Генпракуратура Беларусі апублікавала спіс нацысцкіх злачынцаў. Сярод іх Коль, Шродэр і Шольц
Генеральная пракуратура Беларусі выклала на сваім сайце спіс меркаваных нацысцкіх злачынцаў і пахвалілася, што яны былі выяўленыя ў час расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Выявілася, што іх проста перапісалі з дакументаў 80-гадовай даўніны. І ў якім выглядзе!
Як заяўляе Генпракуратура, справа яшчэ не скончаная і ўстанаўленне іншых «нямецка-фашысцкіх злачынцаў і іх памагатых, што бязлітасна знішчалі мірных грамадзян на тэрыторыі БССР», будзе працягнута.
Сам спіс разбіты на раздзелы паводле сучаснага адміністрацыйнага падзелу Беларусі з пазначэннем таго, якія часткі даваенных абласцей увайшлі ў іх склад. Найбольш злачынцаў адшукалася ў Гомельскай вобласці — 319 чалавек, найменш у Гродзенскай — 149 чалавек. Агульная колькасць выяўленых беларускімі пракурорамі магчымых злачынцаў і іх памагатых склала 1340 чалавек.
Звесткі пра асоб пададзеныя мінімальна: імя, нацыянальнасць, дата нараджэння, званне, пасада на акупаванай тэрыторыі і магчымае злачынства, учыненае супраць мясцовага насельніцтва. Пры гэтым у пераважнай большасці выпадкаў вядома толькі прозвішча, якое пададзена па-руску без нямецкага варыянта, і няма аніякіх біяграфічных звестак.
Улічваючы колькасць цёзак па прозвішчы ў Германіі, толькі прозвішча недастаткова для ідэнтыфікацыі асобы: адных безыменных Мюлераў у спісе 12, а ёсць яшчэ цёзкі пасляваенных нямецкіх канцлераў Шміта, Коля, Шродэра і Шольца — таксама ўсе без імёнаў.
«Генпракуратура накіравала ў кампетэнтныя ўстановы юстыцыі 28-мі замежных дзяржаў даручэнні і просьбы аб аказанні прававой дапамогі, у тым ліку для ўстанаўлення дакладных анкетных даных названых асоб і атрымання звестак аб іх судзімасці за ўчыненыя злачынствы», — паведамляе Генпракуратура.
З вясны 2021 года, калі завялі крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа, лукашэнкаўская прапаганда і сілавікі ўвесь час імкнуліся падкрэсліць сувязь тых мільёнаў беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе супраць фальсіфікацыі выбараў і парушэнняў законнасці ў краіне, з беларускімі калабарацыянісцкімі фарміраваннямі, якія быццам бы знішчалі цэлыя вёскі пад бела-чырвона-белым сцягам. Ідэолаг кампаніі па пошуку злачынцаў, генпракурор Швед, прызначаны на хвалі здушэння пратэстаў, нават змясціў фотаздымак з ночы пасля выбараў на вокладку сваёй кнігі «Генацыд беларускага народа». Фотапараўнанні часоў акупацыі з часамі мірных пратэстаў ёсць і на яе старонках.
Але за некалькі гадоў працы і пасля гучных загалоўкаў дзяржаўных медыя пра паказанні сведак, калі меркаваць па выкладзеных спісах, так і не ўдалося выявіць ніводнага беларуса, а тым больш нейкага фарміравання пад нацыянальным сцягам, датычнага да нацысцкіх злачынстваў. Як, урэшце, і злачынцаў іншых нацыянальнасцяў — абсалютна ўсе пералічаныя ў спісе асобы пазначаныя як немцы. Нават памочнік гебітскамісара Глыбоцкага раёна і камендант гета Яўген Яўгенавіч Вятвіцкі, які мае відавочна славянскае імя.
Нягледзячы на абурэнне беларускіх улад, што замежныя краіны не хочуць дапамагаць ва ўстанаўленні асоб, датычных да злачынстваў, самі яны не вельмі карысталіся нават адкрытымі крыніцамі пры фарміраванні свайго спіса. Беларускім пракурорам нават не ўдалося ўстанавіць якія-небудзь звесткі пра нямецкі генералітэт.
Не даведаліся, напрыклад, дату і месца нараджэння генерал-маёра Адольфа Гамана, каменданта Бабруйска, пра якога маецца артыкул у некалькіх моўных раздзелах «Вікіпедыі», у тым ліку беларускім і рускім, дзе выкладзены не толькі гэтыя звесткі, але і іншыя падрабязнасці. Адна з такіх падрабязнасцей гэта тое, што Гаман за свае злачынствы ўжо панёс пакаранне, калі 30 снежня 1945 года быў павешаны на Тэатральнай плошчы Бранска.
Нават больш — усе гэтыя імёны, здаецца, тупа ўзятыя з актаў раённых камісій Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі аб злачынствах, учыненых нямецкімі акупантамі ў раёне, якія былі падрыхтаваныя яшчэ ў 1944—1945 гадах.
Мы параўналі інфармацыю ў спісе па некалькіх раёнах Брэсцкай вобласці са звесткамі гэтых актаў, што былі апублікаваныя летась у зборніку «Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны», падрыхтаваным дзяржаўнымі архівамі. Выявілася, што паміж імі існуе амаль стапрацэнтнае супадзенне. У актах прыводзяцца гэтак жа выключна прозвішчы і пасады, а ў пракурорскім спісе дзеля аб’ёму і адчування значнасці праведзенай працы да гэтых жа імёнаў дадалі пару аднолькавых сказаў пра злачынствы, таксама ўзятыя з адпаведных актаў па раёнах.
То-бок атрымліваецца, што ініцыятары расследавання паднялі савецкія дакументы 1940-х гадоў і перапісалі адтуль імёны, за што адказныя асобы, верагодна, яшчэ будуць і ўзнагароджаныя.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары