8 лютага 2024 года Вярхоўны суд пачаў разгляд крымінальнай справы супраць чалавека, якога падазраюць у здзяйсненні ваенных злачынстваў. Праўда, абвінавачаны памёр яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі. Расказваем яго гісторыю.
Найбольш поўна і без ідэалагічных перакосаў гісторыю Уладзіміра Катрука выкладае шведска-амерыканскі гісторык Пер Андэрс Рудлінг у сваім артыкуле «Тэрор і мясцовая калабарацыя ў акупаванай Беларусі: прыклад 118-га батальёна ахоўнай паліцыі».
У разгар Другой сусветнай вайны нацысты сутыкнуліся з моцным партызанскім супраціўленнем на ўсходнім фронце. Для вырашэння гэтай праблемы былі прадпрынятыя радыкальныя сродкі. У 1942 годзе па загадзе рэйхсмаршал Германа Гёрынга ў партызанскіх раёнах неабходна было «канфіскаваць усю ежу, сагнаць на прымусовыя працы ўсіх працаздольных мужчын і жанчын і адправіць дзяцей у спецыяльныя лагеры».
З таго часу немцы пачалі рэгулярна акружаць і спальваць любую вёску, якую падазравалі ў падтрымцы партызан, а яе жыхароў расстрэльвалі, спальвалі жыўцом ці заганялі на прымусовыя работы ў Германію.
Вырашаць, спальваць вёску ці дэпартаваць яе жыхароў, павінны былі мясцовыя камандзіры Службы бяспекі (СД). У 1942 годзе немцы пачалі палітыку стварэння «мёртвых зон», дзе знішчалася ўсё, у тым ліку і людзі.
Спаленыя вёскі лічыліся партызанскімі. Не дазвалялася іх аднаўляць, а любога, каго сустракалі там, лічылі за партызана і расстрэльвалі. Лясы, дзе хаваліся партызаны, высякаліся і выпальваліся агнём.
Да лета 1943 года партызанскі супраціў у Беларусі набыў моц. Немцы адказалі палітыкай калектыўных пакаранняў. За час акупацыі было праведзена 60 буйных і 80 драбнейшых аперацый па «заспакаенні». У выніку было знішчана 627 вёсак, чые жыхары найчасцей былі зажыва спалены карнікамі.
118-ы батальён
Аснову 118-га батальёна ахоўнай паліцыі складалі ўкраінскія нацыяналісты з Букавіны, далучанай да Украіны ў 1940 годзе ў выніку пакта Молатава-Рыбентропа. Батальён быў часткай ультранацыяналістычнай АУН, а пасля яе падзелу ў 1940 годзе — меншага па колькасці крыла Мельніка.
900 з 2 000 членаў АУН(м) у Букавіне ўваходзілі ў так званы Букавінскі курань (батальён). Рудлінг лічыць магчымым удзел Букавінскага кураня ў забойствах у Бабіным Яры, дзе было знішчана 50-60 тысяч чалавек.
Але ўжо ў верасні 1941 года нацысты пачалі расстрэльваць ва ўсё тым жа Бабіным Яры ўкраінскіх нацыяналістаў, спачатку бандэраўцаў, а ў лістападзе — мельнікаўцаў. Букавінскі курань быў расфарміраваны, а многія яго члены, у тым ліку і афіцэры, накіраваныя ў 115-ы і 118-ы батальёны ахоўнай паліцыі.
Начальнікам штаба 118-га батальёна стаў Рыгор Васюра. Ён быў накіраваны ў Беларусь для барацьбы з партызанамі. Батальён прыбыў у Менск у лістападзе 1942 гады і практычна адразу быў перакінуты ў вёску Плешчаніцы.
Самай актыўнай часткай батальёна была першая рота, якая складалася пераважна з нацыяналістаў з Заходняй Украіны. Элітную частку батальёна складаў першы ўзвод першай роты, які ўзначальваў Уладзімір Катрук.
Катрук нарадзіўся ў букавінскай вёсцы Лужаны ў 1921 годзе. Тады Букавіна знаходзілася ў складзе Каралеўства Румынія. У Букавінскі курань ён уступіў у 1941 годзе, пасля рэарганізацыі якога ў паліцэйскі батальён Катрук па ўласным жаданні паступіў на службу ў трэцюю роту 115-га батальёна ахоўнай паліцыі, а затым у першую роту 118-га.
