Хітрыя чыноўнікі хацелі знайсці сінекуру ў прэзідыуме УНС. Але ўсё пайшло не так
Пасля завяршэння рэкрутынгавай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, якая каштавала дзясяткам правінцыйных чыноўнікаў пасад праз паглыбленыя праверкі КДБ, распачаўся набор дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу — там усё тое ж самае, толькі яшчэ больш забаўна.
За трыццаць гадоў кіравання Лукашэнкі на дзяржаўных пасадах аказваліся розныя людзі. Не абавязкова ваяўнічыя ябацькі — праскоквалі і асобы, здольныя на ўласнае меркаванне.
2020 год, супрацьпастаўленне дзяржавы грамадству і наступныя падзеі змянілі і пастрожылі логіку адбору ў вертыкаль.
Цяпер безумоўная лаяльнасць пры прызначэнні на палітычныя і кіруючыя пасады стала абавязковай. Яе мераюць па фармальных прыкметах: адсутнасць палітычна кампраметуючай інфармацыі на самога чыноўніка і на членаў ягонай сям'і.
Пад кампраматам маецца на ўвазе ўдзел у пратэстах, дэманстрацыя пазіцыі ў сацыяльных сетках, грашовыя пераводы і іншыя праявы салідарнасці, адназначная пазіцыя адносна генацыду ўкраінцаў.
На гэтым чынавенства і пагарае.
Чытайце таксама: Докшыцкага чыноўніка цягнулі ў дэпутаты, а калі выявілася, што сын у базе «Беспарадкі» — выгналі з работы
Як інфармуюць «Нашу Ніву» суразмоўцы з сістэмы, чыіх пасадаў мы выдаваць не можам, бо яны непасрэдна задзейнічаныя ў апісаных падзеях, з рэкрутынгам ва Усебеларускі народны сход (УНС) таксама здарылася трагікамедыя. Шэраг чыноўнікаў ужо разумее, што не толькі не атрымае прамоцыі, але і мае вялікі шанец вылецець з сістэмы.
Калі пайшоў «набор» у дэпутаты і сенатары, некаторыя адмаўляліся, разлічваючы, што выгадней будзе пайсці ва УНС — ці шэраговым удзельнікам, ці нават прабіцца ў прэзідыум УНС.
Прэзідыум УНС — гэта не больш за 15 уплывовых чалавек. Збіраць яго будуць радзей, адказнасці не столькі, работы яшчэ менш, але бонусы ў выглядзе статусу і кола кантактаў тыя ж самыя.
«Разумныя патэнцыйныя прэтэндэнты, хто адназначна ведаў пра існаванне палітычнага «кампрамату» ў сваіх сем'ях, вырашылі проста не прыцягваць да сябе і да блізкіх увагі органаў, адмовіўшыся ад паходу ва УНС. І ціха працягваюць работу на ранейшых пасадах, — кажуць нашы інфармаваныя суразмоўцы,
— а некаторыя палічылі, што змогуць праскочыць пільную праверку. Або ўвогуле і самі не ведалі аб удзеле блізкіх у пратэстах — бо цяпер у «блізкія» запісваюць і ўнукаў, і зяця, і нявестку. І нават сваякоў нявестак, калі на іх заведзеныя крымінальныя справы».
У выніку атрымалася так, як і са знятымі з гонкі кандыдатамі ў дэпутаты — некаторыя патэнцыйныя дэлегаты дакладна не трапяць на сход. Вядома і пра мінімум аднаго топ-чыноўніка, які прэтэндаваў на месца ў прэзідыуме УНС, але цяпер знаходзіцца пад падазрэннем.
«Прынамсі пару маіх знаёмых ужо праінфармавалі, што ў іх сур'ёзная сітуацыя, ні пра якое вылучэнне ва УНС гаворкі ісці не можа. А іх уласны лёс будзе вызначацца начальствам у кааперацыі са службамі дзяржбяспекі. І не факт, што ўдасца працягнуць працу», — расказвае крыніца.
Каментары