Пасажырка аўтобуса дабілася ад «Мінсктранса» вялікай кампенсацыі
Жыхарка Мінска атрымала падчас паездкі ў аўтобусе траўму нагі. Праз здарэнне яна больш за чатыры месяцы прабыла на бальнічным, і за гэта адсудзіла 3,5 тыс. рублёў кампенсацыі, паведамляе Мінскі гарадскі суд.
Жанчына ўпала і стукнулася левай нагой аб касяк скрынкі ў салоне аўтобуса ў траўні мінулага года. Прычына здарэння — рэзкае тармажэнне, бо кіроўца праігнараваў правілы дарожнага руху.
Жанчыне зрабілі аперацыю, а пасля таго яна праз суд папрасіла спагнаць з «Мінсктранса» 30 тыс. рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
У судзе прадстаўнік адказчыка і кіроўца пазоў не прызналі, аднак суд стаў на бок пасажыркі аўтобуса. Праўда, яе пазоў ён зменшыў у 10 разоў, вырашыўшы спагнаць з прадпрыемства на яе карысць 3,5 тыс. рублёў.
Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.
Каментары