Беларускі хакеіст пра Кальцова: Ён прымусіў мяне паверыць у сябе
Выхаванец жлобінскага «Металурга» Аляксандр Сувораў падзяліўся ўспамінамі пра хакеіста і трэнера Канстанціна Кальцова, які пайшоў з жыцця ў 42 гады.
«Вельмі цяжкая навіна. Гэта вялікая страта для беларускага хакея. Канстанцін Яўгенавіч быў выдатным хакеістам і спецыялістам, які ўсім усё даўным-даўно даказаў. Выдатны чалавек з добрай душой.
Мне пашчасціла з ім папрацаваць у «Дынама-Маладзечна». І зараз, азіраючыся назад, я магу сказаць, што для мяне асабіста гэта быў найлепшы сезон.
Выдатная каманда, класны трэнерскі штаб. І ўсё гэта было дзякуючы Кальцову, які трымаў атмасферу ў калектыве. Думаю, хлопцы з той каманды пагодзяцца са мной.
Канстанцін Яўгенавіч любіў сваю працу. Замест таго, каб паехаць дадому пасля ранішняй трэніроўкі,
ён часцяком заставаўся ў палацы і ішоў вечарам на лёд з маладымі хлопцамі, дапамагаў індывідуальна. Сапраўдны прафесіянал, які рос у прафесіі сам і дапамагаў расці падапечным.
Пасля сезона ў Маладзечне мы з ім пастаянна былі на кантакце. Кальцоў паверыў у мяне і прымусіў мяне паверыць у самога сябе. Бязмерна ўдзячны яму за гэта, таму што дзякуючы яму я зрабіў вялікі крок у сваёй хакейнай кар'еры. Канстанцін Яўгенавіч ставіўся да мяне як да сына, па-бацькоўску.
Калі ў мяне была асабістая трагедыя, ён быў адным з першых, хто мне патэлефанаваў і падабраў словы падтрымкі. Шчаслівы, што гэты чалавек быў у маім жыцці. Спачуванні ўсім родным і блізкім», — цытуе Суворава прэс-служба жлобінскага «Металурга».
***
18 сакавіка стала вядома пра смерць Канстанціна Кальцова на 43-м годзе жыцця. Паліцыя Маямі прыярытэтнай версій лічыць самагубства.
Былая жонка Кальцова Юлія Міхайлава не выключыла, што прычынай смерці стаў няшчасны выпадак.
У Кантынентальнай хакейнай лізе Кальцоў, які выступаў на пазіцыі крайняга нападніка, правёў 426 гульняў у складзе «Салавата Юлаева», «Атланта», «Ак Барса» і мінскага «Дынама» і набраў 128 (49+79) балаў. У складзе ўфімскай каманды ён стаў чэмпіёнам Расіі ў 2008 і 2011 годзе. Адпаведна, у 2011-м ён выйграў Кубак Гагарына.
Сабаленка пра гібель Кальцова: Хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разбітае
«Хутчэй за ўсё, ён быў п'яны». Інтэрв'ю з былой жонкай Канстанціна Кальцова, якая таксама жыве ў Маямі
«Ён пасварыўся». Першы трэнер Кальцова лічыць, што яго гібель звязаная з сямейнымі праблемамі
«Я ведаю ўсю сітуацыю». Найлепшая сяброўка Сабаленкі заявіла, што ведае абставіны трагедыі з Кальцовым у Маямі
«Відавочны суіцыд». Паліцыя Маямі пракаментавала смерць Канстанціна Кальцова
Каментары