Грамадства9393

Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да студыі Давыдзькі: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча

Нядаўна старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька запрасіў у эфір праграмы «Клуб рэдактараў» Сяргея Лушча — лідара прарасійскай арганізацыі «Румол» (ад «Русь молодая») — разам з ім Давыдзька абмяркоўваў лістападаўскі нумар «Нашай Нівы».

З’яўленне кіраўніка «Румола» ў эфіры цэнтральнага беларускага канала навяло «Нашу Ніву» на думку расказаць чытачам пра жыццёвы шлях Лушча, які яшчэ зусім нядаўна быў «валхвом» неанацысцкай паганскай секты «Схорон Еж Славен», а цяпер стаў госцем дзяржаўнага тэлебачання.

Найперш, хто такі Сяргей Лушч? Сябе ён пазіцыянуе як рускага, які жыве ў Беларусі, выступае за еднасць славян і ідэалы «рускага свету», яму 33 гады.

Ён — «намеснік старшыні кардынацыйнай рады кіраўнікоў грамадскіх аб'яднанняў расійскіх суайчыннікаў у Рэспубліцы Беларусь».

Падначаленая Лушчу арганізацыя «Румол» актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Фонду Гарчакова і «Рассупрацоўніцтва», актывісты ладзяць мерапрыемствы па раздачы георгіеўскіх стужак, розныя семінары-дыялогі «расійскіх суайчыннікаў» ды іншае.

Той жа ж прыезд чарнасоценскага прапагандыста Старыкава і іншых гастралёраў у Мінск і Магілёў арганізоўваў «Румол».

Словам, рух цалкам выконвае дэклараваную мэту пашырэння рускай культуры ў Беларусі і стварэння «безбар’ернай рускамоўнай прасторы».

Менавіта Лушч — асноўны ідэолаг і рухавік «Румола», ён яго і стварыў на пачатку 2000-х.

«Наша арганізацыя ўзнікла на базе Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Русь» у 2004 годзе і была яго моладзевым крылом. Паступова калектыў развіваўся і ставіў перад сабой новыя амбітныя мэты. У 2010 нашая арганізацыя была афіцыйна зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі», — расказваў сам Лушч выданню «Саюз».

Як фарміраваліся славянафільскія погляды Сяргея Лушча?

Вось тут і пачынаецца самае цікавае.

Праз свае крыніцы «Наша Ніва» здабыла шакуючыя падрабязнасці ідэалагічнай эвалюцыі кіраўніка «Румола».

Гэтае фота зроблена ў 2007 годзе — у лесе пад Мінскам, выкінуўшы рукі ў нацысцкім вітанні, стаяць удзельнікі паганскай антысеміцкай секты «Схорон Еж Славен» — яны святкуюць вяселле пары сваіх паплечнікаў (на фота злева).

У якасці госцяў запрошаныя скінхеды і сябры беларускага аддзялення экстрэмісцкай арганізацыі «Нацыянал-сацыялістычнага адзінства» (Рус — НСО).

Сам Лушч на верхнім фота ў кадр не трапіў, але ён галоўны на гэтым свяце, гэта па ягоным закліку людзі «зігуюць» — ён «волхв», які праводзіць абрад. 

Вось ён ніжэй на тым жа свяце, у сіняй вопратцы валхва, лёгка пазнаюцца «маладыя». 

«Схорон Еж Славен»

Што там увогуле адбываецца? — спытаеце вы. 

«Схорон Еж Славен» — гэта паганска-неанацысцка-антысеміцкая арганізацыя, якую стварыў і дагэтуль узначальвае «Народны гаспадар, жрэц усіх славян, вярхоўны волхв усея Русі Уладзімір Багуміл ІІ Галяк, Ярк Воўк Схорон Еж Словен Жрэцкага войска славянскага народа» (Уладзiмiр Галякоў). 

Секта створаная ў Расіі, але мае свае аддзяленні ў «Бела Русі», «Мала Русі», «Чырвона Русі» і гэтак далей. 

Ідэалогія грунтуецца на некалькіх «святых» кнігах, напісаных «Багумілам»: «Сонцаварот», «Трызна», «Сполах»; і нясе традыцыйныя для неанацысцкіх суполак на постсавецкай прасторы ідэі аб абранасці «славянскай нацыі» і шкодніках-жыдах.

«На славянскай зямлі толькі адзін народ — славяне, астатнія — намі не забітыя», — вытрымка з багумілаўскай «Размовы Духоўнага цара Усёй Русі з жыда-хазарскімі прыхвастнямі». 

Удзельнікі секты пакланяюцца камяням, якія паліваюць півам ці квасам, а таксама ўтыкаюць у свае алтары халодную зброю, што сімвалізуе ахвярапрынашэнне.

Галоўны антаганіст — «Чарнабог», у самаробныя ідалы якога ўдзельнікі секты кідалі нажы падчас абрадаў. 

Вось узор «капішча», перад ім стаіць Лушч (твар быў замазаны аўтарам фота). Фота больш свежае, з іншага мерапрыемства «Схорон Еж Словена» у 2009 годзе.

