«Калі чуеш свіст куляў над галавой, гэта не надта прыемна». Былы палітвязень — пра няўдалыя ўцёкі за мяжу
«Наша Ніва» пагутарыла з былым палітвязнем, які спрабаваў нелегальна ўцячы з краіны, але трапіў за краты. Ён аналізуе, што пайшло не так.
Наш суразмоўца спрабаваў перасекчы заходнюю мяжу Беларусі ў 2021 годзе. Незадоўга да таго на мужчыну завялі палітычную крыміналку, але далі такую меру ўтрымання, якая пакідала магчымасць збегчы.
Спачатку Алесь (імя змененае) паспрабаваў вылецець з Расіі ў Турцыю, але яго знялі з рэйса. Былі і іншыя спосабы перасекчы мяжу, але яны аказаліся для мужчыны занадта дарагія на той час.
Тады ён вырашыў паспрабаваць самастойна перабегчы з напарнікам заходнюю мяжу Беларусі:
«Нам падказалі месца, дзе можна гэта зрабіць. Разумеў, што цалкам давяраць гэтым людзям нельга, тым больш калі яны ўжо некалькі разоў пераводзілі людзей праз гэты пункт, за гэтым месцам могуць сачыць. Шмат чаго ўсведамляў, бо тады меў багата знаёмых памежнікаў.
Мне параілі пераходзіць мяжу ў іншым месцы — зрушыцца на некалькі кіламетраў у адзін ці іншы бок. Але былі людзі, якія абяцалі нас туды завезці, і за гадзіну да часу выезду яны сказалі, што нікуды не паедуць — маўляў, баяцца. Пасля гэтага за намі пачалі сачыць».
Алесь расказвае, што калі ён з напарнікам прыехаў у раён пераходу мяжы, яны былі на машыне з нумарамі таго рэгіёну, дзе і збіраліся ўцякаць з краіны — маўляў, спецыяльна выбралі машыну, якую ў горадзе будуць успрымаць як сваю. Аднак хутка мужчыны пабачылі, што за імі ездзіць машына ДАІ, праехалі некалькі колаў па райцэнтры, але машына пастаянна была на хвасце.
Паводле суразмоўцы, урэшце яны змаглі адарвацца ад даішнікаў, а потым кінулі машыну. Алесь з напарнікам зрабілі выснову, што іх «здалі» тыя людзі, якія абяцалі іх адвезці на месца, але адмовіліся ў апошні момант.
Дзеля бяспекі мужчыны вырашылі трошкі змяніць месца пераходу:
«Мы выйшлі ў лесе за 3,5 кіламетра ад месца, дзе нас пазней затрымалі, і проста прабеглі гэтыя 3,5 кіламетра па лесе і палях.
Прабеглі лес, трапілі на поле і вырашылі паўзці. Паўзлі ў высокай траве, каб нас не было бачна, недалёка ездзіла сельскагаспадарчая тэхніка — трактары, камбайн. Не тое каб мы ўжо бачылі той бок, але па мапе заставалася прабегчы апошнюю лесапаласу, і яе дыстанцыя прыкладна 250-300 метраў. За ёй няма плота, ёсць толькі ўзараная кантрольна-следавая паласа».
Перад апошняй лесапаласой уцекачы пабачылі, што да іх бяжыць памежнік, і самі вырашылі бегчы да мяжы. Алесь спасылаецца на словы знаёмых памежнікаў: маўляў, калі проста бяжыш і ніяк не супраціўляешся, то-бок не страляеш у памежнікаў, не кідаеш у іх камяні, у твой бок не мусяць страляць, асабліва ў кірунку мяжы.
Але выйшла па-іншаму:
«Спачатку ён [памежнік] бег за намі і крычаў, каб мы спыніліся, мы не спыняліся. Тады ён выстраліў два разы ў паветра і чатыры — па нас. Ні ў кога не трапіў, але калі ты чуеш свіст куляў над галавой, гэта не надта прыемна і ты пачынаеш трошкі задумвацца пра жыццё. З двух іншых бакоў нас заганялі два іншыя памежнікі, і потым нам сказалі, што дзеля нас паднялі ўвесь памежны атрад. Так што мы былі вырачаныя.
Мы спыніліся, пасядзелі на зямлі, пакуль да нас дабягуць памежнікі. Першы прыбег той, хто страляў, наставіў на нас зброю, потым прыбеглі астатнія. На нас надзелі кайданкі і павялі да машыны памежнага атрада, а там ужо стаялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа».
Мужчына заўважае, што іх з напарнікам затрымлівалі сілавікі адразу з некалькіх структур. Ля аддаленай вёскі адначасова аказаліся прадстаўнікі Дэпартамента аховы, ГУБАЗіКа, ДАІ, памежнікі і супрацоўнікі пятай структуры, якую Алесь не памятае. Такое супадзенне ён называе дзіўным, тым больш што гэтыя структуры не надта звязаныя ў сваёй дзейнасці.
Уцекачоў прывезлі ў памежны атрад, туды прыехалі губазікаўцы з абласнога цэнтра. Яны, кажа суразмоўца, пацвердзілі здагадкі ўцекачоў пра тое, што за імі сачылі ад іх выезду з Мінска. А потым прыйшоў фельчар і памерыў затрыманым ціск — у абодвух мужчын верхняя лічба ціску была вышэй за 220, хаця яны, кажа Алесь, адчувалі сябе добра. Ён тлумачыць гэта выкідам адрэналіну, калі ўцекачы не надта ўсведамлялі, што адбываецца.
Далей быў суд па адміністратыўцы за спробу нелегальнага перасячэння мяжы, вынікам сталі штрафы. Што да крыміналкі, з якой пачыналася гісторыя, то пасля спробы збегчы мужчыне змянілі меру ўтрымання і перавялі ў СІЗА. Потым ён адбываў палітычны тэрмін у адной з беларускіх калоній.
Згадваючы няўдалыя ўцёкі, Алесь аналізуе, што пайшло не так:
«Можна было б усё зрабіць нашмат хутчэй і па больш кароткай дыстанцыі, проста мой таварыш не ўмеў плаваць. Гэта быў бы пераход у бок Украіны, але цяпер там усё замініравана, так што шлях небяспечны.
Але і на нашым шляху можна было дзейнічаць па-іншаму — не расказываць дэталі нікому і не шукаць людзей, якія табе дапамогуць. Чым менш людзей ведае, тым прасцей гэта зрабіць».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«У СІЗА мы з мамай прыдумалі ўмоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў
«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень
Афіцэр-пагранічнік, які прайшоў праз турму, расказвае пра жыццё «да» і «пасля» дый не шкадуе слоў пагарды для амапаўцаў
Каментары