Нявестка Лукашэнкі атрымала ў Расіі дыплом на прэміі «Шансон года — 2024»
Адна з самых прадуктыўных аўтараў Беларусі Ганна Сялук (пад гэтым псеўданімам піша песні нявестка Лукашэнкі) атрымала чарговую прэмію. Вы будзеце здзіўлены, але зараз узнагароду ёй выпісаў не свёкар. Атрымаць дыплом Ганна паехала ў Маскву.
Расійскае «Радыё Шансон» правяло сваю традыцыйную цырымонію ўзнагароджання «Шансон года — 2024». Мерапрыемства адбылося ў Маскве ў шматфункцыянальным цэнтры «Live Арэна». Вялі імпрэзу спявак Аляксандр Маршал і актрыса Аляксандра Рабянок.
Ганна асабіста прыехала на цырымонію ўзнагароджання ў Расію. На фота з мерапрыемства яна пазіруе разам са спеваком Русланам Аляхно, які атрымаў статуэтку. Сялук дапамагала Аляхно працаваць над яго альбомам «А мы будзем шчаслівымі». Сам артыст называе яго прызнаннем у любові да сваёй сям'і.
На дыпломе, які пяшчотна і трапятліва Ганна трымае ў руках, пазначана: «За творчы ўнёсак у развіццё сучаснай музычнай культуры». На сваёй старонцы ў інстаграм Сялук напісала падзяку калектыву «Радыё Шансон» — колькасць клічнікаў у тэксце зашкальвала. У каментарыях ужо пачаўся перапіс праўладных артыстаў — усе імкнуцца хутчэй павіншаваць аўтарку песень. Найбольш адданыя (напрыклад, Аляксадра Мелех, якая спявае песню «Ах, Аляксандр!» — прызнанне ў каханні Лукашэнкі) нават сталі рэпосціць допіс Сялук сабе ў сторыс.
Дарэчы, сярод тых, хто атрымаў шансон-узнагароду, аказаўся і «беларускі мільянер, які спявае» — Васіль Сушко. Пра небанальны шлях на сцэну артыста, які прэзентуе сябе як «брутальны, харызматычны мужчына не толькі з мільённым рахункам у банку, але і з рамантычнай душой», «Наша Ніва» распавядала раней.
У сваім інстаграме Сушко паведаміў, што лаўрэатам у адной з намінацый ён стаў дзякуючы песні «Стараніся, нуда!».
Каментары