У нямногіх краінах сілавы апарат мае такія памеры, як у Беларусі.
Слова «сілавік» прыйшло ва ўсе мовы свету з Расіі 1990-х. Менавіта там, у той перыяд «пасля перамен» людзі са зброяй, найвышэйшыя чыноўнікі, звязаныя з міліцыяй, арміяй, спецслужбамі, набылі асаблівы ўплыў.
Што тычыцца Беларусі, то, напрыклад, на дзяржаўным агенцтве БЕЛТА пад тэгам «сілавыя структуры» можна адшукаць навіны пра МУС, КДБ, Міністэрства абароны, Следчы камітэт, ААЦ, Раду бяспекі, Камітэт судовых экспертыз, КДК, Памежны і Мытны камітэты, Генеральную пракуратуру, Службу аховы прэзідэнта.
Следам за Лукашэнкам мы таксама праводзім знаёмства з айчыннымі сілавымі ведамствамі. Прапануем звярнуць увагу на некаторых іх прадстаўнікоў.
КДБ
КДБ мае рэпутацыю самай магутнай спецслужбы. Пры гэтым Лукашэнка бясконца тасаваў кіраўнікоў Камітэта, нярэдка даваў публічны адлуп ім (Сцяпану Сухарэнку, Вадзіму Зайцаву). Са з’яўленнем ААЦ «чэкісты» крыху страцілі ўплывовасці.
Менавіта КДБ вядзе большасць палітычных справаў. У турме КДБ знаходзіліся палітвязні пасля Плошчы-2010. Як казаў адзін з сённяшніх намеснікаў Леанід Дзядкоў, у задачы Камітэта ўваходзіць у тым ліку і барацьба з «няправільным кірункам думак».
Прапануем звярнуць увагу: Алег Чарнышоў
Алег Чарнышоў. Кіраўнік спецназа КДБ «Альфа». Фота БЕЛТА. |
Кіраўнік спецназа КДБ «Альфа». Але гэта зусім не «бык-качок». Гэта адзін з наймацнейшых інтэлектуалаў у сілавых ведамствах краіны. Шмат гадоў ён займаўся праблемамі тэрарызму, быў намеснікам начальніка Інстытута нацыянальнай бяспекі, кандыдат юрыдычных навук.
Як адзначае Святлана Калінкіна, кіраўнікі «Альфы» мяняюцца значна радзей за старшынь КДБ.
МУС
Самае шматлікае сілавое ведамства Беларусі. Міліцыя сутыкнулася з праблемай. Заробкі супрацоўнікам трэба павялічваць, але няма чым. Таму ў МУС пачынаюцца вялікія скарачэнні. Людзей стане менш, за гэты кошт плаціць ім будуць больш. У структуру МУС уваходзяць не толькі оперы, але і ўнутраныя войскі (спецназы), якія і выкарыстоўваюцца ў «бруднай справе» разгону акцый пратэсту і фізічных рэпрэсій супраць іншадумцаў.
Прапануем звярнуць увагу: Юрый Караеў
Юрый Караеў. Намеснік міністра, камандзір унутраных войскаў. Фота spec-by.ucoz.ru. |
Намеснік міністра, камандзір унутраных войскаў. Караеў паспеў пакамандаваць як мінскім спецназам, так і ўручанскім з часткі 3214, якой раней кіраваў Дзмітрый Паўлічэнка. Вядома, што цеснае знаёмства звязвае яго з ахоўнікам прэзідэнта Андрэем Уцюрыным і яшчэ адным былым спецназаўцам Юрыем Падабедам. Дарэчы, Падабед пасля сыходу з дзяржслужбы знайшоўся ў службе аховы кампаніі «Трайпл», г.зн. мультымільянера Юрыя Чыжа.
Міністэрства абароны
Ніколі не прэтэндавала на лідарства сярод сілавікоў. У барацьбу за ўплыў і кантроль над бізнесам не ўмешваліся ні дасведчаны Мальцаў, ні былы ахоўнік Лукашэнкі Жадобін. У беларускім войску ёсць асобныя ўзорныя часткі, якія могуць не саступаць НАТАўскім, аднак у большасці беларуская армія захавала традыцыі, а разам з імі і заганы Савецкай арміі — спадзяванне на «авось», савецкую этыку, п’янства. Пры гэтым грамадства армію любіць — армію любяць ва ўсіх краінах свету.
Прапануем звярнуць увагу: Алег Дзвігалёў
Алег Дзвігалёў. Намеснік міністра, камандуючы ВПС Беларусі. Фота mod.mil.by. |
Намеснік міністра, камандуючы ВПС Беларусі. Ягоная пасада крыху нагадвае сядзенне на парахавой бочцы. Ён ужо чацвёрты кіраўнік ВПС за тры гады. Ігара Азаронка пасадзілі ў турму, Сяргея Лемяшэўскага звольнілі з фармулёўкай «за правіны, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужбоўца», Дзмітрыя Пахмелкіна — за шведскі «медзведзіроўшчык». Што будзе з 48-гадовым ураджэнцам выспы Вітэ Алегам Дзвігалёвым?
Следчы камітэт
Аналаг амерыканскага ФБР. Раней следчыя працавалі пры Генеральнай пракуратуры. У Следчы камітэт сабралі сапраўды найлепшых прафесіяналаў сваёй справы. У палітычных расправах СК пакуль сябе не запляміў. Станаўленне камітэта праходзіла пад кіраўніцтвам сённяшняга старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка.
Прапануем звярнуць увагу: Валянцін Шаеў
Валянцін Шаеў. Старшыня Следчага камітэту. |
Старшыні Следчага камітэту яшчэ далёка да пенсіі, а гэта значыць, што ён яшчэ можа пайсці на павышэнне. Зрабіў кар’еру ў Віцебскай і Гомельскай абласцях з іх высокім узроўнем злачыннасці, а не ў цэнтральным апараце пракуратуры. Калегі характаразуюць яго як «добрасумленнага і стараннага супрацоўніка».
Аператыўна-аналітычны цэнтр
Самая таямнічая спецслужба краіны. Выказвалася меркаванне, што стваралася па ініцыятыве Віктара Лукашэнкі як супрацьвага КДБ. «Чорная сотняй» гэтая арганізацыя не стала. Гэта хутчэй інтэлектуальны цэнтр.
Вядома, што ў прамыя абавязкі ААЦ уваходзіць кантроль за інтэрнэтам. Зрэшты, рэпрэсіўных крокаў у гэтым кірунку заўважана не было. Па словах Лукашэнкі, у цэнтры працуе менш за 100 чалавек. Цэнтр сядзіць у непасрэднай блізкасці да Адміністрацыі прэзідэнта — у будынку былой Нацыянальнай бібліятэкі на Кірава.
Прапануем звярнуць увагу: Уладзімір Рабаволаў
Уладзімір Рабаволаў. Намеснік старшыні ААЦ. Фота БЕЛТА. |
Менавіта вакол яго запрашэння на канферэнцыю АБСЕ ў Вену зламалі шмат дзідаў. Звяртае ўвагу той факт, што гэты чалавек адкрыты для кантактаў нават з незалежнай прэсай. Што кантрастуе з кіраўніком ААЦ Сяргеем Шпегуном, які застаецца ў цяні.
Рада бяспекі
Менавіта гэтая структура кантралюе і каардынуе дзейнасць усіх праваахоўных органаў, рыхтуе аналітычныя запіскі на імя Лукашэнкі. Праз Раду бяспекі прайшлі ключавыя асобы ў атачэнні кіраўніка краіны — Віктар Шэйман, Урал Латыпаў, Генадзь Нявыглас. Сённяшні дзяржсакратар Леанід Мальцаў хоць і з’яўляецца інтэлектуальна моцным, але не мае такога ўплыву, як ягоныя папярэднікі.
Прапануем звярнуць увагу: Віктар Лукашэнка
Віктар Лукашэнка. Член Рады Бяспекі. |
Старэйшы сын кіраўніка дзяржавы заняў другое месца ў рэйтынгу «НН» самых уплывовых людзей краіны. Ягоны ўплыў вялізны. Менавіта Віктар кіруе сілавікамі.
Камітэт судовых экспертыз
Наймаладзейшая сілавыя структура. Утвораная толькі ў красавіку сёлета. Гэтае ведамства аб’яднала экспертаў падраздзяленняў МУС, МНС, войска, Мінюста. Адной з прычын стварэння камітэта называлася эканомія грошай. Бо цяпер сродкі на экспертызы будуць ісці толькі ў адно месца. Дый штат будзе істотна меншым, чым ва ўсіх структурах разам. «Ежедневнік» назваў камітэт судовых экспертыз яшчэ адной «ваенізаванай» структурай.
Прапануем звярнуць увагу: Андрэй Швед
Андрэй Швед. Старшыня Камітэту следчых экспертыз. Фота Сяргея Гудзіліна. |
Адзін з найбольш перспектыўных следчых. Некалі Лукашэнка аддаваў належнае ягонаму прафесіяналізму. Зорным часам Шведа стала расследаванне справы аб выбухах у мінскім метро. У найвышэйшых эшалонах працу палічылі ўзорнай, хоць у незалежных назіральнікаў заставалася шмат пытанняў. Цяпер Швед узначаліў новы камітэт.
Памежны камітэт
Аляксандр Лукашэнка быў памежнікам, і з гэтай простай прычыны цяпер памежнікі ў фаворы. Іх даволі многа ў розных іншых сілавых ведамствах. Ні ў адной іншай краіне яны не маюць такога прэстыжу. Ну, памежнікі і памежнікі. «Ідэальны памежнік максімальна падобны да каменя, фізічна і інтэлектуальна», — пакепліваюць з іх калегі-мытнікі.
Прапануем звярнуць увагу: Юрый Церцель
Юрый Церцель. Начальнік пагранічнага спецназа — АСАМ. Кадр з фільма, прысвечанага падраздзяленню. |
Начальнік пагранічнага спецназа — АСАМа (Асобная служба актыўных мерапрыемстваў). Юрый Церцель не свеціцца на экранах, яго толькі нядаўна паказалі ў фільме, прысвечаным 20-годдзю АСАМа. З пасады начальніка АСАМа выходзілі Генадзь Нявыглас і Ігар Рачкоўскі. У АСАМе служылі Віктар і Дзмітрый Лукашэнка. Дарэчы, у КДБ служыць Іван Церцель, ці не брат Юрыя.
Мытны камітэт
Праз гэтае ведамства плывуць мільярды грошай. Усё праходзіць праз мытню: і дарагія энерганосьбіты, і шмоткі.
«Калі ты адпрацаваў пяць гадоў на мытні і не збудаваў сабе катэджа, значыць, ты нейкі ненармальны», — жартавалі ў Гродне і Брэсце, дзе мытня доўгі час была залатым дном, Эльдарада, якое спакусіла і прывяло ў турму не адну сотню людзей. Даходзіла да таго, што сумленныя мытнікі стараліся перайсці з аўтамабільных пераходаў на чыгуначныя. Там было менш шанцаў сутыкнуцца з інтарэсамі карупцыйных груп.
Мытнікі шмат разоў трапялі ў карупцыйныя скандалы. Пракурор Святлана Байкова вяла справу супраць брэсцкіх мытнікаў, а ў выніку сама села ў турму. Мытнікі ў Брэсце былі шэрымі схемамі цесна звязаныя з КДБ.
Па меры развіцця рынкавых адносін экспартна-імпартныя аперацыі сталі лепш рэгулявацца, стала менш лазеек, і ў апошнія гады крымінальных справаў на мытні таксама паменела.
