Што нас аб’ядноўвае з Новым Арлеанам? Значна больш, чым падаецца на першы погляд. У сакавіку 1997 г. па запрашэньні Джона А.Эксьнішаса, члена ўраду штату, мне давялося трапіць у гэты горад чытаць лекцыі ў двух унівэрсытэтах — Новага Арлеану і Каталіцкім унівэрсытэце імя Ляёлы. Ёсьць там і трэцяя ВНУ — унівэрсытэт Т’юлэйн (не гаворачы ўжо пра элітны Батан-Руж), найлепшы з трох, але там пашчасьціла толькі папрацаваць у бібліятэцы.
У Новым Арлеане нечакана для сябе знайшоў шмат супольнага паміж беларусамі і мясцовымі жыхарамі. У музэі гораду найбагацейшая ў ЗША калекцыя лацінскаамэрыканскага рэлігійнага і сьвецкага жывапісу XVII—XIX ст. знакамітай школы Куска (Пэру). Гэта падобныя да беларускіх каталіцкіх і ўніяцкіх рэлігійных карцін жывапісныя творы. Па стылі яны спазьняюцца ад нашых на 30—50 гадоў, але блізкія як дзьве кроплі вады. Тое мастацтва таксама паўставала на мяжы хрысьціянскага сьвету, і яго галоўнай задачай было прапагандаваць каштоўнасьці хрысьціянскай Эўропы перад нявернымі. Такая ж задача была і ў беларускага мастацтва перад варожай Турэччынай і трошкі дзікаватай Масковіяй. Таму абсалютна нармальнай у школе Куска выглядае выява архангела Міхаіла, апранутага падобна да беларускага шляхцюка ў шыкоўныя вышытыя строі з карункавым каўняром (канкістадоры таксама імкнуліся ўбірацца не абы-як), у руцэ якога замест агнявога мяча… мушкет!
Каталіцка-крэольскі, непаўторна мяшаны культурны слой дагэтуль жывы ў ваколіцах Новага Арлеану. Там можна пачуць непапсаваную францускую мову XVIII ст. — эмігранты з Францыі яе так і закансэрвавалі. Карацей, што гаварыць — глядзіце фільмы новаарлеанскага рэжысэра Джыма Джармуша і знаёмцеся з гэтай атмасфэрай. Дарэчы, Джармуш пару месяцаў таму, у інтэрвію «Газэце выборчай», заявіў, што за паходжаньня ён Jarmusz, Ярмуш, а значыць, хутчэй славак або паляк і што шукае свае гістарычныя карані ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе.
Старасьвецкія трамвайчыкі бегаюць па кальцавым маршруце ў гістарычным цэнтры Новага Арлеану, дзе стаяць асабнякі зь белымі калёнамі, а ў цэнтры ёсьць музэй гісторыі Паўднёвых штатаў ЗША — музэй супраціву пераможаных паўднёвых перамогшым паўночным.
У адным з такіх «каляніяльных дамкоў» у Джона А.Эксьнішаса пашчасьціла месяц жыць і мне. Дарэчы, мае лекцыі скончыліся досыць пацешна. Меркавалася, што паеду я ў ЗША бясплатна, прафінансаваны фондам Сораса. Фонд жа Сораса якраз забаранілі, а ў Новым Арлеане ўжо ўсё было дамоўлена, таму давялося ехаць за свой кошт. Амэрыканцы гэта ацанілі — тагачасны мэр містэр Марыял зрабіў мяне ганаровым грамадзянінам гораду і пачэсным паслом Новага Арлеану ў Беларусі (ёсьць у іх і такія пасады, разьлічаныя на разьвіцьцё сяброўскіх сувязяў паасобных штатаў з замежжам). Але ня гэта было самай кранальнай падзеяй у час майго побыту ў незабыўным Горадзе месяца, як яго называюць самі месьцічы — з-за прыгожай формы павароту ракі Місысыпі, які яна робіць праз горад. Аднойчы ў суботу вечарам мы пайшлі ў знакаміты Францускі квартал, дзе ў кожнай кавярні грае блюз, джаз або рок, якія штогод у студзені-лютым зьліваюцца ў адно — самы знакаміты ў сьвеце фэстываль блюзу і джазу «Мэрдзі Гра».
Кавярня называлася «Donna’s», і гаспадыняй яе была прыемная жанчына Донна Панятоўскі, што сядзела пры бары ў клубах дыму зноў модных у горадзе гаванскіх цыгар. Граў Джон Марсаліс-малодшы з ансамблем (трэцяе калена вядомай музычнай сям’і), Джон мяне пазнаёміў з гаспадыняй. Адным зь першых пытаньняў было: а якія адносіны пані мае да Станіслава Аўгуста Панятоўскага? «Я ягоная пра-пра-пра-праўнучка», — быў адказ. Карацей, усё скончылася тым, што мы цьвёрда дамовіліся: або Марсаліс, або яшчэ хто-небудзь зь сямі розных груп, што працуюць у пані Донны, едуць на які-небудзь фэстываль у Беларусь бясплатна. На жаль, мэцэнатаў, каб заплаціць 5—7 тысяч даляраў, не знайшлося.
Вы спытаецеся: чаму я пішу гэтыя радкі? Рэч у тым, што Джон А.Эксьнішас прыяжджаў у Беларусь у 1993—1995 г. пяць разоў з цыклем сэмінараў «Чаму нацыянальны бізнэс абавязаны адыгрываць актыўную ролю ў дэмакратычнай унутранай палітыцы?». Апрача тытульнага пытаньня, бізнэсоўцам і першым актывістам дэмакратычных рухаў тлумачылі, як пісаць бізнэс-пляны, раздаючы спэцыяльныя брашуры — каб малады бізнэс Беларусі мог цывілізавана наладзіць сувязі з навакольным сьветам. На жаль, гісторыя нашай краіны пайшла ня тым шляхам, і карысныя ўрокі пакуль мала выкарыстоўваюцца. Таму, калі я пачуў пра няшчасьце, што абрынулася на любімы горад, я напісаў Джону.
«У маім доме, адказаў Джон 20 кастрычніка, толькі прабіла дах, таму заліло дажджом усе тры паверхі ды ў падвале стаяла 90 сантымэтраў вады. Мы, як і многія больш багатыя белыя сем’і, пасьпелі своечасова зьехаць. Ужо тыдзень назад вярнуліся дахаты. У доме нават ёсьць электрычнасьць і газ. Многія раёны аднаўляюцца, у дзелавым і гістарычным цэнтры — дзякуй богу, і ў Францускім квартале — кіпіць жыцьцё. Яны пацярпелі мала. Аднак многія кварталы будуць аднаўляцца гадамі, а многіх не аднавіць зусім. І самае страшнае — чалавечыя зграі, галота, адкіды грамадзтва. Кожны офіс у горадзе абрабаваны, за чатыры кварталы ад мяне марадэры спалілі цэлы квартал. Але няма злога бяз добрага — на месца атлусьцелых на сацыяльных дапамогах гультаёў ужо запрошаны руплівыя мэксыканцы, якія актыўна працуюць на будоўлях і ў іншых ня вельмі прэстыжных галінах».
«Слухай, — напісаў я Джону, — давай прыдумаем праграму: простыя беларускія людзі едуць адраджаць Новы Арлеан (хоць грошы заробяць — на такіх заробках падымалася сялянская гаспадарка Беларусі пачатку XX ст. Можа, гісторыя паўторыцца?)».
«А што, — адказвае ён, — усе гатэлі гораду, што аднаўляюцца, цяпер аддаюць пад часовае жытло будаўнікам. Тых, каму не хапае месца, селяць за 100—120 міль і возяць на працу вахтавым мэтадам. Калі пасольства ЗША ў Менску падтрымае ініцыятыву і людзі паедуць афіцыйна — якая розьніца, ці нам дапамогуць мэксыканцы, ці беларусы. Заадно і са сваім беспрацоўем справіцеся». У саміх ЗША ўзровень беспрацоўя адзін з самых нізкіх у сьвеце — каля 5%. Які ён у нас, самі ведаеце, толькі БТ ня трэба слухаць.
На гэтым і вырашылі. Дарэчы, пасольства ЗША паставілася да ініцыятывы станоўча, і цяпер ідзе падрыхтоўчая праца для ажыцьцяўленьня ідэі. Ідэя была агучана 16 лістапада ў КЗ «Менск» на фэстывалі «Блюз жыве ў Менску».
Генадзь Старыкаў, якому таксама неабыякава, што адбываецца ў Новым Арлеане, засьпяваў спэцыяльна створаную кампазыцыю — «Блюз Новага Арлеану». Жыве горад «Дому сонца, якое ўзыходзіць»!
Каментары