Джорджа Мелоні патрабуе 100 тысяч еўра кампенсацыі за парнаграфічны дыпфэйк з яе ўдзелам
Прэмʼер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні запатрабавала 100 тысяч еўра ў якасці кампенсацыі за публікацыю порна-роліка з удзелам яе дыпфэйка, паведамляе Бі-бі-сі.
Мелоні патрабуе кампенсацыі ад 40-гадовага мужчыны і яго 73-гадовага бацькі. Мяркуецца, што яны выклалі на амерыканскі порнасайт дыпфэйкавыя парнаграфічныя відэаролікі, на якіх нібыта — прэмʼер-міністарка Італіі. Відэа сабралі мільёны праглядаў. Гэта адбылося ў 2020 годзе, за два гады да таго, як Мэлоні заняла пасаду прэмʼер-міністра Італіі.
Абодвух мужчын вінавацяць у паклёпе. Згодна з італьянскім заканадаўствам, некаторыя справы аб паклёпе могуць быць крымінальнымі і цягнуць за сабой пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
Чакаецца, што Мелоні дасць паказанні па гэтай справе ў судзе Сардзініі 2 ліпеня.
У выпадку прысуджэння ёй кампенсацыі ў 100 тысяч еўра Мелоні паабяцала ахвяраваць гэтыя грошы ў фонд жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Адвакат прэмʼер-міністаркі назваў пазоў «сімвалічным», закліканым «паслаць сігнал жанчынам, якія сталі ахвярамі такога роду злоўжывання ўладай, не баяцца вылучаць абвінавачанні».
Дыпфэйкі — гэта фота ці відэа, на якіх твар аднаго чалавека змяшчаецца на цела іншага з дапамогай лічбавай апрацоўкі.
Нядаўна Еўрапарламент ухваліў першы ў свеце закон аб рэгуляванні сістэм штучнага інтэлекту. Згодна з дакументам, самі па сабе дыпфэйкі не лічацца незаконнымі. Аднак іх стваральнікаў абавязалі выразна пазначаць, што выявы, відэа ці аўдыя згенераваны нейрасеткой.
Каментары
трэба паглядзець