Прапануем звярнуць увагу: Аляксандр Шпілеўскі
Аляксандр Шпілеўскі. Старшыня Мытнага камітэта. |
Старшыня камітэта. Скончыў Вышэйшую школу КДБ. Нямнога засталося чыноўнікаў, якія б займалі сваю пасаду нязменна на працягу апошніх 12 гадоў. Шпілеўскаму ані ў знак скандалы і звальненні. Ён ужо, дарэчы, дасягнуў пенсійнага ўзросту, але такіх людзей проста так не спісваюць.
Генеральная пракуратура
Магчымасці гэтай структуры ўплываць на ход крымінальных справаў зменшаныя. Гэта ўдарыла па карумпаваных пракурорах. Спачатку частку абавязкаў забралі МУС і КДБ. Яшчэ большы ўдар па пракуратуры быў нанесены стварэннем Следчага камітэта, які забраў асноўныя справы.
Прапануем звярнуць увагу: Аляксей Стук
Аляксей Стук. Намеснік генеральнага пракурора. Фота Сяргея Гудзіліна. |
Быў пракурорам на працэсе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Некалькі разоў запляміў сябе выпісваннем ордараў на ператрусы ў іншадумцаў і ў офісах незалежных СМІ. Намеснік генеральнага пракурора.
Камітэт дзяржкантролю
Пасля таго, як да КДК далучыўся Дэпартамент фінансавых расследаванняў, камітэт фактычна пераўтварыўся ў асобную спецслужбу. Ягоная роля большая, чым была ў Камітэта народнага кантролю ў савецкі час. Фінансавая міліцыя затрымлівала многіх чыноўнікаў і бізнесменаў. Гэта структура, якой рэальна баяцца.
Прапануем звярнуць увагу: Ігар Маршалаў
Ігар Маршалаў. Намеснік дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Фота kgk.gov.by. |
41-гадовы намеснік дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Палкоўнік фінансавай міліцыі. Зямляк Лукашэнкі. Шмат гадоў адпрацаваў у Гомельскай вобласці. Летась быў пераведзены ў Мінск. Дарэчы, крэсла дырэктара Дэпартамента на сёння пустуе, Маршалаў адзін з галоўных прэтэндэнтаў, каб яго заняць.
Служба аховы прэзідэнта
З абавязкамі гэтай структуры ўсё абсалютна зразумела ўжо з назвы. Вядома, што яна падзяляецца на проста ахову (сочыць за аб’ектамі, дзе знаходзіцца кіраўнік краіны) і асабістую ахову. Больш прэстыжным лічыцца быць у асабістай ахове.
Дакладных лічбаў аб штаце службы аховы Лукашэнкі няма, аднак колькасць целаахоўнікаў, якія перамяшчаюцца следам за кіраўніком дзяржавы, вялізная. А ёсць жа яшчэ службы, якіх не бачна. Магчыма, Служба аховы дублюе і ўзаемакантралюе іншыя спецслужбы. У сваіх выступах Лукашэнка не раз называў Службу аховы крыніцай інфармацыі па тых ці іншых тэмах. Штабкватэра Службы аховы месціцца ў някідкім, але ёмістым будынку былога Штаба грамадзянскай абароны на вуліцы Бабруйскай, каля вакзала.
Прапануем звярнуць увагу: Андрэй Уцюрын
Андрэй Уцюрын. Начальнік Службы аховы прэзідэнта. |
Ён заўсёды на людзях сядзіць побач з Віктарам Лукашэнкам. Нарадзіўся ў Пензе, але гадаваўся ў Беларусі. Ягоны бацька быў кіраўніком вайсковай часці спецназа 3214. Служба аховы — добры плацдарм для найвышэйшых прызначэнняў. Прыклады Бародзіча і Жадобіна гэта пацвярджаюць.
Каментары