«Нібыта нанёс шкоду ў мільён еўра?» Што вядома пра пробашча Генрыха Акалатовіча, які дзевяць месяцаў знаходзіцца за кратамі
Расследаванне па справе святара завяршаецца, суд пройдзе ў закрытым рэжыме.
Дзевяць месяцаў таму быў затрыманы, а затым змешчаны ў СІЗА КДБ пробашч парафіі Святога Юзафа ў Валожыне ксёндз Генрых Акалатовіч. Інфармацыі пра яго стан няма амаль ніякай, але вядома, што святар трымаецца, не падае духам. Па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве пробашчу пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
Ніякіх афіцыйных звестак па справе святара дагэтуль няма, сутнасць абвінавачвання не называецца. Суд, які ўжо хутка адбудзецца, будзе закрытым — туды не змогуць трапіць сваякі і парафіяне, па выніках суда ніякіх звестак пра справу таксама не з'явіцца.
Але Katolik.life удалося даведацца ад вернікаў, знаёмых з сітуацыяй, некаторыя звесткі. Святара абвінавачваюць у тым, што ён быццам бы перадаў камусьці нейкую сакрэтную інфармацыю.
Паводле звестак, якія дайшлі да вернікаў, шкоду, нібыта нанесеную дзяржаве дзеяннямі святара, ацэньваюць у вельмі буйную суму і патрабуюць яе сплаціць. У размовах называецца сума каля 1 млн еўра ў эквіваленце (болей за 3 млн рублёў). У кошт спагнання гэта сумы намераны ўключыць грошы, якія канфіскавалі пры арышце ксяндза Генрыха — яго асабістыя зберажэнні і ахвяраванні парафіі, мяркуюць вернікі.
Аднак віну святар па-ранейшаму не прызнае.
«Якая здрада, калі ён любіць Радзіму больш, чым тыя, хто яго абвінавачвае», — адзначаюць знаёмыя з ксяндзом Генрыхам.
Яны лічаць, што пробашча прызнаюць вінаватым і асудзяць, канчаткова забраўшы канфіскаваныя грошы. А потым, як спадзяюцца вернікі, яго могуць вызваліць праз працэдуру памілавання, бо «пажылы і хворы чалавек у турме не патрэбны».
У апошні час ад святара не прыходзілі лісты, але вядома, што расследаванне справы завяршаецца, і суд можа быць прызначаны ўжо на верасень ці кастрычнік. У апошніх лістах ксёндз Генрых пісаў, што спадзяецца на заступніцтва Папы Рымскага, і прасіў не спыняць малітву.
Што тычыцца яшчэ двух мясцовых жыхароў, якіх затрымлівалі па справе святара, то яны ўжо вызваленыя з-пад варты — яны на волі, але нічога не могуць распавядаюць пра сутнасць справы.
Каментары