Галоўнакамандуючы УСУ: Расіяне на Харкаўшчыне пашырылі зону баявых дзеянняў на 70 кіламетраў
Аляксандр Сырскі прагназуе цяжкія баі і кажа, што вораг да гэтага рыхтуецца.
Расійскія войскі пашырылі зону актыўных баявых дзеянняў амаль на 70 кіламетраў у Харкаўскай вобласці, такім чынам спрабуючы прымусіць украінскі бок задзейнічаць дадатковыя брыгады з рэзерву, паведаміў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Аляксандр Сырскі ў сацсетках.
Паводле яго слоў, у сувязі з ускладненнем сітуацыі на ўсходзе Украіны ён некалькі дзён запар працуе ў частках, якія вядуць баявыя дзеянні на Харкаўшчыне.
Сырскі кажа, што асноўныя намаганні тут вораг засяродзіў на кірунку Стралечча — Ліпцы і на захопе Ваўчанска, з наступным выхадам да Белага Калодзежа і разгортваннем наступу ў тыл нашых войскаў.
З гэтай мэтай вораг стварыў і значна ўзмацніў аператыўна-тактычную групоўку войскаў «Поўнач», у склад якой увайшлі баявыя часткі 6 арміі, 11 і 44 армейскіх карпусоў.
Са слоў галоўнакамандуючага, расіяне пачалі наступ значна раней запланаванага тэрміну, калі заўважылі перакідку сюды ўкраінскіх войскаў, аднак ім «не ўдалося прарваць нашу абарону».
Сырскі прагназуе цяжкія баі і кажа, што вораг да гэтага рыхтуецца.
«Пры такіх абставінах мы павінны не дапусціць далейшага прасоўвання варожых войскаў устойлівым утрыманнем займаных рубяжоў і пазіцый, ударамі авіяцыі, ракетных сістэм, агнём артылерыі і танкаў нанесці яму максімальныя страты, а таксама стварыць умовы для разгрому дзеяннямі мабільных штурмавых груп і падраздзяленняў нападамі ў фланг і тыл з розных напрамкаў», — сказаў Сырскі.
Акрамя таго, Сырскі папрацаваў ва ўсіх брыгадах, якія вядуць баявыя дзеянні ў Харкаўскай вобласці, быў у адным з батальёнаў, які абараняе Ваўчанск, «на месцы прыняў усе неабходныя рашэнні для забеспячэння ўстойлівасці і эфектыўнасці абароны».
Паводле яго слоў, харкаўчане і жыхары Харкаўскай вобласці актыўна далучаюцца і дапамагаюць сілам абароны.
Каментары