«Уціхамірцеся!» Азаронак кінуўся абараняць беларускія вуліцы ад Бондаравай. Але матывы ў яго свае
Прарасійскія актывісты разам з даносчыцай Вольгай Бондаравай зноў пачалі абурацца беларускай мовай у горадзе. Іх скаргаў пра «дэрусіфікацыю» на гэты раз не вытрымаў прапагандыст Рыгор Азаронак.
Праўда, ён не столькі рашыў абараніць беларускую мову, колькі «не даць унесці раскол у Саюзную дзяржаву».
«Цэнтр Мінска. Руская і беларуская. Так паўсюль.
Хачу папярэдзіць кончаных правакатараў, якія ўносяць раскол у Саюзную дзяржаву — ніхто гэтага трываць больш не будзе», — напісаў Азаронак і прыклаў фота з цэнтра Мінска.
«Гуляем па Мінску. Шукаем дэрусіфікацыю. Уціхамірцеся (…). Па добраму ж папярэджваюць вас. Гадзіць у расійскіх каналах вам ніхто не дазволіць. (…) Правакацыі супраць Саюза Беларусі і Расіі будуць жорстка спыненыя і ў Беларусі, і ў Расіі», — змясціў Азаронак яшчэ адзін допіс.
Бондарава і яе паплечнікі ў адказ пачалі наперабой публікаваць шыльды з беларускай мовай на вуліцах, каб даказаць, што рускую мову «ўшчамляюць».
«Характэрна, што абарончы роў выйшаў на новы ўзровень пасля таго, як грамадзяне пабывалі на асабістым прыёме ў парламенце і пакінулі дэпутатам пісьмовыя звароты з фактамі адсутнасці рускай мовы ў дарожных паказальніках і адрасных таблічках дамоў і наяўнасці замест яе надпісаў на польскай, англійскай, лацінцы.
Трэба разумець, што гэта такі неафіцыйны адказ дадзены грамадзянам, так?» — напісала Бондарава.
Яна абурылася абразамі ад Азаронка і іншых прапагандыстаў, якія прагучалі ў яе бок: «Маргіналізуюць самым ганебным чынам».
«На сённяшні дзень мы бачым агідныя вычварэнствы рускамоўных слоў у назвах геаграфічных аб'ектаў: вул. Вызваления, Мазыр Павночный, вул. Костричницкая і г. д. Да чаго гэта?
Мы расцэньваем гэта як яшчэ адзін крок да дэрусіфікацыі: у наяўнасці спробаў поўнага адыходу ад нармальнай рускай мовы ў назвах геаграфічных аб'ектаў у краіне, дзе раўнапраўны статус абедзвюх дзяржаўных моў замацаваны заканадаўча — у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — не збіраецца здавацца Бондарава.
Каментары
"Русский язык – это наш культурный, социальный, исторический, научный, экономический актив, который на протяжении многих лет помогал беларусам развиваться, расти, быть частью великих достижений, открытий и свершений"