Беларусы малююць персанажа мема на фоне дзвярэй ГУБАЗіКа і побач з ядзерным грыбам.
Гісторыю поспеху гэтага інтэрнэт-мема можна справядліва назваць абсалютна выпадковай. У яго аснове выява антрапаморфнага сабакі, апранутага ў шэры швэдар, джынсы і чырвоныя кеды-конверсы. Хлопец засунуў рукі ў кішэні і трохі ўхмыляецца, выглядаючы спакойным і абыякавым.
Персанаж, намаляваны мастаком Філам Бэнксам, з’явіўся больш за год таму. Ён запосціў карцінку ў сваім твітары 4 кастрычніка 2023 года, дадаўшы да яе подпіс:
«Мой новы персанаж. Уся сутнасць у тым, што ён чыловы хлопец (chill guy), якому на ўсё пляваць».
Персанаж здабыў невялікую папулярнасць у сацсетцы. Людзі сталі капіраваць тэкст, змяняючы карцінку, або рабілі пародыі на чыловага хлопца, змяняючы яму адзенне, знешнасць, дадаючы розныя элементы.
На 1 красавіка 2024 года Бэнкс апублікаваў дакладную супрацьлегласць чыловага хлопца — хмурую «нечыловую дзяўчыну» (Unchill gal), патлумачыўшы, што гэта ягоны стары персанаж.
Мільёны на чыле
Сапраўды мемным гэты сабака стаў у канцы жніўня, калі ў тыктоку карыстальнік пад нікам @blitzerzz запосціў слайдшоу з ім. У верасні пачалі з’яўляцца відэа з персанажам і чыловымі цытатамі, якія нечакана сталі набіраць мільёны праглядаў. У відэа спачатку пад спакойную музыку распавядаецца пра нешта стрэсовае і складанае, а канчаецца ўсё выявай персанажа і подпісам «але ты проста чыловы хлопец». У твітары пачалі актыўна рэпосціць твіт Бэнкса з арыгінальнай карцінкай чыловага хлопца.
20 лістапада 2024 года карцінка здабыла трэцяе нараджэнне, калі нехта стварыў мемкоін пад назвай «CHILLGUY», які дасягнуў рынкавай капіталізацыі ў 488 мільёнаў даляраў. Мем з чыловым хлопцам затвіціў нават прэзідэнт Сальвадора Наіб Букеле, вядомы тым, што пры ім краіна актыўна ўкладае грошы ў біткойны, якія на хвалі росту быццам бы прыносяць у казну сотні мільёнаў даляраў.
Чыловы хлопец ізноў запаланіў англамоўны інтэрнэт, а яго вобраз сталі выкарыстоўваць у рэкламных акцыях буйныя карпарацыі, спартыўныя каманды і спевакі.
Напрыклад, еўрапейскі акаўнт Sprite апублікаваў рылс з чыловым хлопцам, які п'е газіроўку: «Калі ў групавым чаце ігнаруюць твае пацешныя жарты, але гэта окей, таму што ты проста чыловы хлопец, якому падабаецца ўласны гумар».
У інтэрнэце таксама можна купіць розныя тавары, налепкі, футболкі і фігуркі з выявай чыловага хлопца.
Гэта абурыла аўтара чыловага хлопца, які ў сваім твітары заявіў, што не даваў дазволу на выкарыстанне свайго твора ў крыпце. Філіп Бэнкс заявіў, што плануе падаць скаргу супраць стваральнікаў «гаўнакоінаў» і іншых тавараў, якія незаконна выкарыстоўваюць ягоны твор. Пасля заявы Бэнкса цана токена «CHILLGUY» абвалілася на 54%, але хутка аднавілася. У інтэрнэце назбіралі аўтару мема каля $300 тысяч данатаў, але Бэнкс пакуль імі не зацікавіўся.
Нават з'явіліся асобныя акаўнты ў сацсетках, якія посцяць найлепшыя мемы з сабакам. На канец лістапада інстаграм-акаўнт сабраў ужо звыш 50 тысяч падпісчыкаў, твітар-акаўнт — каля 75 тысяч падпісчыкаў. Твітарскі акаўнт са значком верыфікацыі, які пры Маску прадаюць усім запар, не мае ніякага дачынення да Філа Бэнкса, але падпісаны толькі на яго акаўнт. «Гэты хлопец [Філ Бэнкс] нават не ўяўляе, што зрабіў. Кожны рылс у маёй стужцы — гэта чарговы чыловы хлопец, ізноў і зноў», — прызнаўся адзін з карыстальнікаў у каментарах на старонцы аўтара.
У чым сутнасць
Папулярнасць мема даволі загадкавая, выява сабакагаловага хлопца нічым асаблівым не адрозніваецца ад дзясяткаў і соцень падобных камічных ілюстрацый.
Чыловаму хлопцу напляваць на складанасці і стрэс, ён захоўвае абыякавасць перад абліччам любых выклікаў. Але і гэты камічны эфект ад супрацьпастаўлення спакойнага чалавека ў трывожных жыццёвых абставінах таксама зусім не новы.
Але кожны нязмушаны, спакойны чалавек на гэтай планеце можа ўбачыць сябе ў гэтым меме. Асабліва калі ўжо не першы год жывеш у сюжэце нейкага фільма-катастрофы з пандэміяй, рэпрэсіямі і вайной пад бокам і няма ўжо сіл і жадання неяк трывожыцца ад гэтага ўсяго, а тым больш ад нейкіх там праблем у асабістым жыцці ці на працы.
Часам персанаж аказваецца хітрэйшым, чым «проста хлопцам», бо ведае больш, чым людзі навокал, напрыклад, што хутка звольніцца са сваёй працы.
На беларускай глебе
Чыловы хлопец выглядае вельмі беларускім мемам — дадай саламяны брыль і ён быццам стане ўвасабленнем знакамітага «а можа, так і трэба». З такой жа абыякавасцю, здаецца, беларусы перажылі ўсе нягоды мінулых стагоддзяў, і перажывуць цяперашнія.
У беларускім твітары ацанілі патэнцыял гэтага мема. Чыловага хлопца з усмешкай на твары змяшчалі побач з грыбам ад выбуху ядзернай бомбы, якімі пагражае Расія свету, на фоне знакамітых дзвярэй карнікаў з ГУБАЗіКа, а таксама ў швэдары з дзяржаўным гербам на Кастрычніцкай плошчы — але гэта ўжо хутчэй пра ябацек, якія на чыле, у якіх усё добра і якія не заўважаюць таго, што робіцца ў краіне.
Нават сюжэт рамана Уладзіміра Караткевіча стаў полем для мема. Жудасным маўклівым коннікам Дзікага палявання супрацьстаіць проста чыловы хлопец, які «прыехаў з экспедыцыяй з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні піць з крыніц ваду, ад якой шчыміць лоб, слухаць працяглыя, як беларускае гора, песні баб на прызбах».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары