Усяго патроху

Лагер, варштаты, настольныя гульні — і ўсё па-беларуску. У Беластоку бацькі аб’ядналіся, каб іх дзеці ведалі сваю мову і традыцыі

У польскім Беластоку школьнікі з беларускай меншасці могуць вывучаць родную мову. Гэтага яшчэ 26 гадоў таму дамагліся бацькі. А пазней яны стварылі аб’яднанне АБ-БА (АБ’яднанне БАцькоў), каб засвойванне беларускай мовы і культуры было больш вясёлым і прывабным для дзяцей. Most пагаварыў са старшынёй АБ-БА Томашам Герасімюком пра праекты аб’яднання, адносіны з дыяспарай і пра тое, як зацікавіць дзяцей беларускай мовай і культурай.

беларуская мова ў Беластоку

Танцоры ансамбля «Падляшскі вянок». Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку

Адкуль тут столькі беларускага

Афіцыйна АБ-БА ўзнікла ў 2006 годзе. Але гісторыя арганізацыі пачалася ў 1995 годзе, калі жыхары Беластока дабіліся адкрыцця беларускамоўных груп у дзіцячым садку №14. Пазней дзякуючы іх намаганням выкладанне беларускай мовы з’явілася таксама і ў пачатковай школе №4.

— Яны хацелі даць дзецям магчымасць развіцця, каб вывучэнне гэтай мовы было больш прывабным, цікавым, каб дзеці мелі ад яе задавальненне, — тлумачыць Томаш.

Ствараць актыўнасці для дзяцей аб’яднанне пачало задоўга да свайго афіцыйнага ўзнікнення. Напрыклад, тэатральны гурток «Гульня ў тэатр» узнік яшчэ ў 1997 годзе, і зараз налічвае ў сваім рэпертуары больш за 20 пастановак.

У 2000-2010-х на базе школы №4 з’явілася студыя беларускага фальклору, вакальная група «Баламуткі», а таксама ансамбль танца «Падляшскі вянок», які выступае на міжнародных конкурсах і прывозіць адтуль узнагароды.

Танцы в Белостоке

Арганізаваны аб’яднаннем АБ-БА канцэрт, прысвечаны 25-годзю навучання беларускай мове ў Беластоку. Чэрвень 2023 года. Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку

Да таго ж удзельнікі аб’яднання на працягу двух гадоў ездзілі ў падляшскую вёску Тэраміскі і збіралі там успаміны мясцовых жыхароў, фатаграфіі, дакументы, вывучалі народныя песні. Вынікам гэтай працы стала кніга і спектакль «Ой, даўно, даўно… Беларускія гісторыі з Падляшша».

— Таксама ў нас ёсць летнія этнаграфічныя варштаты, якія мы называем проста «летнікі», — гэта калі дзеці едуць у летні лагер і пазнаюць там мясцовую беларускую культуру, традыцыю, гісторыю, можна так сказаць, на практыцы. Яны вучацца маляваць, выконваюць пластычныя працы, робяць розныя праекты, — расказвае Томаш.

Дзякуючы АБ-БА з’явіліся і падручнікі па беларускай мове для 1-6 класаў. Іх напісала настаўніца школы № 4 Аліна Ваўранюк. А яшчэ кожныя паўгода аб’яднанне выдае часопіс «Беларускі настаўнік».

Таксама свет пабачылі розныя выданні, у тым ліку некалькі дыскаў з народнымі песнямі, дзіцячая кніжка «Прыгоды мышкі Пік-Пік» і кніга твораў Марыі Базылюк-Саснюк, настольныя гульні «У або Ў» і «Ад Буга за Нарву».

беларуская мова ў Беластоку
Новы падручнік па беларускай мове для шостых класаў «Слова да слова», дапаможны дыск с песнямі да яго, і нумар часопісу «Беларускі настаўнік». Студзень 2024 года. Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку

Не толькі для меншасці, але і для дыяспары

Дзейнасць аб’яднання АБ-БА часткова фінансуецца са сродкаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства нацыянальнай адукацыі, маршалка Падляшскага ваяводства і прэзідэнта Беластока. Грошы выдаюцца пад канкрэтныя праекты.

Па словах старшыні аб’яднання, сродкі выдаткоўваюць і самі бацькі. Напрыклад, для пакупкі танцавальных касцюмаў, паездак на выступы. Удзел у этнаграфічным летніку «таксама патрабуе фінансавага ўдзелу з боку бацькоў».

— Трэба разумець, што наша аб’яднанне створанае бацькамі дзяцей і функцыянуе дзякуючы ім, — тлумачыць Томаш. — Мы не з’яўляемся інстытуцыяй, якая мае пастаяннае фінансаванне, офіс і кола супрацоўнікаў, якія б маглі выконваць нейкія заданні. Усё, што робіцца, робяць бацькі, якія працуюць на іншых працах і маюць іншыя абавязкі. Ёсць толькі ідэя бацькоў, пошук сродкаў на гэтую ідэю і рэалізацыя гэтай ідэі.

Лагерь в Белостоке
Летнік малодшай групы. Чэрвень 2023 года. Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку

Старшыня таксама падкрэслівае, што аб’яднанне, хоць і працуе ў школе №4 і падтрымлівае яе, але не з’яўляецца часткай ці органам гэтай навучальнай установы. Таму папулярызацыя беларускай культуры не абмяжоўваецца толькі сценамі школы. Асабліва добра гэта атрымліваецца ў ансамбля «Падляшскі вянок», які налічвае больш за 50 удзельнікаў, у тым ліку з іншых навучальных устаноў і нават з кола беларускай дыяспары.

— Мы ведаем, што дзеці, якія не вучацца ў школе №4, хацелі б быць удзельнікамі нашых праектаў, але ёсць патрабаванні і правілы, якія могуць гэтага не дазваляць. Але там, дзе яны дазваляюць, мы стараемся даваць магчымасць далучацца і дзецям, якія не вучацца ў «чацвёрцы», — запэўнівае старшыня аб’яднання.

АБ-БА ў асноўным дзейнічае для беларускай меншасці, то-бок грамадзян Польшчы, якія з’яўляюцца этнічнымі беларусамі. Але ў аб’яднанні хочуць, каб дзецям беларускіх эмігрантаў таксама далі магчымасць вывучаць родную мову ў польскіх школах.

— Польскія законы не абмяжоўваюць удзел дзяцей ва ўроках беларускай мовы, калі бацькі склалі адпаведную заяўку, — тлумачыць Томаш. — Але калі ў дзіцяці няма польскіх дакументаў, гміна ці арганізацыя, якая вядзе навучанне, не атрымае даплаты ад Міністэрства адукацыі. Гэта варта разумець і падымаць у размовах, каб як мага хутчэй уключыць дзяцей дыяспары ў сістэму навучання роднай мовы.

АБ-БА

Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку

Усё менш дзяцей хочуць вывучаць мову продкаў

Па словах Томаша Герасімюка, зараз у школе №4 каля 50 дзяцей вывучае беларускую мову. І большасць з іх прымае ўдзел у праектах АБ-БА. Але мужчына адзначае, што з кожным годам усё менш дзяцей хочуць вывучаць мову продкаў.

— Мы стараемся заахвочваць бацькоў, каб дзеці не забывалі гэтай мовы, каб яна не загінула, — дзеліцца старшыня аб’яднання.

Ён дадае, што вельмі шмат залежыць аб бацькоў — ад таго, ці хочуць яны быць часткай беларускай меншасці, ці адчуваюць сябе беларусамі, ці ўжо не.

— Можа, гэта праблема зручнасці для дзяцей, якія не хочуць вучыць дадаткова мову, ці, скажам, адчуванне, што беларуская мова не спатрэбіцца, — разважае Томаш.

Аб’яднанне АБ-БА будзе працягваць рабіць усё, каб навучанне беларускай мове працягвалася ў школах Падляшша. Напрыклад, ёсць вялікае жаданне арганізаваць варштаты ці канферэнцыю для настаўнікаў з падляшскіх гмін, каб іх падбадзёрыць, даць новыя прылады.

— Мы выдаём часопіс «Беларускі настаўнік» для тых, хто вучыць беларускай мове, — кажа Томаш. — Але незразумела, ці тая інфармацыя дасягае сваёй мэты. І з дапамогай такіх спатканняў, варштатаў мы маглі б атрымаць зваротную сувязь. Мы маглі б расказаць пра нашу дзейнасць, расказаць, як можна зрабіць выкладанне беларускай мовы больш прывабным. Мы маглі б абменьвацца вопытам.

Старшыня аб’яднання ўпэўнены, што выкладанне беларускай мовы ў школах Падляшша дае свае вынікі. Частка выпускнікоў такіх устаноў зараз самі актыўна ўдзельнічаюць у беларускім жыцці, у тым ліку і ў дзейнасці АБ-БА.

Каментары

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Усе навіны →
Усе навіны

Ціманоўская пра жыццё ў ЗША: Жудасная ежа і агідны сэрвіс67

Мазыранцы зрабілі няўдалую пластыку, яна падала пазоў на 100 тысяч рублёў1

Сёння даляр падаражэў на пяць капеек

Трое жыхароў Мінскага раёна атруціліся антыфрызам, адзін памёр1

Камунальнікі абурыліся самаробнымі лебедзямі з шынаў

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →