Сёння раніцай у Сувалках, у паўночна-ўсходняй Польшчы, памёр прафесар Анджэй Струміла, 93-гадовы польскі мастак з беларускімі каранямі.
Учора ён адчуў сябе кепска. Яго шпіталізавалі, але лекарам не ўдалося яго выратаваць, паведамляе «Радыё Свабода».
Струміла нарадзіўся 23 кастрычніка 1928 года ў Вільні. Дзяцінства правёў у Свянцянах, у Вільні і Лідзе, юнацкі перыяд — на наваградскай зямлі. Скончыў мастацкую вучэльню ў Лодзі і Акадэмію выяўленчых мастацтваў у Кракаве.
У творчай біяграфіі мастака больш за сто індывідуальных выставаў у Токіа і Берліне, Маскве і Пекіне, Нью-Ёрку і Брэмене. Неаднаразова яго выставы праходзілі і ў Беларусі. Падчас сустрэчы са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2017 годзе ён падкрэсліў, што з'яўляецца «грамадзянінам ВКЛ» і лічыць Беларусь сваёй Бацькаўшчынай.
— Беларусь, мінская зямля — гэта мая Бацькаўшчына. Мой дзед і мой бацька нарадзіліся ў Мінску. Я ў Мінску сам бываў, ёсць у мяне сябры, аўтары, дзеячы культуры. Беларуская мова вельмі блізкая майму сэрцу.
Анджэй Струміла неаднаразова наведваў беларускія імпрэзы ў Польшчы, сябраваў з дзеячамі культуры з Беларусі.
Разам з Чэславам Мілашам і Томасам Вэнцлавам Струміла з'яўляецца адным з ініцыятараў выдання і аўтарам канцэпцыі «Кнігі Вялікага Княства Літоўскага» — тома эсэ (дваццаці аўтараў з Польшчы, Літвы і Беларусі), перакладзеных на літоўскую, беларускую і ангельскую мовы.
Фільм «Сума» («Summa») беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы пра Анджэя Струмілу прызнаны найлепшай сярэднеметражнай стужкай на адным з найпрэстыжнейшых у Еўропе фестываляў дакумэнтальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме.
Каментары