Кожны год айчынны футбол упарта намагаецца абвергнуць тэзіс: тое, што мёртвае, памерці не можа. Аднак, падобна, на трыццаты год свайго існавання Вышэйшая ліга ўсе ж такі дасягнула сапраўднага дна. Напярэдадні старту турніра крызіс «юбіляра» відавочны — «НН» фіксуе яго, распавядаючы пра «багаж», з якім элітны дывізіён падыходзіць да чарговага сезона.
Банкруцтва клубаў
Праблемы гульні нумар адзін кідаюцца ў вочы ўжо на этапе вывучэння спісу ўдзельнікаў. Сярод 16 каманд не знайсці самы амбіцыйны праект у найноўшай футбольнай гісторыі краіны. Для айчыннага алігарха Аляксандра Зайцава брэсцкі «Рух» — бы той «Чэлсі» для Рамана Абрамовіча. Каласальныя выдаткі на трансферы з зарплатамі, бытавыя ўмовы для футбалістаў на люксавым па нашых мерках узроўні, завоблачныя амбіцыі — падабенства з трыўмфатарам Лігі чэмпіенаў ледзьве не стоадсоткавае… Вось толькі сінэргія ў набліжанасці кіраўніка клуба да Лукашэнкі ды сусветныя санкцыі апынуліся для «Руха» куды больш смертаноснымі, чым для лонданцаў. На пачатку Зайцаў з-за недахопу сродкаў вымушана распрадаў лідараў, а пасля і ўвогуле абвясціў пра сыход берасцейцаў з вышэйшай лігі.
Кіраўнікі АБФФ замену шукалі ў адчаі, бо рапарт «наверх» пра страты ў шыхтах мог весці да іх уласных звальненняў. Таму дакапалі ажно да «Дняпро», пятай каманды першай лігі. Аднак гарантаваць баяздольнасць Магілёва сёння не можа ніхто — мінулым годам як ні паручаліся аналагічным чынам за штучна павышаны «Спадарожнік», той не дажыў і да экватара першынства. Грошай не хапае катастрафічна, таму расці ў класе ніхто не прагне. Горш за тое: паўсюдны рэжым строгай эканоміі выклікае сумнеў у жыццяздольнасці яшчэ шэрагу клубаў эліты на доўгай дыстанцыі.
Кадравы дэфіцыт
Упершыню за доўгі час ніводзін іншаземны спецыяліст не стартуе з беларускім клубам у вышэйшым дывізіёне. Хаця яшчэ колькі сезонаў таму ідэйныя спрэчкі на нашых стадыёнах вялі чэхі, галандцы, украінцы, расіяне, палякі…
Цяпер вышэйшая ліга не прыцягвае ўвагі нават шараговых замежнікаў, а следам за імі з'язджаюць, бо не бачаць перспектывы, і крэатыўныя мясцовыя настаўнікі.
Напрыклад, Аляксей Бага, што прывёў салігорскі «Шахцёр» да золата, выправіўся ў Азербайджан, Кірыл Альшэўскі ўжо перамагае ў Латвіі, Аляксандр Сяднёў уладкаваўся ў Казахстане, а Аляксей Шпілеўскі на Кіпры… Усё таму, што матэрыял, які тут атрымаюць трэнеры, на еўрапейскай прасторы неканкурэнтаздольны. І таму адсутнасць перспектывы нават патэнцыйна высокі заробак не кампенсуе.
Хаця, дарэчы, які ён высокі? Абмежаванні па ганарарах, якія пануюць у Беларусі ўжо год з падачы Міністэрства спорту, адбілі ўсякую ахвоту нават у рызыкоўных менеджараў выпраўляцца на нізкарэйтынгавую працу. А з улікам таго, што валютныя курсы сягаюць апошнімі тыднямі вышэй за неба, уводзяцца абмежаванні ды яшчэ палітычная пазіцыя краіны з'яўляецца таксічнай, дзяліцца футбольным розумам з беларусамі іншаземныя трэнеры не жадаюць.
Уцёкі гульцоў
Трэнд, які афармляўся цягам мінулага сезона, нарэшце стаў магістральным ды яшчэ і дзвюма плынямі абзавёўся.
Як і прадстаўнікі «цывільнага» грамадства, футбалісты ўцякаюць з радзімы па эканамічных ды палітычных прычынах.
Тыя, хто выказаў грамадскую пазіцыю пасля выбараў ці цягам 2021-га падтрымаў рэпрэсаваных, патрапілі ў «чорны спіс». Гэта значыць, што працаўладкаванне для іх у айчынных клубах стала немагчымым. Як і для хлопцаў, якія асудзілі расійскую інтэрвенцыю ва Украіну, выказалі нязгоду з міжнароднымі заявамі афіцыйнага Мінска ці то проста крытыкавалі кіраўніцтва федэрацыі. Таму шукаць працу за мяжой — адзінае, што ім засталося. Калі не верыце, што ў XXI стагоддзі кагосьці рэальна «забаніць» у футболе за асуджэнне гвалту, патэлефануйце Дзмітрыю Багу. Паўабаронца адной нагой быў спачатку ў БАТЭ, а пасля ў «Мінску», аднак падпісваць з ім кантракт клубам забараніў міністр спорту Сяргей Кавальчук.
Тыя ж майстры, хто паводзіў сябе больш лагодна, маглі разлічваць на працяг кар'еры. Вось толькі заробак у іх скараціўся амаль у 2,5 — 3 разы. Як вынік, здольныя хаця б праз раз трапляць па мячы з гэтым не пагадзіліся ды з'ехалі. З-за чаго вышэйшая ліга гэтым сезонам не далічыцца зорак — Гутара, Стасевіча, Паўлючэнкі, Клімовіча, Сялявы і яшчэ шмат каго.
Дэвальвацыя легіянераў
Калі прытрымлівацца рэгламенту вышэйшай лігі ды не лічыць замежнікамі расіян з казахамі, толькі вядучыя (чытай, заможныя) клубы разлічваюць у сезоне на кваліфікаваных легіянераў. Астатнія альбо перахопліваюць адзін у аднаго парачку афрыканцаў, што ў Беларусі ўжо адаптаваліся, альбо падпісваюць на ўдачу аднаго-двух ноўнэймаў з Малдовы, Узбекістана ці Грузіі. Сур'ёзна, канечне, яны калектывы не ўзмацняюць, аднак ствараюць ілюзію хоць нейкага кадравага руху. Плюс на фоне агульнага дэфіцыту майстэрства нават такія замежнікі ўжо летам будуць успрымацца як Раналду ды Месі.
Недасведчанаму заўзятару можа падацца, што «Шахцёр», БАТЭ ды мінскае «Дынама» ўраўнаважаць гэты дысбаланс. Аднак расчараванне будзе жорсткім:
у 2022-м нават прэтэндэнты на чэмпіёнства разлічваюць больш на колькасць, а не на якасць.
Таму і падпісваюць агулам розных Дыванавічаў, спадзеючыся выцягнуць пярліну з трансфернага смецця. У той жа час людзі кшталту Сзоке, Нарха, По ці Габі Кікі, што сцвердзілі сябе годнымі выканаўцамі, нават не разглядалі варыянты з пралангацыяй кантрактаў у Беларусі.
Судзейская прафанацыя
Яшчэ ўвосень Фонд спартыўнай салідарнасці выкрыў махлярства, пры дапамозе якога кіраўніцтва федэрацыі спрабавала ўплываць на вынікі матчаў. Босы АБФФ ладзілі з арбітрамі «сумоўі» перад прызначэннем на важныя сустрэчы — і падчас гутаркі даводзілі вынік, які патрабавалася забяспечыць. Бенефіцыярам часцей за ўсё выступалі прамыя канкурэнты БАТЭ, бо менавіта нядаўні гегемон яшчэ з часоў кіравання Анатоля Капскага раздражняў вярхі федэрацыі незалежнымі паводзінамі.
Цяпер жа, відавочна, «гуманітарка» пойдзе на адрас мінскага «Дынама». За «народны клуб» балее міністр Кавальчук, таксама бела-блакітныя колеры абараняў першы намеснік старшыні АБФФ Вяргейчык (які, дарэчы, і сення лічыць сябе дынамаўцам). Аднак галоўны «фан» сталічных футбалістаў — птушка куды больш высокага палёту. У верасні Аляксандр Лукашэнка адкрываў стадыён «Дынама-Юні» і падчас прамовы паставіў гаспадарам задачу — стаць чэмпіёнамі ў сезоне-2022. Як беларускі спорт падпарадкоўваецца яго загадам, вядома даўно. Таму толькі пытанне часу, калі правераная мадэль дапамогі запрацуе на карысць мінчукоў. А тое, што яна спатрэбіцца, сумневаў няма: на мінулым тыдні «бела-блакітныя» саступілі ў чвэрцьфінале «Гомелю», склад якога фармаваўся «на каленцы» літаральна за дзясятак дзён да двубою. Таму па «вельмі дзіўных справах» першынства-2022 відавочна дасць фору аднайменнаму тэлесерыялу…
Каментары