Тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску адмяніў спектаклі, адзін з артыстаў у рэанімацыі
Адменены быў нядзельны спектакль «Яшчэ раз пра каханне» паводле Васіля Шукшына, а таксама п'еса Кена Людвіга «Шукаем тэнара!» 31 сакавіка, паведамляюць Народныя навіны Віцебска.
У горадзе адмену спектакляў звязвалі з тым, што нібыта некалькі артыстаў захварэлі на COVID-19. Як высветлілі «ННВ», напэўна вядома аб адным станоўчым тэсце на каранавірус у коласаўца. Гэты артыст падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, яго стан стабільна цяжкі.
— Да 18 красавіка мы працуем у рэпетыцыйным рэжыме, - паведаміў TUT.BY дырэктар драмтэатра Аляксандр Старых. — Спектаклі адмянілі ў сувязі з нізкай запаўняльнасцю глядзельнай залы. Людзі не ходзяць цяпер у тэатр. Квіткі прадаюцца мала, а бывае, і наогул не прадаюцца. І гэта пайшло з сярэдзіны сакавіка. Таму пакуль, да 18 красавіка — рэпетыцыйны рэжым, а далей будзем глядзець на сітуацыю. Таму што кожны дзень - як новы.
Па словах А. Старых, на каранавірус захварэў адзін чалавек. У яго запаленне лёгкіх, знаходзіцца ў рэанімацыі. Тэст на каранавірус у яго паказаў станоўчы вынік.
Усяго ж на бальнічным па стане на 30 сакавіка знаходзяцца 11 супрацоўнікаў тэатра:
- Ёсць запаленне [лёгкіх], ёсць ВРЗ, ёсць ВРВІ - ва ўсіх розныя дыягназы. Але два, а магчыма, і тры супрацоўнікі ўжо заўтра выходзяць на працу.
Аляксандр Старых падкрэсліў — каранціну ў тэатры няма.
Каментары