Маці Навальнага паставілі ўльтыматум: ці патаемнае пахаванне, ці пахаванне ў калоніі
Следчы паставіў ультыматум маці Аляксея Навальнага, запатрабаваўшы ад яе цягам трох гадзін пагадзіцца на таемнае пахаванне палітыка без публічнага развітання. Пра гэта паведамілі паплечнікі Навальнага Кіра Ярмыш і Іван Жданаў, піша «Медуза».
Калі маці Навальнага не пагодзіцца на гэтую ўмову, то палітыка «пахаваюць у калоніі», заявіў следчы.
«Яна адмовілася весці перамовы з СК, таму што ў іх няма паўнамоцтваў вырашаць, як і дзе ёй хаваць сына. Яна патрабуе выканаць закон, які абавязвае следчых аддаць цела на працягу двух сутак з моманту ўстанаўлення прычын смерці.
Згодна з медыцынскімі дакументамі, якія яна падпісвала, гэтыя двое сутак мінаюць заўтра. Яна настойвае на тым, каб улады далі правесці пахаванне і паніхіду ў адпаведнасці са звычаямі», — паведаміла Ярмыш.
Каментары