15-гадовая вучаніца ўчыніла стральбу ў школе ў Амерыцы. Двое забітых і пяцёра параненых
Яна таксама сама сябе застрэліла.
Наталі «Саманта» Рупнау, 15-гадовая вучаніца хрысціянскай школы K-12 «Багатае жыццё», прынесла ў кампус пісталет і адкрыла стральбу ў панядзелак каля 11-й гадзіны раніцы ў класе падчас заняткаў, піша New York Post.
Былі застрэленыя вучань і настаўніца, пяць чалавек параненыя. Двое вучняў знаходзяцца ў крытычным стане з траўмамі, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця, паведаміў начальнік паліцыі Мэдысан Шон Барнс у панядзелак увечары.
Па словах Барнса, Рупнау нанесла сабе агнястрэльнае раненне і памерла па дарозе ў бальніцу.
У інтэрнэце распаўсюджваецца меркаваны маніфест, які змяшчае гнеўныя, поўныя нянавісці погляды. Ён, як сцвярджаюць некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак, належыць Наталлі, але Барнс сказаў, што паліцыя пакуль не змагла гэта пацвердзіць.
Рупнау адкрыла стральбу ў класе, калі ў навучальнай зале знаходзіліся вучні з розных класаў.
Па словах Барнса, калі пачалася страляніна, другакласнік з суседняга класа патэлефанаваў у службу выратавання 911 і паліцыя прыбыла на месца здарэння прыкладна праз тры хвіліны.
Каментары