У Мазырскім раёне сусед шуфлікам забіў пажылую пару і забраў 500 рублёў
Жудасную карціну выявіла дачка загінулай пары: у згарэлым доме яна знайшла целы яе бацькоў, паведамляе СК.
Здарэнне адбылося ўвесну, зараз сталі вядомы падрабязнасці. З боку ўсё выглядала як няшчасны выпадак, аднак следчыя з прыцягненнем спецыялістаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, агледзеўшы целы пенсіянераў, высветлілі, што іх смерць носіць крымінальны характар, а падпал дома — гэта толькі спроба схаваць сляды цяжкага злачынства.
Жанчына была моцна збітая і, паводле заключэння экспертаў, на момант пажару ўжо была мёртвая. На целе мужчыны таксама меліся множныя траўмы, але высновы спецыялістаў несуцяшальныя: яго смерць наступіла ў выніку атручвання чадным газам.
Прааналізаваўшы сабраныя матэрыялы, следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі выйшлі на след 35-гадовага суседа, які з-за хвіліннага гневу забіў металічным саўком сямейную пару.
У ходзе допыту мужчына распавёў, што ведаў суседзяў з дзяцінства і не раз звяртаўся да іх па дапамогу, у тым ліку для вырашэння фінансавых праблем. Жыхар Мазырскага раёна адзначыў, што ў канцы лютага гэтага года ён пазычыў у пенсіянеркі 3000 расійскіх рублёў (каля 100 беларускіх) і абяцаў вярнуць на працягу некалькіх дзён.
Па заканчэнні абумоўленага тэрміну, мужчына прыйшоў да суседкі папрасіць адтэрміноўку вяртання доўгу, так як грошай у яго не было. Падчас размовы пенсіянерка выказала сваю незадаволенасць, што і стала матывам для забойства.
Схапіўшы металічны шуфлік, 35-гадовы мужчына нанёс некалькі ўдараў жанчыне па галаве і целе. На яе крыкі з пакоя выйшаў пажылы мужчына, якому таксама дасталася: раз'юшаны фігурант накінуўся з саўком і на яго.
Пасля ўчыненага забойства мужчына абшукаў дом і выкраў усе грошы, якія знайшоў. Затым падпаліў дом і сышоў. Разумеючы, што рана ці позна міліцыя будзе яго шукаць, ён схаваў сваю куртку са слядамі крыві, а таксама спаліў выкрадзены кашалёк і скрываўленыя пальчаткі.
Падчас расследавання крымінальнай справы следчыя высветлілі, што сума выкрадзенай маёмасці склала крыху больш за 500 рублёў.
Мужчына раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, мае на ўтрыманні непаўналетняе дзіця.
Падчас праверкі паказанняў на месцы ён у падрабязнасцях распавёў і паказаў, як забіваў пенсіянераў.
На падставе сабраных доказаў яго дзеянні кваліфікаваныя следствам па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яму можа пагражаць смяротная кара.
Каментары