«Каб надпіс на помніку быў на беларускай мове». Беларускія добраахвотнікі пра запавет на выпадак гібелі
У другую гадавіны пачатку вайны супраць Украіны беларусы з добраахвотніцкіх падраздзяленняў адказваюць на пытанні, ці разлічвалі яны, што ваяваць давядзецца настолькі доўга, да чаго не былі падрыхтаваныя, які наказ пакінулі на выпадак смерці.
«Не быў гатовы, што столькі беларусаў загіне»
35-гадовы мінамётчык Алег Аўчыннікаў з Палка Каліноўскага на фронце 23 месяцы. Ён згадвае, як суайчыннікі, трапіўшы ў беларускую роты пры тэрытарыяльнай абароне спецыяльнага прызначэння «Азоў», у першыя дні вайны рваліся ў бой, бо думалі, што яна будзе непрацяглай і яны не паспеюць паўдзельнічаць.
Сам жа добраахвотнік разлічваў, што ваяваць давядзецца да канца 2022-га. Ужо ўлетку таго года сваё бачанне ваенных перспектыў адкарэктаваў. Спадзяваўся, што вайна пратрывае яшчэ 1,5 годы. Калі адмеранае не пацвердзілася, вырашыў, што яна кончыцца ў пачатку 2024-га.
«Ну, а цяпер упэўнены, што, як мінімум ваяваць давядзецца яшчэ год…» — удакладняе каліновец.
Ён кажа, што на перадавой з нечым незвычайным для сябе не сутыкаўся. Вайсковая справа і баявыя дзеянні не былі для яго чымсьці новым.
«Адзінае, да чаго не быў гатовы, што столькі беларусаў загіне ў гэтай вайне», — адзначае баец.
Алег жыве ва Украіне з 2014 года. Ён удзельнік Майдану. У тым, што Расія нападзе на Украіну, добраахвотнік не сумняваўся і з паплечнікамі папярэджваў украінцаў, што «Лукашэнка ім не саюзнік».
24 сакавіка 2022 года ён падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. Ваяваў звычайным стралком, сапёрам.
Каліновец мае два абярэгі. Першы — малюнак Пагоні ў сярэднявечным стылі, які яму падарыла на дзень народзінаў Кацярына Ваданосава. Другі — бел-чырвона-белы сцяг — ён пашыў сам у 2018 годзе і яго падпісала Ніна Багінская.
Ёсць у Алега асабліва прыватны тэлеграм-канал з абмежаваным кругам падпісчыкаў. У ім пераважна дзяўчыны, з усмешкай заўважае ён.
Там каліновец дзеліцца сваімі інтымнымі перажываннямі, баявымі гісторыямі. У гэтым канале размешчаны і яго запавет.
«Там гаворыцца, што рабіць з маімі рэканструктарскімі рэчамі, з грашыма, маім ноўтбукам, і як бы я хацеў, каб выглядала развітанне са мною», — тлумачыць Алег.
Больш падрабязна расказваць пра сваю таямніцу Аўчыннікаў устрымаўся.
«Ніякіх указанняў на выпадак смерці не даваў»
Дзяніс Урбановіч ваюе з сакавіка 2022 года. У яго не было адчування, што вайна выдасца зацяжной.
Дзянісу думалася, што «русне хутка наваляюць» і выкінуць з Украіны, але таго не адбылося.
«Я ўсё ж дапускаў, што на вайне давядзецца затрымацца», — заўважае лідар «Маладога фронту».
34-гадовы добраахвотнік перажыў пяць раненняў. Апошняе атрымаў летась у верасні.
Ён кажа, што быў маральна, фізічна і эмацыйна падрыхтаваны да раненняў і нават гібелі на фронце.
«Але, напраўду, не думаў, што атрымаю пяць раненняў, з якіх тры будуць цяжкія. У мяне нават спынялася на хвіліну сэрца, як сказаў мне парамедык, які эвакуяваў мяне», — удакладняе камандзір штурмавой групай групы батальёну «Волат».
Урбановіч штодня думае пра страчаных на фронце пабрацімаў: сваіх сяброў і лепшых беларусаў. Да іх гібелі ён гатовы не быў.
Дзяніс не даваў ніякіх указанняў на выпадак смерці. Загінуў, значыць, загінуў, кажа ён.
«Ідучы ў бой пракатваеш у галаве, што бачыў у Бахмуце, Кляшчэеўцы, думка адна, што ўкраінцы пакутуюць, — падсумоўвае ён. — У цябе з’яўляецца злосць і ідзеш наперад. Хтосьці гіне, хтосьці атрымлівае раненне, а нехта застанецца жывы. На ўсё воля Госпада».
За час вайны Урбановіч узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі» Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, а таксама медалём «За баявыя заслугі» Рады БНР.
«Не быў гатовы да ўкраінскай бюракратыі»
Баец Другога замежнага легіёну Алесь «Ювелір» на фронце з першых дзён вайны. Летась у жніўні яго цяжка параніла і ён дагэтуль лечыцца.
Добраахвотнік пра смерць стараецца не думаць і наказаў на выпадак сканання не даваў.
У шпіталі на яго часта надыходзіла абыякавасць, бо ён стаміўся лячыцца. Лічыў: як памрэ, то памрэ, але здолеў вярнуць сябе да жыцця.
Па рэабілітацыі спадзяецца вярнуцца на фронт.
«Я не казаў ніколі, што мяне куля не бярэ, бо ў мяне яна трапіла. На фронце жывеш проста адным днём. Думкі аб смерці адганяеш. Ды і марнаваць на тое час шкада. Лепей заняцца больш прыемным. Напрыклад, думаць пра жыццё пасля вайны», — гаворыць ён.
Алесь не спадзяваўся на хуткую перамогу. Не верыў і заявам, што вайна неўзабаве скончыцца, бо суадносіны вайсковай моцы пакуль не на карысць Украіны. Ён аднак быў перакананы, што расійская навала будзе спыненая.
На яго погляд, вайна завершыцца, калі ў самой Расіі адбудуцца палітычныя перамены. Без іх вайна стане пазіцыйнай — акопнай.
«Было б лепей, каб я памыляўся, але канца гэтай вайне не бачна», — адзначае ён.
Алесь кажа, што шакаваны, як расіяне вядуць вайну.
Яны знішчаюць усё, што палічаць неабходным. Не спыняюцца перад забойствамі мірных украінцаў і разбурэннем паселішчаў.
«Да гэтага нельга быць падрыхтаваным», — прызнаецца ён.
«Ювелір» не быў гатовы да ўкраінскай бюракратыі.
Паводле яго, украінскія ўлады заклікалі чужаземцаў бараніць краіну, а за гэта абяцалі бонусы, напрыклад, палёгкі ў атрыманні грамадзянства. Але працэдуры аказаліся абцяжараныя праверкамі службай бяспекі.
Быў разлад і ў войсках. Гучалі заявы пра натаўскія стандарты ў арміі, а на перадавой высветлілася, што яны ўкараняліся рукамі савецкіх афіцэраў.
«Былі спачатку думкі, што савецкая мінуўшчына ва ўкраінскай арміі сышла ў нябыт, але гэта не зусім так», — падсумоўвае Алесь.
«Каб пахавалі з продкамі. А надпіс — на беларускай мове»
Аляксандр Клачко ехаў на вайну, каб абараніць Кіеў. Разлічваў прабыць на ёй 1,5 месяца.
Аляксандр збіраўся запісацца ў замежны легіён, які, як меркаваў тады беларус, фармаваўся з добраахвотнікаў без заключэння з імі кантракту. Фінансавыя магчымасці не дазвалялі яму і яго дзяўчыне шмат часу заставацца ва Украіне.
«Без мяне яна б не справілася. Якія з мяне баец, калі мая дзяўчына апынецца з дзецьмі на вуліцы», — тлумачыць Аляксандр.
Ілюзій у добраахвотніка не было. Ён усведамляў, што расіяне будуць штурмаваць Кіеў, што яму дадуць аўтамат, які ён у руках не трымаў да гэтага.
Для яго на пачатку вайны галоўнае было, каб паказалі, як «мяняецца ражок у аўтамаце Калашнікава, калі скончацца патроны ў баю».
Калі трапляеш на фронт, тлумачыць Аляксандр, разумееш, што можаш не вярнуцца, ці будзеш паранены. У той момант не думаеш, як давядзецца жыць скалечаным.
«Зразумела, быў страх, куды ж без яго, — даводзіць баец. — Адзінае, чаго не чакаў, дык гэта хваробы з ныркамі пасля Бахмуту. Не думаў, што яны на палову адамруць (з-за гэтай хваробы ён вымушаны быў дэмабілізавацца. — НН). Гэта саматычная хвароба, не павязанае з раненнямі, ампутацыямі, ці кантузіямі».
Аляксандр дадае, што на вайне больш востра адчуваеш прыгажосць. А найвялікшыя каштоўнасці для яго — воля і годнасць. Ён верыць, што вызваленне Беларусі магчымае.
«За гэтыя рэчы я гатовы быў рызыкаваць здароўем і жыццём. Гэта, відаць, тычыцца кожнага жаўнера», — адзначае ён.
Аляксандр нарадзіўся ў Баранавічах. Але ў выпадку смерці наказаў, каб яго пахавалі на вясковых могілках Дамашэвіч сярод магілаў продкаў.
«І абавязкова, каб надпіс на помніку быў на беларускай мове», — адзначае ён.
Па яго словах, адзін з пабрацімаў, які хавае свой твар, прасіў, у выпадку гібелі, апублікаваць ягонае імя, нават калі сваякі будуць супраць.
***
Беларусы за Украіну ваююць у некалькіх добраахвотніцкіх падраздзяленнях. Найбольшае з іх Полк Каліноўскага. Іх колькасны склад можа сягаць 1000 чалавек.
У Палку Каліноўскага за час поўнамаштабнай вайны загінула 20 байцоў. Агульныя страты беларускіх добраахвотнікаў складаюць блізу 40 чалавек. Больш за 100 атрымалі раненні.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Чаму так шмат добраахвотнікаў ужо загінула на вайне? Меркаванне Сахашчыка
75 тысяч загінулых расійскіх салдат. Вось цана, якую заплаціла Расія за напад на Украіну
«Беларусы забыліся пра вайну. Нашых добраахвотнікаў называюць наймітамі» — былы каліновец Клачко
Каментары