У Літве афіцыйна ўвялі забарону на непрацоўныя паездкі ў Беларусь, Расію і Кітай для вайскоўцаў, дзяржслужачых і асоб, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі. Адпаведную пастанову зацвердзілі на пасяджэнні ўрада.
Падставай для забароны сталі патэнцыйныя пагрозы бяспецы, у тым ліку інфармацыя пра тое, што спецслужбы згаданых трох краін займаюцца зборам звестак пра Літву.
У пастанове вызначаны, аднак, пералік выпадкаў, калі можа быць выдадзены дазвол на непрацоўную паездку: калі гаворка ідзе пра смерць блізкіх сваякоў, рэалізацыю правоў і абавязкаў бацькоў і апекуноў, вырашэнне маёмасных пытанняў.
У канцы 2023 года Сейм Літвы прыняў закон аб забароне выезду для вайскоўцаў у недружалюбныя краіны і даручыў ураду вызначыць спіс такіх дзяржаў.
Каментары