Удзельнікі рытуалаў называюць сябе «Славенамі» ад слоў «слава» і «вена»: маўляў, у іхніх венах цячэ кроў слаўных славян. 

Гэтыя тлумачэнні, як і іншыя дэталі абрадаў і вопраткі, выдумляў «Багуміл Другі», які выводзіць сваю біяграфію ад нейкіх «наўгародскіх валхвоў XII стагоддзя». 

«Багуміл ІІ» у цэнтры.

Сваёй мэтай цэнтральная рада «Схорон Еж Славена» называе ўз'яднанне «падзеленых славянскіх плямёнаў» і захоп улады, дакладней, «мірны пераход улады ад неславянскага кіравання ў нашыя законныя і прагныя да ўлады рукі. Улада дасць нам костку, мяса, тлушч і магчымасці».

Адэпты секты «Багуміла» таксама выступаюць супраць «дзясяткаў стагоддзяў юда-хрысціянскай акупацыі». На пытанне, як спалучалася ягонае «раднаверства» з хрысціянскімі догмамі, Лушч «Нашай Ніве» не адказаў.

Азнаёміцца з тэорыямі вешчуна «Багуміла» можна, паглядзеўшы гэтае відэа за 2011 год — ён выступае ў адной з беларускіх школ, дзе адміністрацыя па недаглядзе прадаставіла памяшканне пад сходку ягоных адэптаў. 

«Вярхоўнага волхва» запрасіла беларуская філія арганізацыі. 

У паказальнай прамове «волхв» расказвае пра ўладу «меншасці» (габрэяў) над «славянскай большасцю», не аднойчы ўскідае правую руку ў нацысцкім вітанні, гукаючы словы «Слава Русі — смерць нерусі! Слава роду — смерць уродам!» З залы ўсе ягоныя воклічы хорам паўтараюць. 

Таксама як узор — «абрад» «парушэння царства Іўдзейскага». 

А вось фота з мерапрыемства філіяла «Схорон Еж Словена» у «Чырвона Русі».

Дадаць штосьці цяжка, апроч таго, што знамёны падазрона нагадваюць лагатып «Румола» — падзелены на чатыры часткі ромб з кропачкамі; толькі што ў «Румола» гэты сімвал на чырвоным, а не чорным фоне. 

Знамя «Румола». Сяргей Лушч з георгіеўскай стужкай на пінжаку праваруч. 

Таксама нам удалося здабыць відэа на пацеху гледачам, дзе «Багуміл ІІ» і Сяргей Лушч разам у кадры: «волхв Вечаслаў» — такое імя ў псеўдапаганстве ўзяў сабе Лушч — трымае за руку свайго ідэйнага начальніка, патрэсваючы сякерай «Перуна». 

«Багуміл» у гэты момант заклікае «адсякаць ад сябе інародных».

Гэтае відэа зроблена пад Мінскам у 2012 годзе, калі «Румол» ужо даўно дзейнічаў. 

Дарэчы, каб рукапакласціся ў «валхва» «святога войска славянскага», трэба было персанальна з'ездзіць у Расію да «Багуміла» і прайсці навучанне — гэтак сам «волхв усіх славян» апісаў нам працэдуру. 

Мы звярнуліся да Сяргея Лушча з просьбай адказаць на пытанні «НН» адносна ягонай дзейнасці ў «Румоле» і секце «Схорон еж славен», аднак ён адмовіўся, спаслаўшыся на занятасць.

Асабліва ўспрымаюцца пасля гэтага супольныя мерапрыемствы «Румола» і Праваслаўнай царквы.

Пра ідэалагічныя перакананні былых «прыхаджан» Лушча, а цяпер актывістаў «Румола», таксама варта сказаць пару словаў з улікам таго, што «Румол» — рухавік розных акцый памяці да ўгодкаў заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. 

«88» — частка лічбавай абрэвіятуры неанацыстаў, лічба значыць падвоенае «H» у лацінскім алфавіце: «Хайль Гітлер». 

Вось зусім нядаўняе фота — хто пазнае ў гэтым хлопцы, што абдымаецца з Лушчом і носіць стылізаваную майку «88», раздатчыка георгіеўскіх стужак у Мінску? 

Вось яшчэ адзін з кіраўнікоў «Румола» на момант першых гадоў працы арганізацыі. 

Вось яшчэ адзін паплечнік Лушча — «палітычны аналітык «Румола» Сяргей Смірноў разважае пра Гітлера ў каментарах да фота на сваёй старонцы «УКантакце»…

Дарэчы, сумнавядомы «бацюшка са свастыкай» таксама браў удзел у мерапрыемствах «Румола», адно з якіх разагналі фанаты футбольнага клуба «Партызан». 

Як бачым, у арганізацыю па прасоўванні «рускага свету» сабраліся персанажы з няяснымі, часам экстрэмісцкімі ідэаламі і кумірамі.

Пры ўсіх намаганнях схаваць свае ранейшыя прыгоды, яны не ў стане сцерці ўсяго.

Дзіўна, што асобныя кіраўнікі дзяржаўных СМІ даюць трыбуну такім людзям.

Каментары93

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца8

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →