Меркаванні

Аграсядзібы пачынаюць душыць. Навошта і каму гэта трэба?

Для гаспадароў аграсядзіб надышлі трывожныя часы: падобна, за іх узяліся. Ужо сёлета плаціць у бюджэт трэба не 58 рублёў, а 372. Але гэта яшчэ паўбяды. Зусім хутка чакаюцца дзве куды больш сур'ёзныя заканадаўчыя інавацыі, якія абяцаюць падатак на выручку і пару непераадольных для многіх абмежаванняў. Пра тое, што чакае аграсядзібы, разважае ў СН-плюс Ян Бертановіч.

Фота: depisitphotos.com

Апакаліпсіс прагназаваць пакуль заўчасна. Але якраз час як мінімум здзівіцца: чаму тая рэдкая ініцыятыва зверху, якая знайшла жывую падтрымку ў нізах — і таму ўвасобілася ў нешта такое, што адчуваецца — раптам пачынае паволі душыцца. Прычым у самы неспрыяльны для верху момант.

Шляхціц на сваім гародзе

Незабыўны ўказ аб развіцці аграэкатурызму быў прыняты ў 2006 годзе — у пару максімальна «заціснутай» асабістай ініцыятывы, успадкаванай з савецкіх часоў. Знайсці тады на перыферыі натуральную каву і гатэль з гарачай вадой было чымсьці з разраду фантастыкі.

І тут — неверагодны ўсплёск лібералізму! У якасці заманухі будучым гаспадарам аграсядзіб абяцалі не толькі асаблівы статус з сімвалічным падаткаабкладаннем, але і поўную вольніцу ў плане асартыменту паслуг. Гасцей можна забаўляць і карміць чым заўгодна, і кожны рэцэпт або крэатыў не патрабуе паперкі з пячаткамі дзевяці ведамстваў.

Нават чарку «свойскай» турысту можна было наліць цішком. Пра гэта ва ўказе не пісалі, вядома. Але намякалі. У цэлым — «шляхціц на сваім гародзе роўны ваяводзе».

Да таго ж ініцыятыва зверху гарантавала абарону ад мясцовых чыноўнікаў. Наадварот, да з'яўлення новай аграсядзібы яны, як правіла, ставіліся добразычліва: ім жа трэба з гонарам адрапартаваць пра развіццё турызму ў даручаным рэгіёне.

І вось, поспех ініцыятывы перасягнуў усе чаканні. Аграсядзібы сталі расці як грыбы пасля дажджу. На сённяшні дзень іх амаль тры тысячы!

Эксперымент прынёс нечаканыя вынікі. «Зарэгуляванасць» чыноўнікі звычайна тлумачаць клопатам пра людзей. Але тут здарылася нешта дзіўнае. Натоўпаў падманутых, атручаных і траўмаваных кліентаў аграсядзіб чамусьці не з'явілася.

Рэкламацыі бывалі рэдка, а канфлікты калі і мелі месца, то вырашаліся палюбоўна. Чалавек з чалавекам як-небудзь дамаўляўся.

Да таго ж, стала магчымым камфортна падарожнічаць па Беларусі — прынамсі, на сваім аўто.

Калі раней табе даводзілася выдумляць неверагодныя лагістычныя схемы, каб заваліцца на рыпучае койкамесца ў жудаснай ЖКГшнай гасцініцы якога-небудзь райцэнтра, то зараз амаль заўсёды ёсць шанец заначаваць у ціхай вёсцы па маршруце — з душам і па разумнай цане.

Заканадаўчы дуплет

Па тэлевізары ўсе непапулярныя заканадаўчыя новаўвядзенні ў нас таксама звыкла тлумачаць клопатам пра грамадзян. Маўляў, выявіліся прайдзісветы, якія пад выглядам аграсядзібаў здаюць катэджы для шумных кампаній і перашкаджаюць спаць суседзям.

Так, ёсць і такія, хто спрачаецца. Але, па-першае, з імі можна змагацца звычайнымі метадамі — бо шумець усім забаронена, а тэлефон, па якім трэба тэлефанаваць у такім выпадку, ведае кожны. А па-другое — не так і складана юрыдычна развесці катэдж на суткі ў Ратамцы і этнахутар у глухім Палессі.

Аднак прапанаваныя новаўвядзенні закрануць усіх — і ў гэтым праблема.

Да прыкладу, згодна з прапанаванымі папраўкамі ў прэзідэнцкі ўказ, аграсядзіба павінна мець участак не менш за 14 сотак. А што загадаеце рабіць тым гаспадарам, у якіх 13, але яны ўжо паспелі ўкласці туды і душу, і сродкі?

Ці яшчэ адна інавацыя: «Забеспячэнне аграэкатурыстаў харчаваннем з выкарыстаннем прадукцыі ўласнай вытворчасці». Тут саму фармулёўку простаму смяротнаму не зразумець: ці трэба разводзіць цалкам аўтаркію, уключаючы вытворчасць цукру і солі? Ці пасыпаць заказную піцу кропчыкам з градкі будзе дастаткова?

Дарэчы, а калі сядзіба спецыялізуецца на пчалярстве? Або развядзенні экзатычных котак?

Спрэчным здаецца і той пункт, што аграсядзіба — гэта абавязкова адзін жылы дом, у дадатак да якога могуць прыкладацца толькі домікі гасцявыя. Прычым усё павінна быць на адным участку.

Такое патрабаванне забівае сам стымул развіцця. Часцяком гаспадары скупляюць нікому не патрэбныя хаты па суседстве і прыводзяць іх у парадак. У гаспадыні сядзібы «Родны кут» Юліі Бука такіх, здаецца, восем! Не катэджаў, а менавіта аўтэнтычных вясковых хат. І калі б не яна, яе родная вёска Валодзькава ў Глыбоцкім краі даўно ператварылася б у бесцялесны прывід.

Ну і самае галоўнае. У нас кожны разумее: узмацненне жорсткасці заканадаўства прымусіць актывізавацца правяральнікаў. А далей будзе вядома што: «Зачем барсук присел на сук? Зачем хорек пошел в ларек? И почему енот и крот танцуют танго и фокстрот?». І далей па тэксце.

Але гэта яшчэ далёка не ўсё. Ёсць і другая заканадаўчая ініцыятыва: прыраўняць гаспадароў сядзіб да самазанятых. На практыцы гэта азначае, што з 2024 года яны павінны будуць плаціць зусім не сімвалічныя падаткі.

Невялікія сямейныя сядзібы 10% ад сваёй выручкі (не блытаць з прыбыткам!) яшчэ неяк пацягнуць. Больш буйным, з гадавым прыбыткам ад 60 тыс. рублёў, будзе куды складаней — ім прыйдзецца плаціць усе 20%.

Чаму складаней? Выдаткі ў іх у працэнтных суадносінах і так большыя. У тым ліку — і на стварэнне працоўных месцаў, пра дэфіцыт якіх у глыбінцы і казаць не варта.

Зямля пад асфальтам

Ну, здавалася б, у чым бяда? Усе плацяць — а вы што, лысыя?

Тут справа вось у чым. Высокамаржынальным бізнэсам агратурызм ніяк не назавеш. Думаю, мала хто з гаспадароў ужо паспеў вярнуць укладзеныя грошы. Хутчэй, гэта своеасаблівая форма існавання — не толькі эканамічнага, але яшчэ і ментальнага.

Менталітэт тут наогул адыгрывае асаблівую ролю. Апісаны Коласам і іншымі нашымі класікамі піетэт перад «сваёй зямлёй» (у сэнсе канкрэтнага ўчастка, а не той Зямлі, якая з вялікай літары) перадаецца нават праз пакаленні.

І ні пад якім асфальтам яго не схаваеш. Паскрабеш гэты асфальт — а пад ім зямля. Толькі трэба было прыдумаць, чым на гэтай зямлі заняцца.

Зрэшты, у цяперашнюю постіндустрыяльную эпоху адказ і так відавочны. Корпацца ў зямлі дзедаўскім спосабам — справа непрадуктыўная. Куды больш мэтазгодна прыстасаваць яе для рэкрэацыі вечна стомленых жыхароў мегаполісаў.

Не сказаць, што ўсё гэта нейкая адмысловая выдумка нашых уладаў. Па той бок заходняй мяжы, на Падляшшы, агратурызм з'явіўся раней і развіты ўжо сапраўды не горш. Але добра, што і ў нас яно здарылася.

І вось, нейкім цудам асобныя гарадскія жыхары сталі перабірацца ў вёскі. Хтосьці нават прадаў выгадны бізнэс або пакінуў добрую пасаду. Сярод гаспадароў аграсядзіб такіх прыкладаў нямала.

Хтосьці нікуды не пераязджаў, але атрымаў стымул застацца — разам з дадатковай крыніцай даходу. У вёсках, як мы ведаем, на адзін заробак не пражывеш.

Хтосьці займеў магчымасць увасобіць свае запаветныя творчыя памкненні.

Так з'явіліся дзясяткі тэматычных сядзіб: шляхецкіх, конных, індзейскіх, кавальскіх, пчаліных, для фанатыкаў старой тэхнікі… і, вядома, этнаграфічных.

Сюжэт з яшчэ жывым зместам

Вясковыя сядзібы сталі візітоўкай краіны, сюжэтам для глянцавага буклета. Сюжэтам удалым — бо ён, у адрозненне ад некаторых іншых, напоўнены жывым зместам. І сапраўды, гэта самы адэкватны і суразмерны фармат турызму ў тых шыротах, дзе няма відавочных славутасцяў накшталт мора або гор.

Так, ён не прыносіць прамых даходаў у бюджэт.

Але, з іншага боку… трэба ж разумець, што вёска сёння — гэта наогул праект сацыяльны, а не эканамічны. Гэта ў першую чаргу пра ідэнтычнасць, традыцыі, культуру, памяць, а потым ужо пра бульбу і каўбасу.

Фота: depisitphotos.com

Больш таго — калі б не льготныя ўмовы, ніякіх аграсядзіб наогул бы не з'явілася. Вясковыя хаты проста згнілі б. Бо альтэрнатывы гэтаму падыходу, па сутнасці, не было.

Калі вы мне не верыце — едзьце ў Кудрычы, што згубіліся каля Пінска. Гадоў -наццаць таму «Палеская Венецыя» стала сапраўднай сенсацыяй. Ёй прадракалі ролю папулярнага ў Еўропе скансэна — і небеспадстаўна. Аўтэнтыка, унікальны ландшафт, чароўныя стрэхі, неверагодны Майсей Елісеевіч…

Чыноўнікі спачатку абяцалі, што падумаюць, потым думалі… а потым заявілі, што думаць ужо позна. Бо пакуль яны думалі, чарот згніў. Лагічна. І прадказальна. Калі б у Кудрычах не з'явілася аграсядзіба, пра гэтую вёску можна было б увогуле забыцца. Так, не скансэн — але хоць штосьці.

Да таго ж, недаатрыманыя падатковыя паступленні не ідуць ні ў якое параўнанне са сродкамі, убуханымі ў розныя дзяржпраграмы «развіцця вёскі» і падтрымку калгасных штаноў. А вось каэфіцыент карыснага дзеяння…

Здавалася б, самы час гэты поспех развіваць і маштабаваць.

Агратурыстычны праект лішні раз паказаў: калі хтосьці і ўратуе нашу вёску, дык гэта ўчэпісты мужык-гаспадар. Ці гаспадыня: многімі аграсядзібамі паспяхова запраўляюць паненкі.

Але замест гэтага — вядомая з анекдота спроба сабраць ураджай бульбы раніцой пасля пасадкі.

Зламаюць, але не даб'юць?

Сказаць, што гэтыя новаўвядзенні (калі яны будуць прынятыя ў такім выглядзе) паставяць крыж на тутэйшым агратурызме, будзе перабольшаннем.

Так, хтосьці плюне і зачыніцца, але большасць прылаўчыцца да новых умоў. Куды ж дзецца то, калі столькі ўсяго ўкладзена?

Але пра далейшае развіццё сферы (а пакуль яно было даволі-такі дынамічным) гаворкі ўжо не ідзе.

Яшчэ адзін момант — чыста псіхалагічны, камунікатыўны. Многія скептыкі першапачаткова сцвярджалі, што добразычлівасць дзяржавы — гэта не больш чым выкрут. Як у гульні ў напарсткі, дзе спачатку заўсёды выйграеш. Але энтузіясты хоць і сумняваліся, а рабілі. Тым больш на старце ніхто ж не папярэджваў, што ўмовы могуць змяніцца.

Калі яны расчаруюцца, гэта стане павучальным прыкладам для іншых. Камунікацыя паміж ініцыятыўнай асобай і дзяржавай стане яшчэ больш нацягнутай. І хоць забі — незразумела: навошта і каму гэта трэба?

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →