Лукашэнка з Крыгерам сеў у лужыну. А сэнс вызвалення расійскіх палітвязняў вось у чым
Так смешна, як лукашэнкаўцы рабілі выгляд, што нешта рашаюць, Гладкую прыцягнулі, адваката — тады як Масква з Вашынгтоном і Берлінам ужо даўно ўсё вырашыла, і самалёты ўжо запраўленыя стаялі, піша Сяргей Гезгала.
А якое было кіно, як ігралі акцёры: інсцэніраваны выбух у Азярышчы, смяротны прысуд.
Прастафіля Рыка Крыгер у выніку па-хуткаму трапіў дадому, прычым ляцеў у кампаніі годных людзей.
Можна толькі парадавацца за Кара-Мурзу, Яшына, Арлова, Скачыленку ды іншых вызваленых палітвязняў.
Гучаць смутныя галасы: а беларусаў няма каму выкупляць, няма на каго мяняць. Што ж, такая доля многіх герояў — ад Нэльсана Мандэлы да Ларысы Геніюш. Многія з іх выходзілі пераможцамі — адно праз доўгія гады.
Само рашэнне ЗША і Нямеччыны ўзамен за патрэбных Пуціну агентаў уратаваць, выцягнуць некага з расійскіх антываенных і прадэмакратычных актывістаў — мудрае.
Яно дасць надзею, натхніць іх паплечнікаў па расійскай апазіцыі. А ім жа няпроста там. Між тым і будучыня Беларусі залежыць ад таго, ці ўдасца свету змяніць Расію. І расійскія сілы, якія працуюць на гэтыя змены, заслугоўваюць падтрымкі. Вось чаму і вызваленне дысідэнтаў — гэта крок у добрым кірунку, як у савецкі час абмены Букоўскага і Шчаранскага.
Але ўся гэтая гісторыя таксама ясна паказала ўрадам у тым ліку Польшчы, Літвы і Латвіі як найбольш зацікаўленых — калі хочаш мець хаця б шанец некага выцягнуць з Беларусі, трэба здабыць кагосьці, хто таму рэжыму патрэбны.
Як пераканаліся ў Варшаве ды іншых сталіцах, проста словаў у Мінску не разумеюць.
Думаю, усведамленне гэтага прымусіць зараз панервавацца лукашэнкаўскую прамую агентуру і агентаў уплыву.
Каментары
==========================
І як Букоўскі ці Шчаранскі, апынуўшыся на Захадзе, спрычыніліся да змен у СССР? Ці была роля Букоўскага і Шчаранскага з Захаду для ініцыяцыі змен у СССР роўная хоць 0,001%, ці блізкая да нуля?
А Пуцін сустрэў сваіх як герояў. Зараз у Яўропе вата, маргіналы і суддзі шмідты зразумеюць - заб'eш "ворага народу" ці інагента, зробіш падпал ці шпіянаж - канчатковым вынікам стане чырвоная дарожка і кветкі ад прэзідэнта. Што там кветкі. Станеш зоркай тэлебачання, дэпутатам ці бязбедным пенсіянерам, як бачым па папярэднім абменам.
Калі спатрэбіцца абменны фонд, рэжымы схопяць журналіста, спартоўцу, ці прастафілю з безвізам. Гандаль людзьмі працуе ў іх, як Камароўка ў жніўні.
Цынічна прагучыць, прабачце, але ў сярэднетэрміновым выніку будзе больш ахвяр, чым выратаваных у гэтым абмене. І яшчэ трэба вельмі пільнаваць вось гэтых выратаваных, каб раптоўна не патанулі ці не атруціліся, адчыняючы дзвер у хату...