Што прапануюць сталічныя рэстараны на Новы год і колькі гэта каштуе
Паглядзелі, у якіх рэстаранах і кафэ Мінска можна весела правесці апошнюю ноч года.
Рэстаран «Сядзіба»
Правесці ноч у гістарычнай сядзібе пачатку XIX стагоддзя, не пакідаючы межаў сталіцы, магчыма — рэстаран-клуб, які размешчаны ў былым радавым маёнтку Ваньковічаў, адчыніць дзверы для навагодняй вечарынкі. У праграме прапануюць DJ, розыгрышы прызоў, Дзеда Мароза, Снягурку і нават салют.
Збор гасцей пачнецца ў 22:00, а прадоўжыцца ўрачыстасць ажно да 5 раніцы. Кошт свята для дарослага складзе 500 рублёў. У гэтую цану ўваходзіць спецыяльнае меню: сем найменняў халодных закусак, 3 парцыённыя падачы страў і напоі на дваіх.
Гасцініца «Славянская»
Госці змогуць забраніраваць у рэстаране гасцініцы столік на кампанію ў 6-10 чалавек або знайсці месца за адным з доўгіх агульных сталоў. Адпачыць ад музыкі і танцаў можна ў спецыяльнай зоне, абсталяванай канапамі і мяккімі крэсламі. Для гасцей таксама будзе арганізавана фотазона.
Кошт навагодняй ночы ў «Славянскай» — 330 рублёў. Сюды уваходзіць меню: канапэ з чырвонай ікрой, бліновы рулет з сёмгай і сырам, руляда з курыцы, фаршаваная грыбамі, тарталетка і шмат іншага.
Гастрабар «Праўда»
Гастрабар з відам на Свіслач прапануе навагодні інтэрактыў, спецыяльнае меню і аўтарскія напоі. Заплаціць за ноч у старажытным будынку ў цэнтры Мінска давядзецца 400 рублёў.
Караоке-клуб «Багема»
Хочаце правесці ноч з шыкам? Тады вам у «Багему». Толькі ўявіце: для інтэр'еру гэтага клуба было выкарыстана больш за 3000 стразаў Swarovski, а мэбля абцягнута аксамітным тэкстылем і ўпрыгожана разьбяным дрэвам.
У Новы год элітнае караоке падрыхтуе шоу-праграму і святочнае меню. За ўсё гэта трэба будзе заплаціць 450 рублёў.
Гастрапаб ZAVOD
ZAVOD — гастрапаб у самым цэнтры сталіцы з асобнай караоке-залай і двума VIP-пакоямі. У апошнюю ноч года супрацоўнікі ўстановы паспрабуюць стварыць утульную атмасферу, а таксама парадуюць гасцей модным меню і напоямі.
Наведвальнікаў чакае жывая музыка, святочная шоу-праграма, караоке і дыскатэка з вядучым. А, калі хтосьці з гасцей стоміццца ад навагодняй мітусні, ён зможа бавіць час за гульнёй у бясплатныя аркадныя аўтаматы і настольны футбол. Каштуе такое задавальненне ад 200 рублёў.
Рэстаран «Ракаўскі бровар»
«Ракаўскі Бровар» запрашае на навагоднюю вячэру. Кавярня прапануе прыемныя неспадзеўкі для гасцей, але папярэджвае, што мерапрыемства скончыцца ў 20.00.
Адзначаецца, што ў святочныя дні можна будзе замовіць меню «на вынас» — папярэдні заказ на яго трэба аформіць да 30 снежня. Кошт навагодняй вячэры будзе роўны кошту выбраных страў з меню.
Кафэ-клуб «Таварыш»
Кафэ «Таварыш» прапануе настальгаваць па часах СССР. Святочныя ночы тут будуць ісці да 30 снежня. Гасцям арганізатары абяцаюць жывую музыку, танцы і шоу-праграму.
У кошт ночы ўключана святочнае меню і напоі — і ўсё гэта за 100 рублёў.
Святочны вечар не можа абысціся без прыгожага ўбору. Таму прапануем падборку сукенак, якія можна надзець на Новы год.
Каментары