«Прапаганда гаворыць: «Мы — рускія». А мы не рускія». Башкірскія актывісты заклікалі да пратэстаў і ў іншых нацыянальных рэспубліках
Прыхільнікі асуджанага 17 студзеня Фаіля Алсынава пачалі публікаваць заклікі да насельніцтва Башкартастана сабрацца на акцыю пратэсту ва Уфе. Да гэтага пратэсты праходзілі толькі ў невялікім горадзе Баймак за 400 км ад сталіцы рэспублікі. У адным з распаўсюджаных відэа выйсці на акцыі пратэсту просяць і жыхароў іншых нацыянальных рэспублік, піша «Агентство».
Першыя заклікі пачалі зʼяўляцца ў каналах пасля заканчэння пратэстаў у Баймаку ўвечары 17 студзеня. На іх жыхароў Рэспублікі заклікалі выйсці 19 студзеня ў 10:00 да помніка нацыянальнаму герою Салавату Юлаеву.
Адзін з відэаролікаў са зваротам запісаў стваральнік «разумнай калонкі» (аналаг «Алісы» ад Яндэкса на башкірскай мове) Айгіз Кунафін. Гэта відэа перапосціў канал «Той самы з Башкарт» (адзін з галоўных каналаў пра пратэсты ў Башкартастане).
Выйсці на акцыю ва Уфе заклікаў і выканаўца песень на башкірскай мове Алтынай Валітаў. Ён запісаў пранікнёны зварот да шматнацыянальнай краіны.
«Прапаганда гаворыць: «Мы — рускія», а мы не рускія», — гаворыць ён. Ён просіць дазволіць народам быць сабою.
Таксама башкірскі спявак размясціў у Instagram відэа са зваротам да жыхароў іншых рэспублік.
Ён заклікаў людзей выходзіць 19 студзеня ў 10:00 да адміністрацый сваіх рэгіёнаў з патрабаваннем зрабіць роўнымі з рускімі ў правах нацыянальныя меншасці Расіі і праводзіць сумленныя выбары кіраўнікоў рэгіёнаў з допускам на іх мясцовых кандыдатаў.
«Я б прамаўчаў цяпер, але ў душы гарыць за гэтае самавольства.
Чаму рускія ва Уфе ходзяць са словамі «Расія для рускіх», і іх не саджаюць. А башкіра, які выступае ў абарону свайго народа, на сваёй зямлі саджаюць. Чаму? Таму што мы нацыянальная меншасць. Ім на ўсю краіну крычаць: «Мы рускія!» — можна, а нам на сваёй зямлі нельга. Дзе справядлівасць? І мы павінны праглынуць гэтае самавольства? Праглынем, і праз 100 гадоў башкірскі народ з тысячагадовай гісторыяй знікне. Я не гатовы мірыцца з гэтым. Мы, башкіры, не гатовыя», — сказаў Валітаў.
У чацвер пратэсты ў Башкірыі ўпершыню пракаментаваў і кіраўнік рэспублікі Радый Хабіраў. Ён назваў прыхільнікаў Алсынава, у тым ліку актывіста Руслана Габасава і чабана Фанзіля Ахметшына, «здраднікамі», якія заклікаюць да аддзялення Башкартастана ад Расіі і партызанскай вайны. Астатнім удзельнікам пратэстаў і «грамадства ў цэлым» Хабіраў падзякаваў. Паводле яго, яны «паглядзелі і пакінулі акцыю».
Пратэсты ў невялікім башкірскім горадзе Баймак, выкліканыя працэсам па справе Алсынава (яму прысудзілі 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму), сталі найбуйнейшымі ў Расіі з пачатку вайны ва Украіне. Улады жорстка задушылі іх, каля 40 чалавек пацярпелі, шасцярых удзельнікаў акцыі арыштавалі.
МУС Башкартастана распачала крымінальную справу аб масавых беспарадках.
У чым сапраўдная прычына маштабнага пратэсту ў Башкартастане
Працягваюцца супрацьстаянні ў Башкірыі. Сілавікі ўжылі слезацечны газ, пратэстоўцы закідваюць іх снегам
Тысячы башкіраў сабраліся каля суда падтрымаць свайго нацыянальнага актывіста
У Башкартастане вайскоўцу далі пяць гадоў турмы за адмову ваяваць ва Украіне
У Башкартастане затрымалі чатырох студэнтаў — «рэйкавых партызан». Дзмітрый Мядзведзеў запатрабаваў іх расстраляць
Каментары
Рф нужно отправить всех желающих в свободное плавание… а позже кто захочет те вернутся..