Грамадства55

«Ніхто не ведаў, што гэта нешта прапагандысцкае». Чалавек са спорту, які супраць Лукашэнкі, зняўся ў роліку «Надо!»

Чалавек з беларускага спорту, які не падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, выпадкова паўдзельнічаў у здымках роліка ў падтрымку яго вылучэння на сёмы тэрмін. Пра тое, як гэта было і што ён цяпер адчувае, спартовец расказаў «Трыбуне».

Скрыншот відэа Міністэрства спорту і турызму

Бюджэтнікі і работнікі дзяржпрадпрыемстваў ужо некалькі дзён публікуюць ролікі, у якіх крычаць «Надо!» сёмаму тэрміну Лукашэнкі. Не застаўся ў баку і беларускі спорт.

У адным з такіх відэа зняўся чалавек, які не падтрымлівае Лукашэнку. Ён папрасіў не называць ні віду спорту, ні пасады, але расказаў, як здымаўся адзін з прапагандысцкіх ролікаў.

— Вас папярэдзілі, для чаго здымаецца гэтае відэа?

— Не, сказалі толькі хорам вымавіць слова «надо». А пасля гэтага можна далей трэніравацца. Усё прайшло вельмі хутка.

— Людзі разумелі, што адбываецца?

— Не, і ніхто не спрабаваў удакладняць. Наколькі зразумеў, ніхто нават не думаў, што гэта нешта прапагандысцкае. Калі хтосьці і думаў у падобным ключы, то ціха сам сабе.

Ніхто не мог падумаць, што пасля выйдуць такія ролікі, таму што ўсе здымкі, наколькі потым даведаўся, праходзілі раніцай у панядзелак. Гэта-бок, па сутнасці, усе каманды здымаліся ледзь не адначасова. Так што мы нават не ведалі, што стартаваў гэты так званы чэлендж.

— Пасля здымкі былі нейкія абмеркаванні?

— Не.

— Калі і як вы даведаліся пра тое, у чым зняліся?

— Бліжэй да канца дня, калі ўсе раз'ехаліся па дамах. Адзін аднаму пачалі пісаць, перасылаць відэа. Якая была першая рэакцыя? Шчыра, у галаве адна думка: «ё###ы у ### [ачмурэць], ды ну нафіг! Вы сур'ёзна? Тваю маць!» Але пры гэтым нейкай злосці і асуджэння ніхто не выказваў, не было гэтага і ў мяне. Таму што няма сэнсу злавацца.

Думаю, усе адразу зразумелі,што ён [Лукашэнка] яўна не загадваў такое рабіць. Наколькі бачыў па паведамленнях, усім стала смешна ад таго, як нейкія чыноўнікі імкнуцца выслужыцца. Сэнс і мэты адразу сталі зразумелыя. Стала зразумела, чаму нам не казалі, навошта трэба было выстраіцца і вымавіць слова «Надо!»

— То-бок агульнай рэакцыяй быў смех?

— Смех праз нейкую пагарду. Не злосць, не раздражненне, а нейкая пагарда да сітуацыі. Маўляў, «вось што яны зноў твораць, што гэта за цырк». Людзей больш абурыла ўтоенасць усёй сітуацыі, як гэта абставілі, нічога нікому не сказаўшы.

— А калі б вам патлумачылі што да чаго, усё адно пагадзіліся б удзельнічаць?

— Шчыра, не магу сказаць. Магчыма, пайшлі б усе, наўрад ці хтосьці рызыкнуў бы адмовіцца. Бо ў людзей кантракты, праца, а ў нашай краіне можна за адмову ўдзельнічаць у падобных акцыях атрымаць наступствы. Увогуле, хутчэй за ўсё, ніхто б не адмовіўся, але гэта, [калі б папярэдзілі], было б прынамсі больш сумленна, адкрыта, неяк больш чалавечна, калі можна так сказаць. І рэакцыя потым была б зусім іншая на відэа. Ну а так, як усё зрабілі… Гэта яшчэ больш адварочвае ад сістэмы, ад усяго, што і як робіць улада.

— А рэакцыя з боку вашых знаёмых не са спорту была?

— Вось асабіста мне ніхто нічога не казаў. Думаю, знаёмыя і сябры бачылі, ведаюць, але ніхто не тэлефанаваў, не пісаў. І дома з роднымі таксама ніякіх абмеркаванняў. Хоць я нават не ведаю, бачылі яны гэта ці не. Прынамсі, я не расказваў.

— Што адчувае чалавек, які не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, а ў выніку стаіць і кліча дыктатара ісці на выбары?

— Думаю, у большасці з тых, хто зняўся (прычым не толькі ў нашым відзе спорту, але і ў іншых), з'явілася адчуванне, што нас проста выкарыстоўвалі. Брыдка, калі вось такім чынам выкарыстоўваюць людзей. Выкарыстоўваюць чыноўнікі для таго, каб выслужыцца. Усе спартыўныя чыноўнікі баяцца, што іх прыбяруць перад «выбарамі», вось і імкнуцца засведчыць лаяльнасць. Ну а спартсменам, як я ўжо сказаў, проста брыдка ад такога стаўлення не толькі да іх, а ў прынцыпе да беларусаў.

— Адчуваеце, што вас прынізілі, прымусіўшы ўдзельнічаць у гэтым?

— Хутчэй, адчуваю не прыніжэнне, а менавіта, як я сказаў, тое, што [мяне] выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах і інтарэсах.

— А наогул, не бачыце ў гэтай акцыі спробу запляміць як мага больш людзей? Умоўна, калі аднойчы вы захочаце выступіць супраць Лукашэнкі, гэтая гісторыя ўжо вісіць на вас.

— Па-першае, думаю, гэтая гісторыя хутка забудзецца. Ну, паздымалі, атрымаўся нейкі трэш. Гэта забудуць і не будуць успамінаць. Па-другое, адэкватныя людзі выдатна разумеюць, што 90 працэнтаў удзельнікаў падобных акцый робяць гэта не паводле свайго жадання і памкнення. Проста пакуль так складваюцца абставіны.

Можна, вядома, казаць, што «прагнуліся дзеля чагосьці», але, прабачце, у кожнага свае прычыны гэта рабіць… У нашым выпадку мы нават не ўяўлялі, для чаго наогул гэта здымалася. А так, калі ў будучыні я захачу адкрыта выступіць супраць рэжыму, то наўрад ці мне хтосьці ўзгадае гэтую гісторыю. Тым больш маё асяроддзе ведае маю пазіцыю.

— Колькі людзей у вашым асяроддзі шчыра падтрымліваюць Лукашэнку?

— Так атрымалася, што я з падобнымі людзьмі нават не падтрымліваю кантакты. Не бачу неабходнасці. З часам адсеяліся проста.

— Калі наступны раз прыйдуць і папросяць зрабіць нешта падобнае, але пры гэтым зноў не будуць казаць пра мэты, пагодзіцеся?

— Асабіста я прама спытаў бы, для чаго гэта, навошта, дзе будзе відэа. Пагадзіўся б, калі б мне патлумачылі? Думаю, не. Я сам буду вырашаць, у мяне ёсць сваё меркаванне. Не пайду на вуліцу і не буду крычаць пра сваю пазіцыю (самі разумееце, у якой краіне жывем і якія могуць быць наступствы), але ад падобных акцый я б адмовіўся. Бо гэта сапраўдны цырк.

Каментары5

  • Улад
    31.10.2024
    Дарослыя ж людзі ... "Нам сказалі хорам вымавіць ...". А што "НАДО!"? Што трэба ухваляць? Можа, забіць каго, ці спаліць жыўцом?
    Сорамна!
  • Ёсік
    31.10.2024
    Нейкі дзіцячы расповед.
  • Баец ПКК
    31.10.2024
    Просто детский лепет какой-то

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца5

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

Канапацкая падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы12

Пенсіянер адправіў 18 тысяч рублёў дзяўчыне, а гэта аказаўся хлопец1

Лукашэнка сцвярджае, што ЗША пагражалі Беларусі вайной9

Рэспубліканец Арнольд Шварцэнегер падтрымаў Камалу Харыс5

На старажытнай карце вучоныя знайшлі шлях да Ноевага каўчэга1

Былога палітвязня з Баранавічаў судзяць са жніўня — яму пагражае да 12 гадоў калоніі1

«Абяцаю, што не буду захопліваць уладу неканстытуцыйным шляхам». Пра што асуджаных за палітыку папярэджваюць перад выбарамі1

Лэдзі Гага выпусціла пад Хэлаўін дзіўны і жудасны кліп на сінгл «Disease». Здаецца, гэта новы хіт3

Як ушанаваць памяць родных, калі не можаш наведаць іх магілы — раяць святары

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца5

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →