Паветраны шар з беларускімі кантрабанднымі цыгарэтамі прызямліўся проста ў літоўскі пункт пропуску
Вадзіцелі і пасажыры ў «Шальчынінкаі», якія перасякалі літоўска-беларускую мяжу, сталі сведкамі незвычайнай карціны — проста ў пункце пропуску прызямліўся вялізны паветраны шар.
Паводле літоўскіх памежнікаў, на метэаралагічным аэрастаце з беларускага боку ў Літву спрабавалі пераправіць 1250 пачкаў цыгарэт. «Мяркуючы па ўсім, кантрабандыстам не хапала ведаў аб тым, як такі некіравальны паветраны шар даставіць груз у запланаванае месца», — лічаць памежнікі.
Акрамя цыгарэт NZ Gold Super Slims з беларускімі акцызамі, да шара былі прымацаваныя GPS-прылады для выяўлення грузу.
З-за закрыцця пунктаў пропуску, узмацнення аховы мяжы і па іншых прычынах кантрабандысты ўсё часцей выбіраюць «дыстанцыйныя» спосабы транспарціроўкі цыгарэт. Апроч беспілотнікаў, сталі выкарыстоўваць метэаралагічныя аэрастаты. У 2023 годзе ў Літву з Беларусі прыляцелі тры шары з кантрабандным грузам.
Каментары