Ігар Кізім патлумачыў, чаму іх пакуль не змаглі вызваліць.
На канферэнцыі «Новая Беларусь» у пасла Украіны па асобых даручэннях па Беларусі Ігара Кізіма спыталі пра лёс беларускіх ваяроў у палоне — каліноўцаў Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзёгцева.
Кізім адразу заўважыў, што гэта настолькі чуллівае пытанне, што ніхто не наважыцца публічна гаварыць пра яго на канферэнцыях. Дыпламат дадаў, што вызваленне беларускіх ваеннапалонных абмяркоўваецца ў розных фарматах.
«Адзінага фармату вырашэння такіх пытанняў няма, кожны з іх індывідуальны. Як мы казалі ўчора, некаторыя абмены адбываюцца на такім узроўні спецслужбаў, што нават найбліжэйшыя партнёры не ведаюць, што адбываецца».
Ён звярнуў увагу на важны момант пра ваеннапалонных: расейцаў ёсць на каго мяняць, а беларусаў — не.
«Лукашэнка не звяртаецца па абмен, звяртаецца Пуцін. Як гэта праходзіць і дзе — пра гэта вам ніхто не скажа. Але я скажу так: гэтае пытанне ў кантэксце агульнага абмену ёсць», — дадаў ён.
Кізім яшчэ раз патлумачыў, што не ўсё можна разгалошваць: «Такія публічныя размовы — гэта з майго досведу працы паслом — наносяць шкоду гэтай справе».
«Справа рухаецца. Яна ёсць. Яна працуе і будзе вырашана», — запэўніў дыпламат.
Каментары