Людзі ў Расіі масава пішуць на бюлетэнях «Не вайне» і «Пуцін забойца» ФОТЫ
Цэнтрвыбаркам РФ заявіў, што агульная яўка па Расіі да 9:30 па маскоўскім часе склала 60%.
Апазіцыя на ўчастках у Расіі і за мяжой праводзіць акцыю «Апоўдні супраць Пуціна», якую абвясціла каманда Навальнага.
А расіяне тым часам псуюць бюлетэні на выбарах, куды не дапусцілі ніводнага антываеннага кандыдата. Сярод надпісаў, якія пакідаюць выбаршчыкі, — «Не вайне», «Слава Украіне», насупраць прозвішча Пуціна пішуць «забойца», «чакаем у Гаазе».
Такія дзеянні не засталіся без увагі. Як паведамляе «Медуза», на выбарчых участках у Маскве і Падмаскоўі ў суботу з-за надпісаў на бюлютэнях было затрымана некалькі чалавек.
Пра сваё затрыманне на выбарчым участку па гэтай прычыне распавяла жыхарка Падольска Марыя Аляксеева. Што канкрэтна напісала дзяўчына, і як яе затрымалі, невядома.
Таксама ў маскоўскім раёне Рамянкі на выбарчым участку быў затрыманы мужчына за тое, што напісаў у сваім бюлетэні «Пуцін забойца». Надпіс убачыў супрацоўнік паліцыі, пасля таго як выбаршчык апусціў ліст у скрыню і той упаў вонкавым бокам уверх.
Затрыманага даставілі ў мясцовае АУС. Яго абвінавачваюць у «непадпарадкаванні паліцыі». Як паведамляецца, ў аддзеле ён прабудзе да панядзелку.
У Адзінцова мужчына ў спісе выбаршчыкаў напісаў слова «байкот» і паспрабаваў забраць з сабой выбарчы бюлетэнь. Адзін з сябраў камісіі выклікаў паліцыю.
Каментары