Санкцыі прыносяць свой плён — продажы новых аўто ў Беларусі б'юць рэкорды
За жнівень кампаніямі — членамі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі было прададзена 4916 новых машын.
Лепш, чым у даваенныя часы
На долю беларуска-кітайскіх машын (маркі Geely і Belgee) прыходзіцца 49% продажаў легкавога транспарту, сведчаць даныя, апублікаваныя Беларускай аўтамабільнай асацыяцыяй.
Жнівеньскія паказчыкі — гэта чарговы рэкорд. Для параўнання, у ліпені дылеры рэалізавалі 4 763 адзінкі, што на той момант было найбольшым паказчыкам за апошнія тры гады.
4916 новых аўто, прададзеных у жніўні, пабілі рэкорды ўжо чатырохгадовай даўніны. У даваенным 2021 годзе беларускім дылерам за жнівень удалося рэалізаваць толькі 4458 адзінак.
Лепш, чым цяпер, справы ў афіцыйных дылераў ішлі толькі ў 2019 годзе, які лічыцца рэкордным.
Geely мусіць быць вельмі ўдзячны санкцыям
Адметна, што асабліва добра ў новых рэаліях адчувае сябе беларуска-кітайскі вытворца Geely. Калі ў даваенным 2021 годзе агулам было прададзена 7442 аўто маркі, то ў 2023-м ужо 15 700 аўто. На працягу апошніх некалькі месяцаў дылеры прадаюць па 2000 аўто беларуска-кітайскай вытворчасці.
Агулам за 8 месяцаў 2024 года дылеры прадалі без малога 30 тысяч новых машын, што дазволіла перавысіць паказчыкі за ўвесь 2023 год.
Па выніках першага квартала 2024 года, у БАА прагназавалі, што ў 2024 годзе рынак дасягне і, магчыма, перавысіць 35 000 рэалізаваных новых аўтамабіляў.
БАА двойчы давялося пераглядаць прагнозы
Але праз абмежаванні на экспарт машын з Еўропы ў Беларусь з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, якія з 23 сакавіка ўвяла Польшча, прадстаўнікі дылераў заявілі, што будуць пераглядаць прагноз у бок павелічэння.
Праўда, літаральна праз пару месяцаў пасля гэтага ЕС у цэлым і Літва ў прыватнасці вымусілі афіцыйных беларускіх дылераў зноў пераглядзець прагнозы ў бок павышэння.
Нагадаем, што новы пакет санкцый, які працуе ад 1 ліпеня 2024 года, забараніў экспарт з Еўрасаюза машын з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, гібрыдаў, электрамабіляў і любых аўто, даражэйшых за 50 тысяч еўра.
Літоўская мытня ў сваю чаргу таксама ўскладніла транзіт аўто са Штатаў у Беларусь. Калі падсанкцыйнаму аўто не споўнілася 5 гадоў, то літоўская мытня патрабуе паказаць даведку ад вытворцы. Як паказвае практыка, атрымаць яе немагчыма.
Сярод іншых чыннікаў, якія ўплываюць на рост продажаў новых аўто ў Беларусі, у БАА называюць даступнасць аўтакрэдытавання і лізінгу, а таксама рост даходаў насельніцтва.
Каментары
Еўрапейскія левакі самі адмовіліся ад расійскага і беларускага рынку падарыўшы яго кітайцам.