала журналісцкія расследаванні пра гэта, але, мне падаецца, іх малавата, усё не да канца зразумела. Магу ўявіць, што такое магло здарыцца — магчыма, калі ты такі знакаміты, табе крыху зрывае галаву. Так што маю да Rammstein пытаннечкі і таму цяпер намагаюся іх не слухаць».
Ліза кажа, што не любіць рок, дзе «крычаць горлам», а вось больш меладычныя трэкі ёй даспадобы. Акрамя Metallica, дзяўчына дадае ў плэйліст Linkin Park, асабліва выдзяляе іх кампазіцыю In the End.
З нечаканага: блогерка — фанатка французскіх рок-опер і кампазіцый з іх. Напрыклад, гэта трэк Penser l’impossible з рок-оперы Mozart ці песня La gloire à mes genoux з Le rouge et le noir. Таксама ў яе плэйлісце песня Лілі Ален Fuck You з фільмаў пра Брыджыт Джонс, хаця самі фільмы дзяўчына не глядзела. Дзяўчына расказвае, што з-за мелодыі гэтая песня нагадвае ёй пра Каляды, у напружаны час здымкаў трэк дапамагае расслабіцца.
Што Ліза можа слухаць гадзінамі? Гэта трэк I Don’t Dance ад Sunrise Avenue: «Мне падабаецца, што гэта лёгкая музыка, якая мяне не напружвае, і я разумею, пра што там спяваюць. Гэтая песня добра пасуе пад мой настрой, слухаю яе на паўторы месяцы тры-чатыры. Слухаю ў іх і іншыя песні.
З англамоўных мне яшчэ падабаецца Random Hero, у іх ёсць песня Could You Be My Love. Яшчэ ў маім плэйлісце шмат The Rasmus, The Score, Green Day і My Chemical Romance».
Добра, а якая песня найбольш выражае Лізу? Першае, што згадвае дзяўчына — песня Hurricane ад Thirty Seconds to Mars, а таксама іх жа End of All Days — другая кампазіцыя, і яе Ліза называе важнейшай. У беларускі нават ёсць татуіроўка са словамі адтуль — All We Need Is Faith, то-бок «усё, што нам трэба — гэта вера». Праўда, гэтая татуіроўка са словамі адтуль зробленая на эльфійскай мове, бо ў час, калі Ліза яе рабіла, яна фанацела па Толкіену. Хаця у End of All Days няпросты тэкст, гэтая песня дае надзею, адзначае Ліза.
Ёсць у плэйлісце блогеркі і больш папсовыя рэчы, але і яны падабраныя з густам. Напрыклад, гэта песня Bonnie and Clyde ад кітайскай спявачкі Yuqi ці італьянскі гурт Måneskin, які стаў вядомым пасля перамогі на Еўрабачанні. У італьянцаў дзяўчына ўпадабала песню L’Altra Dimensione. Яшчэ адзін папсовы трэк ад Лізы — французская спявачка Zaz, песня Cette journée.
«Кажуць, песні не могуць зрабіць балюча, але пад гэты альбом я тры разы плакала»
Але дзяўчына зусім не абмяжоўваецца замежнікамі: «Слухаю таксама шмат беларускага, і мне падаецца, што новы альбом «TAM» ад Leibonik — вельмі беларускі. Кажуць, што песні не могуць зрабіць балюча, але гэты альбом я слухала недзе тройчы і ўсе тры разы плакала. Мне вельмі падабаецца музыка Nizkiz, яны ў мяне чамусьці асацыююцца з 2020-2021 гадамі, але таксама іх слухаю, асабліва «Як спыняецца цішыня». NAVIBAND — проста супер, мне вельмі падабаецца іх песня «Іншымі» і тое, што яны зрабілі версію песні «Бяжы» па-ўкраінску.
Не слухаю глыбокі беларускі андэграўнд, бо не заўсёды маю час такое знайсці. Я падпісалася на беларускую спявачку Nevika і сачу за яе творчасцю — на маю думку, гэта вельмі файныя папсовыя трэкі, нам такога не хапала. Адкрыццём мінулага года для мяне быў гурт Nochy і іх альбом «Праз ціхі акіян», песня «Нашаманю» мне вельмі зайшла. А яшчэ ёсць іх трэк «Вечарынка» — слухаю яго, калі мне не хапае энергіі і трэба перазарадка. Пасля гэтай песні падпісалася на іх у сацсетках, каб не прапускаць тое, што яны робяць».
Кожная раніца ў Ветравай пачынаецца з трэка Pan ад Iva Sativa — вядомай беларускай выканаўцы, якая аб’ядноўвае хіп-хоп з фальклорнымі матывамі. З гэтага трэка пачалося знаёмства Лізы з творчасцю Івы. Блогерка характарызуе Pan як вельмі энергічную песню, што зараджае бадзёрасцю.
«РСП пішуць мовай, якой мы гутарылі ў Гарадзеі»
Музыка Лізінага дзяцінства — «Разбітае сэрца пацана». Ветрава родам з Гарадзеі, і калі яна была падлеткам, у яе асяродку было вельмі модна трасяніць: «Тады стрэліла песня РСП «Розавы закат», а яна напісаная той мовай, якой мы гутарылі ў мястэчку, таму вельмі нам зайшла. Памятаю, як мы ўключалі гэты трэк на тэлефоне, хадзілі па мястэчку і спявалі яго».
Тое, што РСП робяць цяпер, таксама адгукаецца дзяўчыне: яна называе трэкі «Ровар», «Бег». Апошняя песня моцна нагадвае Ветравай 2020-ты, бо тады «шмат даводзілася бегаць». Ліза не знаходзіць у РСП ні аднаго трэка, які ёй не падабаецца — усё ж такі гэта ўлюбёны гурт яе дзяцінства. Яшчэ адзін беларускі твор з яе плэйліста — Promni ад Syndrom Samazvanca, гурта, што, паводле блогеркі, здзівіў яе сваёй творчасцю.
Слухае Ліза і ўкраінскую музыку, але не ўсё ёй падыходзіць: «Пасля 24 лютага 2022-га, калі я выязджала з Украіны, слухала ўкраінскі гурт «Антитіла», і цяпер мне іх слухаць складана, бо трохі трыгерыць. Мне вельмі падабаецца тое, што робіць Надзя Дарафеева, у яе вельмі энергічныя, пазітыўныя, простыя трэкі, якія класна слухаць, калі ты стамляешся або табе трэба падтрымаць свой настрой. Асабліва мне даспадобы песня «Щоб не зійти з розуму».
Яшчэ з украінцаў адзначу Арцёма Піваварава, нават была на яго канцэрце. У яго ёсць праект, дзе ён бярэ вершы ўкраінскіх класікаў і робіць з іх файныя сучасныя трэкі, якія становяцца вельмі папулярнымі. Гэта моцна, я б хацела, каб і ў Беларусі быў такі выканаўца. Можна паслухаць іх дуэт з Надзяй Дарафеевай «Думи», дуэт з Насцяй Каменскіх «Там у тополі», «Очі». Зараз ён мае адносна новы трэк «Ти знаєш, що ти людина».
Любоў да року выклікала ў Лізы і захапленне класічнай музыкай у сучаснай апрацоўцы. Да прыкладу, гэта Бетховен, Бах і Вівальдзі, або, напрыклад, прыгожае танга. Такія рэчы, дзеліцца беларуска, чамусьці нагадваюць ёй рок, і пад гэта дзяўчыне камфортна працаваць. Класічная музыка, расказвае Ліза, дапамагае ёй канцэнтраваць думкі на працы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬШто слухае Саша Івулін — плэйліст
Украінка з расійскім пашпартам збірае «Мінск-Арэну». Тры разы запар
Што слухаць па-беларуску? Топ папулярных песень у Spotify на роднай мове ПЛЭЙЛІСТ
Каментары