Шрайбман назваў краіны, якія маглі б весці перамовы з Лукашэнкам
Аналітык мяркуе, што ЕС такія перамовы весці не стане.
У новым выпуску ток-шоу «Гадзіннічак цікае» сярод іншага абмяркоўвалася пытанне, хто на Захадзе гатовы быў бы размаўляць з рэжымам.
«Пры ўсёй павазе да ЕС, гэты суб'ект мы можам выносіць за дужкі. Брусэль — гэта не суб'ект, які будзе з Лукашэнкам весці перамовы вакол і пасля гэтых выбараў», — выказаў сваё меркаванне аналітык Арцём Шрайбман.
Як ён патлумачыў, гэта немагчыма бюракратычна:
«У цябе надта шмат унутры краін, якім пляваць на Беларусь. (…) Яны проста будуць плыць у фарватары існуючай палітыкі, пакуль не адбудзецца нешта радыкальнае.
А ёсць краіны, каторыя дастаткова жорстка супраць змены гэтай палітыкі. І пакуль ёсць такое жорсткае лобі супраць любых не проста перамоваў, а нават гнуткасці афіцыйнай сённяшняй пазіцыі ЕС, то хто будзе старацца і навошта яго пераадольваць? У цябе ёсць Польшча, Літва, Латвія, Швецыя, ну магчыма, ужо і Германія з гэтага боку. І ўсе з адным падыходам.
Калі ты нейкая ўмоўная Славакія, нават калі ты Італія — вялікая краіна, так табе патрэбны Лукашэнка, каб ладзіць унутры ЕС нейкія скандалы на гэтую тэму? Не. Проста бюракратычна гэты механізм не прыстасаваны для тонкай настройкі».
Шрайбман адзначае, што размаўляць з Лукашэнкам могуць толькі асобныя краіны. «Для мяне суб'екты ляжаць у двухбаковых адносінах. Гэта Вашынгтон, Варшава (калі захочуць нейкія лакальныя [пытанні] па Пачобуту, пагранпераходах), Лондан.
Брытанія больш не звязана еўрапейскай палітыкай. І нядаўна з'ехаў пасол з Мінска. Зараз прыехаў часовы павераны. І ў прынцыпе, калі яны захочуць, яны могуць паспрабаваць пагандлявацца адносна прыезду пасла. Напрыклад, каб выпусціць людзей».
Аналітык заўважае, што ў Вялікабрытаніі няма такой жорсткай пазіцыі, як у ЕС і асобных краін Захаду:
«Афіцыйная пазіцыя Вялікабрытаніі па Беларусі — гэта як афіцыйная пазіцыя Вялікабрытаніі па Руандзе, Мазамбіку. Гэта нешта настолькі трэццяроднае, што пазіцыя можа выпрацоўвацца сярэднім узроўнем бюракратыі па меры таго, якіх мэтаў цяпер можна дасягнуць.
Пазіцыя ёсць у Польшчы, Літвы, ЗША. Брытанія, такія краіны, якія далёкія, у якіх ёсць некаторы люфт, яны могуць усё ж такі быць больш гнуткімі менавіта з-за таго, што Беларусь для іх не так важная».
Каментары