«У памежнікаў маглі ўзнікнуць да мяне пытанні». Як беларусы абыходнымі шляхамі атрымліваюць польскі шэнген
Атрымаць шэнгенскія візы беларусам усё цяжэй. Вычарпаўшы рэальныя падставы для атрымання візы, многія шукаюць абыходныя шляхі — на жаль, не заўсёды легальныя. Беларусы расказалі выданню Most, на што ім давялося пайсці, каб атрымаць шэнгенскую візу.
«Мяне павяжуць на мяжы, і я цябе больш ніколі не ўбачу»
Аліна (тут і далей імёны суразмоўцаў змененыя) з'ехала з Беларусі па палітычных прычынах. Прыехаць дадому, каб пабачыць сям'ю, яна не можа, таму вясной 2023 года стала шукаць спосабы зрабіць візу маме. Тады Польшча не выдавала турыстычныя візы беларусам.
«Спачатку я шукала людзей з картай сталага побыту, якія маглі б зрабіць маме запрашэнне на гасцявую візу, але пазней аказалася, што на ўсё можа пайсці мінімум чатыры месяцы, — распавядае дзяўчына. — Да таго моманту я ўжо паўгода не бачыла маму і чакаць яшчэ некалькі месяцаў не асабліва хацела».
Ад знаёмых Аліна даведалася, што ў Польшчы ёсць людзі, якія робяць беларусам працоўныя запрашэнні за грошы. Спачатку яна не разглядала сур'ёзна такую магчымасць, але пазней усё ж папрасіла кантакт дзяўчыны, якая гэтым займаецца.
«Мне было страшна, што гэтыя людзі акажуцца ашуканцамі. Знаёмыя, якія далі кантакты «памагатараў», запэўнівалі, што яны не першы год гэтым займаюцца і баяцца наогул не варта. Яны робяць запрашэнне на працу ў кампаніі, у якой чалавек не будзе працаваць. Гэта значыць, працоўную візу ён атрымлівае з турыстычнай мэтай. І да гэтага ў польскага боку могуць узнікнуць пытанні.
Але нягледзячы на страх, я ўсё ж пагадзілася паспрабаваць і прапанавала маме такі варыянт. Яна спачатку адмовілася са словамі «мяне павяжуць на мяжы, і я цябе больш ніколі не ўбачу», але праз два тыдні ўгавораў пагадзілася».
Па словах Аліны, у пакет паслуг уваходзіла працоўнае запрашэнне за 340 рублёў, якое зрабілі цягам тыдня, запіс у візавы цэнтр каштаваў яшчэ 250 рублёў. Таксама мама дзяўчыны ў Альфа-банку самастойна аформіла гадавую страхоўку за 150 рублёў, 35 еўра склаў консульскі збор і яшчэ 11 еўра сышло на візавы збор пры падачы дакументаў.
«На шчасце, дзяўчына, якая дапамагала нам з візай і неабходнымі дакументамі, зрабіла ўсё вельмі хутка і ўжо праз месяц-паўтара ўсё было гатова».
Але на гэтым страхі і перажыванні сям'і не скончыліся. Пры перасячэнні польскай мяжы жанчыну вывелі з аўтобуса і на працягу гадзіны размаўлялі з ёй у закрытым памяшканні. Супрацоўнікі задавалі ёй шмат пытанняў: куды і навошта яна едзе, дзе будзе працаваць, колькі будзе зарабляць і як знайшла працу.
«Мама вельмі нервавалася і сказала ім, што едзе да дачкі. Пасля гэтых слоў яны сказалі: «А, тады ўсё зразумела» — і, як я мяркую, хацелі разварочваць яе. На шчасце, гэтага не адбылося — мама пачала казаць, што асноўная мэта паездкі ўсё ж звязаная з працай, што яна будзе працаўладкаваная ў Польшчы на пасаду прыбіральшчыцы і пералічыла абавязкі, якія былі прапісаныя ў яе дамове. Памежнікі ёй паверылі, і яна змагла да мяне прыехаць».
«У дакуменце было напісана, што я буду працаваць сакратаром, а я ледзь-ледзь магла гаварыць на польскай»
Настасся атрымала працоўную візу падобным чынам. Дзяўчына зімой 2024 года з'язджала з Беларусі, каб знайсці працу ў Польшчы. Але не хацела з Беларусі займацца пошукам працадаўцы, які мог бы адправіць ёй легальнае запрашэнне.
«Турыстычную візу я не збіралася рабіць. Па-першае, давялося б вельмі доўга чакаць сваёй чаргі для падачы дакументаў. Па-другое, па словах знаёмых, працоўная віза — гэта хуткі і надзейны варыянт. Уласна кажучы, я нядоўга думала і пагадзілася на яго».
Дзяўчына ўсведамляла, што ідзе на рызыку, але лічыла, што яна мінімальная.
«Фірму, якая рабіла мне запрашэнне на працу, мне раілі знаёмыя. Кансультант мяне папярэджваў, што ў памежнікаў могуць узнікнуць да мяне пытанні. Казаў: «Вы маладыя, адзінокія і гэта ваш першы выезд у ЕС, таму могуць звярнуць увагу пры выдачы візы і патэлефанаваць з удакладняючымі пытаннямі па працы».
Запісвацца самастойна на падачу дакументаў дзяўчына не хацела і шукала тых, хто можа ёй у гэтым дапамагчы. Праз знаёмых яна знайшла некалькі кантактаў пасярэднікаў. Кошт іх паслуг розніўся.
«Цэны вагаліся ад 150 да 500 рублёў у залежнасці ад тыпу візы. Наколькі памятаю, турыстычная была нашмат таннейшая за працоўную, пры гэтым мне падчас камунікацыі мала хто даваў хоць нейкія гарантыі. Часта на пытанні адказвалі так: «Мы паспрабуем, але нічога не абяцаем».
Дзяўчына ўспамінае, што і ўмовы супрацоўніцтва ва ўсіх спецыялістаў па візавых пытаннях адрозніваліся. Адныя казалі, што яе зарэгіструюць, але пры гэтым яна і сама павінна маніторыць сайт консульскага аддзела польскай амбасады. Іншыя казалі, што Настассі трэба толькі заплаціць грошы і ў патрэбны момант быць на сувязі.
«У выніку за запіс у візавы цэнтр я заплаціла 460 рублёў, але падаць дакументы ў патрэбны дзень не магла з асабістых прычын, а перанесці яго не было магчымасці. Таму за пропуск сваёй даты на падачу дакументаў мне давялося заплаціць штраф у памеры 200 рублёў. Пасля гэтага непрыемнага інцыдэнту мне паведамілі, што кошт запісу ў візавы цэнтр трохі ўпаў».
Настассі таксама давялося аформіць гадавую страхоўку, заплаціць візавы і консульскі зборы, а пасля чакаць, калі ўсё будзе гатова.
«Пашпарт з візай я атрымала праз тыдзень, а ўжо праз пару дзён была ў Польшчы. На мяжы я вельмі нервавалася, бо не ведала польскую мову і баялася, што пры неабходнасці не змагу адказаць на пытанні памежнікаў. Збольшага так і атрымалася. У мяне пыталіся, куды і навошта я еду, якая ў мяне будзе пасада і абавязкі.
Самае пацешнае, што ў дакуменце, які я ім дала, было напісана, што я буду працаваць сакратаркай і ў мае абавязкі будуць уваходзіць адказы на пытанні. Пры гэтым я з імі ледзь-ледзь магла гаварыць на польскай, у асноўным фразамі «прывітанне-пакуль». Вядома, памежнікаў гэта таксама вельмі збянтэжыла, таму я сказала ім з дапамогай перакладчыка, што еду да брата, які нібыта ўжо працуе ў гэтай кампаніі, а таксама што планую вучыцца ў паліцэяльнай школе. Гэты адказ іх задаволіў, і яны мяне прапусцілі».
«Беларусы зноў трапілі пад гарачую руку»
Пра тое, якая цяпер сітуацыя з выдачай віз, журналіст Most пагаварыў са спецыялістам у пытаннях атрымання шэнгенскай візы ў Польшчу Уладзімірам.
«З мінулага кастрычніка людзі масава атрымліваюць адмовы, нягледзячы на добра зробленыя дакументы. Віной таму, як мне здаецца, візавы скандал, які разгарэўся ў Польшчы. Адчуванне, як быццам беларусы зноў выпадкова трапілі пад гарачую руку.
Некаторых кіраўнічых асоб абвінавацілі ў незаконным афармленні віз мігрантам з Азіі і Афрыкі. Пасля гэтага адразу ж павялічылася колькасць адмоў. Палякі ў разы скарацілі колькасць выдаваных віз і месцаў. Напрыклад, да Новага года, умоўна, візавы цэнтр Мінска выдзяляў на адзін тыдзень 300 месцаў для падачы дакументаў, а цяпер — толькі 50, гэта значыць у шэсць разоў скарочаная колькасць выдзяляных месцаў.
Цяпер цікавая сітуацыя з турыстычнымі візамі. Палякі аднавілі іх выдачу ў верасні 2023 года, але калі раней консулам было дастаткова проста падаць бронь гатэля, то цяпер яны патрабуюць пацвярджэння аплаты. Гэта значыць, цяпер чалавек павінен сабраць дакументы, зняць і аплаціць апартаменты, распісаць маршрутны ліст і, верагодна, урэшце ўсё адно атрымае адмову.
Зыходзячы з маіх назіранняў, з верасня і аж да Новага года па турыстычных візах было каля 90% адмоваў. Пасля Новага года колькасць адмоваў скарацілася, але візы ў асноўным выдаюць пад паездку. Калі раней яе можна было атрымаць на два, тры, пяць гадоў, то цяпер гэтага і блізка не адбываецца.
Я не бачу перадумоў, што ў гэтым годзе нешта зменіцца ў лепшы бок. Хутчэй за ўсё, усё застанецца альбо на такім жа ўзроўні, альбо стане горш. Напрыклад, павялічацца праверкі. Мне здаецца, што пасля візавага скандалу на палякаў вельмі моцна цісне Шэнген-зона. Таму яны цяпер павінны паказаць, якія яны добрыя, як яны ўсё робяць правільна і не пускаюць у ЕС усіх пагалоўна».
«Ашуканцы зніжаюць цэны ў два разы»
Уладзімір кажа, што на фоне высокага попыту на паслугі візавых пасярэднікаў з'яўляецца шмат ашуканцаў. Яму вядомыя выпадкі, калі псеўдаспецыялісты знаходзілі людзей у чатах і групах, а пасля пісалі ім паведамленні такога зместу:
«Добры дзень, я бачу, што вы хочаце запісацца на візу. Мы якраз гэтым займаемся. Рэкламу не даем, таму што за яе трэба плаціць, затое цэны ў нас ніжэйшыя, чым у астатніх».
«Звычайна гэтыя ашуканцы зніжаюць цэны ў два разы, — расказвае Уладзімір. — Людзям гэта падабаецца, і яны з радасцю плацяць ім 100% перадаплаты, а потым дзівяцца, што пасля гэтага ім ніхто не адказвае на паведамленні, а віза ў пашпарце сама не з'яўляецца. Я пра такія гісторыі стабільна даведваюся кожны тыдзень».
Сярод падманутых, па назіраннях Уладзіміра, ёсць і тыя, хто зусім не атрымаў запрашэнне, і тыя, каму выслалі фіктыўныя дакументы.
Каментары