Хвастоў: Беларусь не мае патрэбы ў спецдакладчыку Рады ААН па правах чалавека
Беларусь не мае патрэбы ў спецыяльным дакладчыку або іншых падобных інстытутах. Аб гэтым заявіў прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў, выступаючы на сесіі Рады ААН па правах чалавека, дзе вечарам 4 чэрвеня абмяркоўваецца справаздача спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харашці.
Паводле слоў Хвастова, гэты даклад выкарыстоўваеца для таго, каб аказаць палітычны і эканамічны ціск на Беларусь.
«Беларускі народ не мае патрэбы ў спецдакладчыку. Мы ведаем, якія ў нас ёсць праблемы, і гатовы іх вырашаць, — заявіў Хвастоў. —
У нас ёсць свая мадэль, якая заснавана на нацыянальным суверэнітэце, бяспецы і вяршэнстве закона. Мы адхіляем усе абвінавачанні, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе, і заяўляем, што высновы даклада для нас непрымальныя».
У сваю чаргу прадстаўнік Еўрасаюза адзначыла: не выклікае сумнення, што ў дакладзе адлюстраваны сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Яна падкрэсліла, што ЕС глыбока занепакоены працягам парушэння правоў грамадскіх актывістаў, ціскам на палітычных апанентаў, пераследам журналістаў, а таксама прымяненнем у краіне смяротнай кары.
«Мы заклікаем беларускі ўрад выканаць усе рэкамендацыі, выкладзеныя ў дакладзе, у тым ліку неадкладна вызваліць палітзняволеных, расследаваць усе выпадкі катаванняў і несправядлівых прыгавораў, увесці мараторый на смяротную кару», — сказала прадстаўнік ЕС.
Каментары