У 118-м батальёне Катрук быў камандзірам аддзялення (Gruppenführer) першага ўзвода першай роты. Гэтая рота была найлепш узброеная і практычна цалкам складалася з украінскіх добраахвотнікаў. У аддзяленні Катрука было 10-12 чалавек.
На тэрыторыі акупаванай Беларусі 118-ы батальён ахоўнай паліцыі браў удзел у найбольш жорсткіх аперацыях па «заспакаенні». З сакавіка па жнівень 1943 года ён удзельнічаў у аперацыях «Горнунг» («Hornung»), «Драўфгенгер» («Draufgänger»), «Котбус» («Cottbus»), «Герман» («Hermann») і «Вандсбек» («Wandsbeck»). Акрамя таго, 118-ы батальён змагаўся з польскім падпольным рухам.
Напрыклад, у ходзе аперацыі «Котбус» было забіта 13000 чалавек, а ў ходзе аперацыі «Герман» было забіта 4280 чалавек і яшчэ 654 узяты ў палон. У наяўных дакументах згадваецца прынамсі 17 такіх аперацый, у якіх прымаў удзел 118-ы батальён у тым ці іншым складзе.
Батальён служыў у Беларусі да ліпеня 1944 года, а затым накіраваўся ўслед за немцамі, якія адступілі ў Польшчу. Ва Усходняй Прусіі 115-ты і 118-ты батальёны аб'ядналі ў новы 63-ці Украінскі батальён ахоўнай паліцыі. Затым ён быў рэарганізаваны ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС, якая мусіла змагацца ў Францыі. Дзясяткі членаў батальёнаў дэзертавалі яшчэ ўзімку 1942/1943 і далучыліся да Украінскай паўстанцкай арміі ў Валыні, якая вяла такую жорсткую тактыку, як і нацысты.
Расследаванне ў СССР
Многім былым паліцыянтам удалося схавацца ад правасуддзя. З тых, хто адступіў разам з немцамі, дадому не вярнулася больш за 30%. Прыкладна 100-120 членаў 115-га і 118-га батальёна, у асноўным украінцы, былі рэпатрыяваныя ў СССР. Большую частку з іх высылалі сілай.
Але праз бязладзіцу, якая панавала пасля вайны ў Савецкім Саюзе, многім удалося схаваць небяспечныя факты са сваёй біяграфіі ад уладаў. Былыя паліцыянты былі асуджаныя ў ліку іншых савецкіх ваеннапалонных і адпраўленыя ў лагеры, дзе прасядзелі да амністыі 1955 года, пасля якой вярнуліся да больш-менш нармальнага жыцця.
А ў пачатку 1971 года ва Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці прыйшоў афіцыйны ліст з Масквы, у якім запытвалі інфармацыю пра 118-ы батальён і яго дзейнасць. КДБ прыняўся вывучаць архівы ў БССР: дзяржаўны, а таксама мясцовыя архівы ў Гродзенскай, Брэсцкай, Львоўскай і Кіеўскай абласцях. У выніку некалькім членам 115-га і 118-га батальёнаў быў вынесены прысуд.
У пачатку 1970-х гадоў былі арыштаваныя паліцыянты Кнапа і Лазінскі. Абодвух прыгаварылі да смерці, але пасля прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР змяніў прыгавор на 15 гадоў турэмнага зняволення. Затым у 1974-1975 гадах пачаўся працэс супраць Васіля Мялешкі, камандзіра першай роты 118-га батальёна.
Мялешка першую сваю карную аперацыю ў камандным званні правёў у Чмялевічах у студзені 1943 года. На ягоным рахунку таксама Хатынь, Селішча і Зарэчча.
Разам з немцамі ён адступіў і пасля запісаўся добраахвотнікам у Французскі замежны легіён, каб пазбегнуць выдачы ў СССР. Змагаўся на баку Францыі ў Паўночнай Афрыцы. Але не дапамагло. У 1949 годзе Мялешку рэпатрыявалі ў Кіеў са спецлагера ў Германіі і пасадзілі ў турму за супрацоўніцтва з немцамі, але ў 1955 годзе, у рамках усеагульнай амністыі, яго вызвалілі.
У 1974 годзе стала вядома пра ягоную дзейнасць у якасці камандзіра роты 118-га батальёна. Мялешку пакаралі смерцю за забойства дзясяткаў цывільных асоб.
У ходзе следства па справе Мялешкі ўдалося знайсці многіх членаў 118-га батальёна ахоўнай паліцыі. Іх дзейнасць падчас вайны больш не была таямніцай. Менавіта паказанні Мялешкі выдалі Рыгора Васюру, які раней выдаваў сябе за ахвяру нацыстаў.
У 1952 годзе за супрацоўніцтва з нямецкімі акупантамі Васюру прыгаварылі да 10 гадоў турмы, але таксама ў 1955 годзе вызвалілі па амністыі. Мялешка ж давёў, што толькі выконваў жорсткія загады Васюры па знішчэнні мірнага насельніцтва.
У 1986 года Васюру таксама судзілі за масавыя забойствы і ваенныя злачынствы, сярод якіх найбольш вядомым з’яўляецца бойня ў Хатыні, калі у сакавіку 1943 года карны батальён бязлітасна знішчыў вёску і 186 яе мірных жыхароў.
Справа Васюры складалася з 14 тамоў матэрыялаў, у якіх дастаткова падрабязна расказвалася, што ж адбылося ў беларускай вёсцы 23 сакавіка 1943 года. Васюру прызналі вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачання і прыгаварылі да смяротнага пакарання. Прысуд прывялі ў выкананне ў 1987 годзе.
Расследаванне па Хатыні праводзілася вельмі сур'ёзна. Беларуская вайсковая акруга выдзеліла дзве машыны і некалькіх следчых, якія ездзілі па ўсёй рэспубліцы і дапытвалі сведкаў, як ахвяр, так і злачынцаў. Усе паказанні пераправяраліся ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Падчас расследавання справы Васюры былі дапытаны 26 былых паліцыянтаў. У Мінскі суд прывезлі Кнапа і Лазінскага, якія адбывалі тэрмін у лагеры ў Комі ў АССР.
У 1986 годзе было вызначана, што 118-ы батальён ахоўнай паліцыі браў удзел не толькі ў расправе ў Хатыні, але і быў замяшаны ў знішчэнні такіх вёсак, як Чмялевічы, Кацялі, Зарэчча, Баброва, Асавы, Макаўе і Убор’е.
Справа Катрука
У час расследавання спраў Мялешкі і Васюры савецкая пракуратура зацікавілася Уладзімірам Катруком, сяржантам 118-га батальёна ахоўнай паліцыі.
З пратакола допыту В. А. Мялешкі 28 мая 1973 г.:
«Неўзабаве драўляны хлеў з людзьмі загарэўся. … Людзі зламалі дзверы і спрабавалі ўцякаць. Па іх быў адкрыты агонь з кулямётаў, выстаўленых у месцах, пра якія я сказаў вышэй. Стралялі таксама і аўтаматчыкі па мірных жыхарах, якія ўцякалі. Страляў Катрук, я бачыў гэта сам, а таксама расстрэльвалі іх з аўтамата тыя карнікі, якія знаходзіліся на іншым фланзе … Адначасова з тым, як агонь быў адкрыты па людзях, якія спрабавалі выскачыць з хлява, тыя ж карнікі стралялі па людзях, якія знаходзіліся ў ім. Тыя, хто спрабаваў выратавацца, тут жа падалі, падкошаныя кулямі. Такіх, хто хацеў выскачыць з хлява, было некалькі чалавек. Усе ж астатнія людзі знаходзіліся ў ім. Агонь па хляве вялі з кулямётаў, аўтаматаў, вінтовак».
З пратакола допыту І. Л. Петрычука 31 мая 1973 г.:
«… я разгледзеў Смоўскага, Кернера, Вінніцкага, Германа, Нарадзька, Луковіча, Лакусту, Катрука, Думіча і Кнапа сярод карнікаў, якія знаходзіліся каля хлява. Карнікамі, якія знаходзіліся там, і быў адкрыты па хляве з людзьмі агонь. Памятаю, што па хляве вялася стральба са станковага кулямёта доўгімі чэргамі. … Амаль адначасова, як была адкрыта стральба, загарэўся хлеў з людзьмі. Асуджаныя на гібель людзі пачалі крычаць. Крыкі разносіліся па ўсёй вёсцы. Карнікі, не спыняючы агню з кулямёта, расстрэльвалі людзей у хляве».
Пасля вайны Катрук, які камандаваў аддзяленнем першага ўзвода першай роты, ратуючыся ад выдачы ў СССР, некалькі гадоў служыў у Французскім замежным легіёне, як і Мялешка. У 1951 годзе пад выдуманым імем іміграваў у Канаду, падаўшы несапраўдную інфармацыю аб сваёй дзейнасці ў час вайны, каб атрымаць дазвол на жыхарства.
У пачатку 1950-х гадоў ад сваякоў Катрука, якія засталіся ва Украіне, супрацоўнікі КДБ праз пагрозы патрабавалі ягоную фатаграфію. Кадэбэшнікі вярнуліся ў часы Гарбачова, зноў патрабуючы раскрыць ім, дзе знаходзіцца іхні сваяк.
Дакладнае месца пражывання і фотаздымак раздабыла савецкая разведка. Паводле гэтай інфармацыі мінскі пракурор праз Міністэрства замежных спраў СССР даслаў афіцыйны ліст канадскім уладам з просьбай выдаць Катрука ў Беларусь для суду.
У 1980-х гадах савецкія ўлады не раз спрабавалі скарыстацца тэмай ваенных злачынстваў у палітычных мэтах, у тым ліку каб дыскрэдытаваць украінскіх эмігрантаў у заходніх краінах. Дзеля гэтай мэты ў СССР на англійскай мове апублікавалі шэраг кніг па тэме.
Канадскія ўлады, якіх СССР раней не раз галаслоўна абвінавачваў у тым, што тыя хаваюць ваенных злачынцаў, да чарговага патрабавання савецкага боку паставіліся непрыязна, заявіўшы, што па названым адрасе гэтая асоба не пражывае.
Аднак у лютым 1985 года канадскія ўлады стварылі адмысловую камісію пад кіраўніцтвам адстаўнога суддзі Жуля Дэшэна для расследавання сцвярджэнняў, што краіна ператварылася ў прытулак для нацысцкіх ваенных злачынцаў. Імя Катрук узначальвала спіс «бягучых спраў» камісіі. Але ў самім СССР справу на Катрука так і не паспелі завесці.
15 жніўня 1996 года Міністэрства грамадзянства і іміграцыі Канады апавясціла Катрука аб тым, што яго грамадзянства будзе анулявана за «супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі на тэрыторыі Украіны і Беларусі і за удзел у здзяйсненні злачынстваў у дачыненні да цывільнага насельніцтва Беларусі ў час службы ва ўкраінскім 118-м батальёне ахоўнай паліцыі».
У канадскім судзе Катрук адмаўляў удзел сваёй роты ў якіх-небудзь буйных аперацыях. Паводле яго слоў, іх размясцілі ў Плешчаніцах, а затым вясной 1943 года разам з батальёнам перавялі ў польскую вёску Эві. Там яны заставаліся да наступу савецкіх войскаў вясной 1944 года.
Катрук наступным чынам апісаў заданні батальёна:
«Абарона вяскоўцаў, іхных харчоў і іхнага рыштунку ад пагроз разнастайных партызанскіх сілаў — правых польскіх партызанаў, левых польскіх партызанаў, беларускіх партызанаў, савецкіх партызанаў. Кожная з партызанскіх груповак мела адну патрэбу і ў іх было нешта агульнае: усе яны здзяйснялі набегі на вёскі, каб забраць харчы і забяспечыць уласнае выжыванне і дзейнасць».
Ён сцвярджаў, што ніколі не адкрываў агонь у Плешчаніцах і Эві. Але гэтаму супярэчылі паказанні іншага паліцыянта Хрэнава, які служыў з Катруком. Хрэнаў пад прысягай паведаміў канадскім уладам, што Катрук прысутнічаў пры спаленні іншых беларускіх вёсак, такіх як Чмялевічы, і назваў яго актыўным удзельнікам барацьбы з партызанамі ў Беларусі.
Паказанні Хрэнава адпавядаюць паказанням іншых паліцыянтаў, якія ў 1974 годзе, падчас суда над Мялешкам, успаміналі, як Катрук разам з Лакустам праводзілі пакаранні смерцю членаў батальёнаў, якіх падазравалі ў спробе ўсталяваць кантакты з партызанамі.
У сваім заключэнні суддзя Дж. Надоі ў сваім вердыкце ад 29 студзеня 1999 года суддзя адзначыў:
«Я знаходжу цяжкім, калі не немагчымым, давяраць паказанням адказчыка, згодна з якімі ён не браў удзелу ні ў адной важнай ваеннай аперацыі, калі яго батальён знаходзіўся ў Беларусі. Гэта проста неімаверна. Я мяркую, што адказчык мусіў удзельнічаць прынамсі ў некаторых з гэтых аперацый у 1942—1944 гг. Адказчык быў прыкметным байцом батальёна, і адказваў за яго 1-ы ўзвод. Сп. Хрэнаў успамінае, што Катрук быў «актыўным удзельнікам». Я раблю выснову, што адказчык, як баец 118-га батальёна, браў удзел у аперацыях сваёй роты, і значыць, бясспрэчна быў уцягнуты ў змаганне з партызанамі непрыяцеля.
Хоць я не маю цяжкасці з гэтай высновай, я не гатовы, зыходзячы са сведчанняў, якія былі мне прадстаўленыя, рабіць выснову, што Катрук удзельнічаў у здзяйсненні зверстваў супраць цывільнага насельніцтва ў Беларусі. У мяне недастаткова фактаў, каб зрабіць такую выснову.
На маю думку, немагчыма выводзіць на падставе аднаго заключэння д-ра Месершміта, што адказчык здзяйсняў ваенныя злачынствы. Таму я лічу, што ісцец не даказаў, што адказчык удзельнічаў у здзяйсненні ваенных злачынстваў ці што ён здзяйсняў ваенныя злачынствы. Ісцец не выклікаў сведкаў, якія маглі б ідэнтыфікаваць адказчыка як здзяйсняльніка зверстваў супраць мірнага насельніцтва».
Суд прыйшоў да высновы, што Катрук «атрымаў канадскае грамадзянства за кошт наўмыснага ўвядзення ў зман, махлярства або за кошт утойвання важных абставін, якія супярэчаць «Закону аб грамадзянстве», але ў маі 2007 года канадскія ўлады коратка і без тлумачэнняў паведамілі Катруку, што не збіраюцца пазбаўляць яго грамадзянства.
Такім чынам Катрук пазбег дэпартацыі ў СССР і працягваў працаваць пчаляром у Армтауне, непадалёк ад Манрэаля.
Пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны і акупацыі Крыма ў 2014 годзе, адносіны Расіі з заходнімі краінамі і ў тым ліку Канадай сталі яшчэ больш напружанамі. Патрабаванні Следчага камітэта Расіі ў пачатку мая 2015 года вярнуць Катрука, каб ён мог паўстаць перад судом, былі праігнараваныя. А ў канцы месяца сталі неажыццяўляльнымі — былы карнік памёр ад інсульту 22 мая на 94-м годзе свайго жыцця.
У сувязі з гэтым Следчы камітэт Расіі закрыў крымінальную справу ў дачыненні да Катрука.
Да суда не дайшла справа не толькі Катрука.
Нацысцкія правадыры Адольф Гітлер, Генрых Гімлер і Ёзэф Гёбельс так і не паўсталі перад судом, бо здзейснілі самагубства незадоўга да канца вайны. Міжнародны вайсковы трыбунал прыняў рашэнне не прыцягваць іх да судовай адказнасці пасмяротна, але і без прысуду яны засталіся ў гісторыі палачамі мільёнаў людзей.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГенпракуратура накіравала ў суд першую крымінальную справу супраць памерлага
Беларусь будзе патрабаваць кампенсацый стратаў ад «генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны»
Генпракуратура Беларусі апублікавала спіс нацысцкіх злачынцаў. Сярод іх Коль, Шродэр і Шольц
Пракуратура маніпулюе лічбамі ахвяраў Трасцянца
Каментары