Маці і адвакатаў Навальнага не пускаюць у морг, дзе, імаверна, знаходзіцца цела палітыка
Прэс-сакратарка Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш напісала ў сацсетках, што маці палітыка і адвакаты раніцай у панядзелак прыехалі да морга ў Салехардзе. Але ўнутр іх не пускаюць.
«Аднаго з адвакатаў літаральна выштурхалі. На пытанне, ці там цела Аляксея, супрацоўнікі не адказваюць», — напісала яна ў X.
«Медыязона», прааналізаваўшы відэазапісы з камер назірання, выявіла картэж ФСВП, які мог перавозіць цела Навальнага ў Салехард у ноч з 16 на 17 лютага.
За тры дні, якія прайшлі з моманту смерці Навальнага, яго сямʼя так і не атрымала цела.
«Новая газета Европа» са спасылкай на крыніцу пісала, што цела Навальнага знаходзіцца ў моргу акруговай клінічнай бальніцы Салехарда. Паводле інфармацыі выдання, цела палітыка даставілі ў бальніцу ўвечары 16 лютага. Па стане на 17 лютага, ускрыццё не праводзілася.
Маці і адвакатаў Навальнага, якія на мінулым тыдні прыехалі ў калонію ў Харпе, адправілі ў морг Салехарда. Але там ім сказалі, што ў іх цела няма. А ў следчым упраўленні, паводле звестак паплечнікаў Навальнага, заявілі, што дагэтуль высвятляюць прычыны смерці і не скончаць праверку раней, чым на наступным тыдні.
«Чым даўжэй цягнуць з ускрыццём цела Навальнага, тым менш верагоднай уяўляецца натуральная прычына яго смерці», — сказаў ВВС загадчык аддзела пасляаперацыйнай медыцыны ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі клінікі Tufts Medical Center у ЗША Канстанцін Балонаў.
Каментары