Два з паловай гады ён ляжаў паралізаваны ў бацькоўскай хаце.
У Белаазёрску памёр Генік Лоска — польскі вакаліст і гітарыст беларускага паходжання, зорка першага польскага тэлешоу X Factor, піша «Еўрарадыё».
Ён спяваў з дзяцінства, хадзіў у музычную школу і граў на гітары. Паступіў у Гродзенскі каледж мастацтваў. Разам з сябрамі стварыў блюзавы гурт Seven B.
У 1992 годзе каманда паехала на «Басовішча» і засталася ў Польшчы — граць на вуліцах і такім чынам зарабляць грошы. Хлопцы атрымалі польскае грамадзянства. Трыа Seven B перарасло ў моцны хард-блюзавы квінтэт, які актыўна гастраляваў па Польшчы і выпускаў альбомы.
Удзел у X Factor прынёс Геніку сапраўдную славу.
Музыка падкрэсліваў, што не лічыць сябе знакамітасцю і ніколі не будзе зоркай: «Я пануры, як шавец. І сацыяпат. Беларус у Польшчы і сацыяпат — выдатнае злучэнне».
Музычны аглядальнік штотыднёвіка Polityka Куба Ваяводскі пісаў пра Лоску: «Генік — плявок у твар польскай канцэпцыі слова «зорка». І дзякуй яму за гэта».
Генадзя Лоску знайшлі ў непрытомным стане 5 мая 2018 года ў цэнтры Белаазёрска — ён прыехаў да мамы, каб зрабіць дазвол на жыхарства ў Беларусі.
У музыкі дыягнаставалі левабаковы інсульт і закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Цягам 2,5 гадоў Генік ляжаў паралізаваны ў бацькоўскай кватэры, пры гэтым знаходзячыся ў прытомнасці.
Каментары